Стажыроўка ў der Deutsche Bundestag

Нямецкі парламент (der Deutsche Bundestag) сумесна з Freie Universität Berlin, Humboldt-Universität (Berlin), а таксама Тэхнічным універсітэтам Берліну прапануе міжнародную парламенцкую стыпендыю.

Калі: 1 сакавіка – 31 ліпеня 2018 года.
Дзе: Берлін, Нямеччына.

Мэта праграмы – падтрымаць стасункі паміж Нямеччынай і краінай-удзельніцай, усталяваць дэмакратычныя каштоўнасці і талерантнасць, паглыбіць разуменне культурнай разнастайнасці і мірнае суіснаванне разам.

У праграме ўдзельнічае 41 краіна, у тым ліку Беларусь.

Праграма доўжыцца 5 месяцаў і ўяўляе сабой стажыроўку ў Нямецкім парламенце, а таксама мерапрыемствы і семінары. Перад стажыроўкай удзельнікі наведаюць тры партнёрскія ўніверсітэты, дзе яны атрымаюць уводзіны ў мясцовае акадэмічные жыццё. Таксама яны пазнаёмяцца з дэпутатам, з якім будуць працаваць падчас стажыроўкі.

Задачы практыканта / практыканткі

Практыканты будуць актыўна супрацоўнічаць з бюро дэпутата. Ім будуць даручаць розныя заданні:

  • экспертныя распрацоўкі;
  • укладанне прамоў, напісанне артыкулаў і лістоў;
  • падрыхтоўка паседжанняў;
  • рашэнне сакратарскіх абавязкаў.

Да таго ж, практыканты будуць суправаджаць дэпутатаў на паседжаннях камітэтаў, фракцый, нарадаў, у выніку яны атрымаюць уяўленне пра ўнутраныя ўзаемасувязі ў Парламенце, яго функцыі і г.д. Прадугледжана таксама наведванне выбарчай акругі дэпутата.

 

Патрабаванні да кандыдытаў:

  • грамадзянства Беларусі (двайное гармадзянства магчыма);
  • скончаная вучоба ва ўніверсітэце;
  • добрае валоданне нямецкай мовай (узровень – мінімум В2);
  • цікавасць да палітычных і грамадскіх узаемаадносінаў, а таксама да гісторыі Нямеччыны;
  • узрост – да 30 гадоў.

 

Адбор удзельнікаў адбываецца ў два этапы. Першы – праз амбасаду ў Мінску. Абраныя на другую ступень кандыдаты атрымаюць персанальнае запрашэнне на сумоўе восенню/зімой 2017 года.

Каб стаць удзельнікам, неабходна даслаць пералічаныя дакументы:

  • анкету;
  • матывацыйны ліст, у якім кандыдат абгрунтуе сваё жаданне стаць практыкантам (не больш за дзве старонкі);
  • адсканаваны дыплом (арыгінал альбо завераную копію);
  • падцверджанне валодання мовай (сертыфікат);
  • дзве рэкамендацыі;
  • фотаздымак;
  • копія пашпарту

у фармаце PDF (файл трэба назваць сваім імем і прозвішчам) на е-адрас info@minsk.diplo.de.

Фінансавыя ўмовы

Стыпендыя прадугледжвае штомесяцовыя выплаты ў памеры 500 еўра, бясплатнае пражыванне, медыцынскае страхаванне. Таксама вяртаюцца выдаткі на праезд у Берлін і дадому. Стыпендыя фінансуецца Нямецкім Парламентам.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце.

 

 

 

Адрас, па якім можна звярнуцца да выпускнікоў праграмы, – ips.belarus@gmail.com.

Дэдлайн – 30 чэрвеня 2017 года.