Права на спадчыну: канферэнцыя па захаванню нерухомай спадчыны і помнікаў

Беларускі камітэт ICOMOS і Міжнародная НДА “ЕўраБеларусь” запрашаюць  на канферэнцыю «Права на спадчыну» і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: выклікі і рашэнні», якая адбудзецца ў Мінску 14-15 траўня 2020 года.

Канферэнцыя будзе прысвечаная супольнаму экспертнаму аналізу фактычнай эфектыўнасці Дзяржаўнага спіса як інструмента для захавання аб’ектаў спадчыны ў Беларусі. Па выніках арганізатары імкнуцца сістэматызаваць лепшыя практыкі і прапановы для далейшага развіцця галіновага беларускага заканадаўства. 

Асноўныя пытанні папярэдне размеркаваныя па трох тэматычных кірунках:

  1. Нацыянальны ўзровень: сістэмнае рэгулявання працэсаў аховы і рэстаўрацыі.
  • Якую ролю граюць дзяржаўныя экспертныя саветы? 
  • Ці дастатковы ўдзел грамадскасці ў кіраванні? 
  • Наколькі аптымальная сістэма ўзгаднення праектных рашэнняў пры рэстаўрацыі і рэканструкцыі помнікаў? 
  • Як працэдуры Міністэрства культуры ў дачыненні да помнікаў суадносяцца з працэдурамі іншых органаў кіравання? 
  • Якія катэгорыі ўласнікаў аб’ектаў спадчыны найбольш эфектыўныя? 
  • Якога кшталту дзяржаўная падтрымка патрабуецца ўласнікам і мясцовым органам кіравання?
  1. Лакальны ўзровень: мясцовыя праблемы і асаблівасці кіравання аб’ектамі спадчыны.
  • Ці могуць рэгіянальныя ўлады або мясцовыя супольнасці браць большы ўдзел у кіраванні аб’ектамі спадчыны? Ці гатовы яны да адказнасці? 
  • Як зрабіць грамадскія слуханні эфектыўным інструментам прыняцця рашэнняў? 
  • Што адбываецца з інвестыцыйнай прывабнасцю аб’ектаў пасля ўключэння ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей? 
  • Ці існуюць эфектыўныя практыкі захавання і аднаўлення аб’ектаў без уключэння ў Дзяржаўны спіс?
  1. Асобныя катэгорыі спадчыны:
  • Як складваецца сітуацыя з гістарычнымі могілкамі, сінагогамі, сядзібамі, храмамі, драўлянай архітэктурай, архітэктурай мадэрнізму, археалагічнымі аб’ектамі і інш? 
  • Ці сапраўды ўнясенне аб’ектаў у дзяржаўны спіс садзейнічае іх лепшай захаванасці? 
  • Якім катэгорыям аб’ектаў спіс дапамагае, а для якіх ён не самы эфектыўны?

Выступіць з дакладамі запрашаюцца: 

  • прадстаўнікі дзяржаўных органаў, адказных за ахову гісторыка-культурнай спадчыны; 
  • удзельнікі экспертных саветаў па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны; 
  • супрацоўнікі ўстаноў культуры; прадстаўнікі грамадскасці, а таксама мясцовых супольнасцяў;
  • уласнікі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны; 
  • архітэктары і рэстаўратары; 
  • даследчыкі і іншыя зацікаўленыя асобы.

Падаць заяўку на ўдзел можна да 20 красавіка 2020 года ўключна праз форму на сайце канферэнцыі, альбо даслаўшы тэкставы файл у фармаце *.doc ці *.docx на электронны адрас icomos.events@gmail.com.

У заяўцы на email абавязкова ўказаць:

  1. імя і прозвішча дакладчыка;
  2. месца працы або арганізацыю, якую прадстаўляе дакладчык, яго пасаду;
  3. электронны адрас і тэлефон дакладчыка;
  4. назву даклада з пазначэннем прыарытэтнай секцыі (аргкамітэт мае права пераразмяркоўваць даклады па секцыях на ўласны погляд);
  5. кароткі змест даклада (200-300 словаў).

Умовы ўдзелу: 

Праграма канферэнцыі, адрас правядзення ў Мінску і расклад будуць паведамлены не пазней чым за тры тыдні да падзеі.

Удзел у канферэнцыі бясплатны. Выбраныя даклады будуць апублікаваныя. Пры складанні праграмы аргкамітэт мае права пераразмяркоўваць даклады па секцыях.

Праезд і пражыванне ў Мінску адбываецца за кошт удзельнікаў або арганізацый, якія яны прадстаўляюць. Аргкамітэт канферэнцыі пакідае за сабой права адхіляць заяўкі, адмаўляць аўтарам у публікацыі тэкстаў па прычыне неадпаведнасці тэматыкі ці нізкай акадэмічнай/тэхнічнай якасці прапанаванага матэрыяла.