БНМС “РАДА” сумесна з нямецкай моладзевай арганізацыяй djo-Deutsche Jugend in Europa пачынаюць штогадовы набор на Міжнародную праграму стажыровак у галіне працы з моладдзю і дзецьмі.
Праграма дае магчымасць прайсці стажыроўку ў моладзевай арганізацыі ў Нямеччыне ці запрасіць у вашу арганізацыю прафесіяналаў / прафесіяналак і актывістаў / актывістак у галіне моладзевай працы з Нямеччыны для абмену вопытам. На 2018 год адкрытыя 6 месцаў: для 3-ох стажораў і стажорак з Нямеччыны і 3-ох з Беларусі. Першыя абмены могуць пачацца ўжо ў траўні 2018 года.
Мэта праграмы – садзейнічанне інтэнсіўнаму абмену вопытам у працы з дзецьмі і моладдзю, стварэнне ўмоў для планавання сумесных міжнародных праектаў. У доўгатэрміновай перспектыве праграма робіць унёсак у далейшае развіццё міжнароднай моладзевай працы ў краінах-партнёрах з дапамогай павышэння кваліфікацыі і нетворкінгу людзей, што занятыя ў моладзевай сферы.
Хто можа стаць стажорам / стажоркай?
У праграме могуць прымаць удзел супрацоўнікі / супрацоўніцы і валанцёры / валанцёркі моладзевых арганізацый-сябраў “РАДА”, а таксама іншых моладзевых арганізацый і ініцыятыў. Прыярытэт пры адборы заявак будзе аддавацца сяброўскім арганізацыям “РАДА”.
Патрабаванні да стажораў / стажорак з Беларусі
- Узрост ад 18 гадоў;
- Веданне нямецкай ці англійскай мовы;
- Вопыт працы / валанцёрская актыўнасць у сферы працы з моладдзю.
Працягласць стажыроўкі
Стажыроўка можа доўжыцца ад 3-x да 4-х тыдняў у перыяд з траўня па снежань 2018.
Патрабаванні да арганізацыі, якая прымае
- арганізацыі , якія прымаюць у Беларусі – сяброўскія арганізацыі “РАДА”, а таксама іншыя моладзевыя арганізацыі;
- арганізацыі , якія прымаюць у Нямеччыне – сябры djo-Deutsche Jugend in Europa на федэральным і рэгіянальным узроўнях.
Фінансавыя ўмовы
Стажорам / стажоркам забяспечваецца бясплатнае пражыванне (пераважна ў гасцявой сям’і). Праца ў межах стажыроўкі не аплачваецца. Нямецкі бок аплачвае страхоўку і дае фінансавую дапамогу ў памеры 20 еўра ў дзень, а таксама пакрывае транспартныя выдаткі ў памеры да 250 еўра.
Каыб прыняць удзел, трэба даслаць на адрас international@rada.fm наступныя дакументы:
- для арганізацый – заяўку з апісаннем плана работы стажора / стажоркі, часовымі рамкамі і неабходнымі моўнымі ведамі ў вашай арганізацыі;
- для ўдзелу ў якасці стажора / стажоркі – рэзюмэ і матывацыйны ліст з указаннем часовых рамак стажыроўкі на англійскай ці нямецкай мове.
Дэдллайн падачы заяўкі – 31 сакавіка 2018.
Больш падрабязнасцей па спасылцы.