ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” запрашае журналістаў, якія жадаюць падвысіць сваё майстэрства і навучыцца працы з відэа, на курс “Стварэнне відэасюжэту ад А да Я”.
Сёння недастаткова быць проста пішучым альбо фотажурналістам – такімі здольнасцямі працадаўцаў не здзівіць.
Задача курсу “Стварэнне відэасюжэту ад А да Я“ — дапамагчы журналістам стаць універсальнымі: прафесійна здымаць, мантаваць відэа, самастойна шукаць тэмы сюжэтаў, працаваць у кадры і за кадрам.
Асаблівая ўвага будзе скіраваная на стварэнне паспяховага сацыяльнага відэа і спосабах прасоўвання ролікаў ў сацсетках, а таксама — на працу ў “палявых умовах”.
Пасля заканчэння курсу слухачы будуць ведаць:
- якія формы відэа сёння ў трэндзе;
- тэорыю драматургіі відэасюжэту;
- якія асноўныя прыёмы робяць відэасюжэт прывабным для гледача;
- усе складнікі паспяховага сацыяльнага відэа;
- пералік тыповых памылак, якія нельга дапускаць падчас планавання, здымак, мантажу сюжэту;
- як трымацца ў кадры, весці анлайн рэпартаж, рабіць апытанку ды інтэрв’ю;
- адказ на пытанне: што патрэбна сучаснаму гледачу і як суаднесці гэта з патрабаваннямі СМІ і спонсараў (для камерцыйных сюжэтаў).
Выпускнікі курсу змогуць:
- самастойна весці відэаздымкі, перадаваць адзнятыя матэрыялы, мантаваць;
- якасна запісваць гук у любых умовах;
- рабіць актуальнае і змястоўване сацыяльнае відэа, а таксама прасоўваць ролікі ў сацсетках;
- працаваць у камандзе.
Да ўдзелу запрашаюцца журналісты, выпускнікі факультэтаў журналістыкі альбо школ маладога журналіста, а таксама студэнты, якія ўжо маюць прафесійны досвед працы ў журналістыцы, але зацікаўленыя ў тым, каб шляхам перакваліфікацыі падвысіць свой “сабекошт” на рынку працы.
Трэнеры: Алесь Баразенка, Алесь Залеўскі, Юлія Коцкая, Наста Шамрэй.
Курс распачнецца 14 студзеня 2017 года ў Мінску і скончыцца 25-26 лютага 2017 года заключнай сесіяй у Вільні для лепшых удзельнікаў пад кіраўніцтвам замежнага трэнера.
Курс складаецца з васьмі заняткаў, якія будуць праводзіцца раз на тыдзень па суботах.
Заяўкі на ўдзел ў навучальным курсе “Стварэнне відэасюжэту ад А да Я“ прымаюцца ад сябраў ГА “БАЖ” па электроннай пошце на адрас baj@baj.by (з пазнакай «Video»).
Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:
1. Кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў).
2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.
Дэдлайн – 10 студзеня да 23:59.