Цэнтр даследванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта абвяшчае конкурс на атрыманне 25 стыпендый на двухгадовае навучанне ў магістратуры.
Праграма разлічана на кандыдатаў з Усходняй Еўропы, Балканаў (не з ЕЗ), Каўказа і Цэнтральнай Азіі.
Кандыдаты павінны мець навуковыя дасягненні і/або вылучацца арганізацыйнай актыўнасцю і мець перспектывы выкарыстання набытых у Польшчы ведаў у краіне паходжання, у розных галінах навуковага жыцця і грамадскай дзейнасці.
У праграму навучання ўваходзяць пытанні гісторыі і сучаснасці Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, Расіі і ўсёй посткамуністычнай прасторы. Асаблівая ўвага надаецца гісторыі, нацыянальным і паліталагічным праблемам, разглядаюцца таксама пытанні гісторыі мастацтва, літаратуры, культуры, сацыялогіі, геаграфіі, дэмаграфіі, права, эканомікі і інш. Праграма прадугледжвае таксама вывучэнне адной мовы рэгіёна.
Навучанне вядзецца па шасці спецыяльнасцях:
- Усходняя Еўропа;
- Цэнтральная Еўропа;
- Балканы;
- Расія;
- Каўказ;
- Цэнтральная Азія.
Фінансавыя ўмовы
Стыпендыя прадугледжвае:
- вызваленне замежных студэнтаў ад аплаты навучання ў Варшаўскім універсітэце (3000 еўра за год);
- сацыяльную стыпендыю ў памеры 1350 злотых;
- курсы польскай мовы (1 або 2 семестры);
- курсы рэгіянальнай мовы (4 семестры);
- частковую аплату коштаў навуковых паездак на першым курсе навучання.
Каб скарыстацца стыпендыяй, неабходна выканаць умовы, прадугледжаныя рэгламентам Стыпендыі, а таксама падрыхтаваць выніковую пісьмовую магістарскую дысертацыю на польскай мове.
Важныя тэрміны
Да 15 сакавіка 2016 года неабходна даслаць камплект дакументаў на адрас электроннай пошты stypendia.studium@uw.edu.pl.
Да 30 красавіка 2016 года – абвяшчэнне вынікаў першага этапу конкурсу.
1 мая – 15 чэрвеня 2016 года – другі (пісьмовы тэст) і трэці (сумоўе) этапы конкурсу. Адбор будзе праводзіцца на тэрыторыі дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Польшча або, у выключных выпадках, у Польшчы.
1 ліпеня 2016 года – абвяшчэнне спісу абраных стыпендыятаў.
Кандыдаты, якія недастаткова добра валодаюць польскай мовай, будуць залічаны ўмоўна (на падставе вельмі добрых прадметных вынікаў) і будуць абавязаны самастойна вывучаць польскую мову. У сярэдзіне лістапада яны павінны будуць здаць дадатковы экзамен па польскай мове.
Навучанне
Заняткі пачнуцца 5 верасня 2016 года з падрыхтоўчага курсу.
Стыпендыят, які выканае ўсе патрабаванні праграмы, паспяхова скончыць усе семестры, а таксама напіша і абароніць выніковую працу, атрымае дыплом аб паслядыпломным навучанні ў магістратуры Цэнтра даследванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. Дыплом з’яўляецца паўнавартасным дакументам аб заканчэнні ВНУ у Польшчы, які прызнаецца ў краінах Еўразвязу.
Дэдлайн – 15 сакавіка 2016 года.
Паводле by.odb-office.eu