Амбасада ЗША ў Менску абвяшчае конкурс на ўдзел у Праграме імя сенатра Фулбрайта для малодшых выкладчыкаў беларускіх ВНУ на 2016-2017 навучальны год.
Праграма Фулбрайта для выкладчыкаў не прадугледжвае атрыманне вучонай ступені, але дае магчымасць прайсці прафесійную стажыроўку ў адной з навучальных устаноў ЗША.
Мэты праграмы:
- распрацоўка новых курсаў і планаванне рэформы навучальных праграм у сваіх установах;
- павышэнне прафесійнага майстэрства і авалоданне новымі методыкамі выкладання;
- пашырэнне інфармацыйнай базы ў сваёй галіне вывучэння;
- усталяванне доўгатэрміновых прафесійных сувязяў і трывалых кантактаў паміж сваёй навучальнай установай і гасцявым універсітэтам.
Патрабаванні да кандыдатаў:
- быць грамадзянінам Республікі Беларусь і пастаянна пражываць у Беларусі;
- мець дыплом аб вышэйшай адукацыі;
- з’яўляцца выкладчыкам адной з навучальных устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь на момант падачы заяўкі;
- мець вопыт выкладання ў адной з навучальных устаноў вышэйшай адукацыі не менш за два гады;
- добра валодаць ангельскай мовай (адабраныя фіналісты павінны будуць прайсці тэст TOEFL).
Удзельнікі праграмы Фулбрайта ўязджаюць у ЗША па візе J-1, якая абавязвае атрымальніка вярнуцца ў краіну свайго пражывання пасля завяршэння стажыроўкі як мінімум на два гады.
Фінансавыя ўмовы
Праграма спансуецца Дзярждэпартаментам ЗША і прадугледжвае аплату міжнароднага і мясцовых пералётаў, медыцынскага страхавання, штомесячнай стыпендыі цягам усяго перыяду стажыроўкі.
Падача заявак
Зацікаўленым кандыдатам неабходна запоўніць анлайн-заяўку.
Дэдлайн – 5 лістапада 2015 года.
Адбор кандыдатаў на ўдзел у Праграме Фулбрайта праводзіцца ў аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША ў Менску. Папярэдне абраных кандыдатаў запросяць на інтэрв’ю ў лістападзе, канчатковае рашэнне агучаць напачатку 2016 г.