Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды разам з Фундацыяй “Лідары Змяненняў” абвяшчаюць чарговы конкурс на атрыманне стыпендый імя Лэйна Кіркланда ў Польшчы на 2017-2018 навучальны год.
Да ўдзелу запрашаюцца кандыдаты з Украіны, Беларусі, Расіі, Малдовы, Грузіі, Арменіі, Азербайджану, Казахстану і Кыргыстану.
Праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя Праграмы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, а таксама 2-4-тыднёвых прафесійных стажыровак ў дзяржаўных ці прыватных установах.
Заяўкі прымаюцца ад кандыдатаў, якія пасля сканчэння праграмы маюць намер вярнуцца у сваю краіну, каб там прымяняць здабытыя веды і рэалізоўваць праекты, падрыхтаваныя падчас навучання.
Спецыяльнасці, па якіх магчыма навучанне ў Польшчы:
- Эканоміка і кіраванне;
- Адміністрацыя / кіраванне (прадпрымальніцтва, недзяржаўныя арганізацыі, культура, ахова навакольнага асяроддзя, служба аховы здароўя, адукацыя);
- Публічная адміністрацыя (цэнтральныя органы дзяржаўнай улады і органы мясцовага самакіравання);
- Права;
- Грамадскія навукі (грамадская псіхалогія, сацыялогія);
- Палітычныя навукі і міжнародныя адносіны;
- Палітыка развіцця і гуманітарная дапамога.
У 2017-2018 навучальным годзе чакаюць:
- экспертаў, палітыкаў, супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай улады і ўстаноў мясцовага самакіравання;
- прадпрымальнікаў, мэнэджэраў;
- лідараў недзяржаўных арганізацый, грамадскіх і культурных дзеячоў;
- выкладчыкаў ВНУ, журналістаў.
Патрабаванні да кандыдатаў;
- грамадзянства і месца жыхарства ў адной са згаданых краін (уладальнікі дазволу на часовае пражыванне ў Польшчы не могуць прымаць удзел у конкурсе на стыпендыі Кіркланда);
- скончаная вышэйшая адукацыя (ступень магістра);
- узрост да 35 гадоў (у выключных, абгрунтаваных выпадках – да 40 гадоў);
- стаж працы – не менш за два гады;
- веданне польскай мовы – на ўзроўні, дастатковым для ўдзелу ў лекцыях і семінарах, а таксама для напісання дыпломнай працы. Падчас суразмоўя чакаецца валоданне польскай мовай на ўзроўні В1.
Неабходныя дакументы:
- Запоўненая on-line заяўка на ўдзел у Праграме;
- анкета з дадзенымі;
- апісанне праекту – абгрунтаванне мэтаў удзелу ў Праграме Кіркланда разам з прапановамі наконт знаходжання у Польшчы і асабістымі планамі на будучыню (4000- 6000 знакаў з прабеламі);
- два рэкамендацыйныя лісты з апісаннем дасягненняў і кваліфікацыі кандыдата, а таксама перспектываў яго далейшага развіцця і працы як спецыяліста ў сваёй прафесійнай альбо грамадскай галіне (напісаныя на польскай, рускай ці ангельскай мовах), дасланыя электроннай поштай;
- копія дыплома аб вышэйшай адукацыі (у выпадку наяўнасці – таксама копія дыплома кандыдата навук), дасланыя электроннай поштай.
Фінансавыя ўмовы
Стыпендыя складае каля 1800 PLN на месяц. Дадаткова пакрываюцца наступныя выдаткі: кошт навучання, пражыванне ў Польшчы, страхоўка, праезд у Польшчу і з дадому, кошт візы, закупка матэрыялаў і навуковых падручнікаў / дапаможнікаў.
Дэдлайн – 1 сакавіка 2017 года.