Беларускі камітэт ICOMOS і Міжнародная НДА “ЕўраБеларусь” запрашаюць на канферэнцыю «Права на спадчыну» і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: выклікі і рашэнні», якая адбудзецца ў Мінску 14-15 траўня 2020 года.
Канферэнцыя будзе прысвечаная супольнаму экспертнаму аналізу фактычнай эфектыўнасці Дзяржаўнага спіса як інструмента для захавання аб’ектаў спадчыны ў Беларусі. Па выніках арганізатары імкнуцца сістэматызаваць лепшыя практыкі і прапановы для далейшага развіцця галіновага беларускага заканадаўства.
Асноўныя пытанні папярэдне размеркаваныя па трох тэматычных кірунках:
- Нацыянальны ўзровень: сістэмнае рэгулявання працэсаў аховы і рэстаўрацыі.
- Якую ролю граюць дзяржаўныя экспертныя саветы?
- Ці дастатковы ўдзел грамадскасці ў кіраванні?
- Наколькі аптымальная сістэма ўзгаднення праектных рашэнняў пры рэстаўрацыі і рэканструкцыі помнікаў?
- Як працэдуры Міністэрства культуры ў дачыненні да помнікаў суадносяцца з працэдурамі іншых органаў кіравання?
- Якія катэгорыі ўласнікаў аб’ектаў спадчыны найбольш эфектыўныя?
- Якога кшталту дзяржаўная падтрымка патрабуецца ўласнікам і мясцовым органам кіравання?
- Лакальны ўзровень: мясцовыя праблемы і асаблівасці кіравання аб’ектамі спадчыны.
- Ці могуць рэгіянальныя ўлады або мясцовыя супольнасці браць большы ўдзел у кіраванні аб’ектамі спадчыны? Ці гатовы яны да адказнасці?
- Як зрабіць грамадскія слуханні эфектыўным інструментам прыняцця рашэнняў?
- Што адбываецца з інвестыцыйнай прывабнасцю аб’ектаў пасля ўключэння ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей?
- Ці існуюць эфектыўныя практыкі захавання і аднаўлення аб’ектаў без уключэння ў Дзяржаўны спіс?
- Асобныя катэгорыі спадчыны:
- Як складваецца сітуацыя з гістарычнымі могілкамі, сінагогамі, сядзібамі, храмамі, драўлянай архітэктурай, архітэктурай мадэрнізму, археалагічнымі аб’ектамі і інш?
- Ці сапраўды ўнясенне аб’ектаў у дзяржаўны спіс садзейнічае іх лепшай захаванасці?
- Якім катэгорыям аб’ектаў спіс дапамагае, а для якіх ён не самы эфектыўны?
Выступіць з дакладамі запрашаюцца:
- прадстаўнікі дзяржаўных органаў, адказных за ахову гісторыка-культурнай спадчыны;
- удзельнікі экспертных саветаў па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны;
- супрацоўнікі ўстаноў культуры; прадстаўнікі грамадскасці, а таксама мясцовых супольнасцяў;
- уласнікі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны;
- архітэктары і рэстаўратары;
- даследчыкі і іншыя зацікаўленыя асобы.
Падаць заяўку на ўдзел можна да 20 красавіка 2020 года ўключна праз форму на сайце канферэнцыі, альбо даслаўшы тэкставы файл у фармаце *.doc ці *.docx на электронны адрас icomos.events@gmail.com.
У заяўцы на email абавязкова ўказаць:
- імя і прозвішча дакладчыка;
- месца працы або арганізацыю, якую прадстаўляе дакладчык, яго пасаду;
- электронны адрас і тэлефон дакладчыка;
- назву даклада з пазначэннем прыарытэтнай секцыі (аргкамітэт мае права пераразмяркоўваць даклады па секцыях на ўласны погляд);
- кароткі змест даклада (200-300 словаў).
Умовы ўдзелу:
Праграма канферэнцыі, адрас правядзення ў Мінску і расклад будуць паведамлены не пазней чым за тры тыдні да падзеі.
Удзел у канферэнцыі бясплатны. Выбраныя даклады будуць апублікаваныя. Пры складанні праграмы аргкамітэт мае права пераразмяркоўваць даклады па секцыях.
Праезд і пражыванне ў Мінску адбываецца за кошт удзельнікаў або арганізацый, якія яны прадстаўляюць. Аргкамітэт канферэнцыі пакідае за сабой права адхіляць заяўкі, адмаўляць аўтарам у публікацыі тэкстаў па прычыне неадпаведнасці тэматыкі ці нізкай акадэмічнай/тэхнічнай якасці прапанаванага матэрыяла.