Ты студэнт і хочаш рэальна дапамагаць іншым, жадаеш змяняць свет вакол сябе малымі справамі? МПГ “Студэнцкая Рада” – тая прастора, дзе гэта атрымаецца!
“Студэнцкая Рада” шукае апантаных ідэяй зрабіць белы свет прыгожым і справядлівым. Патрабуюцца ідэйныя маладыя людзі, якія хочуць уплываць на адукацыйную палітыку ў Беларусі і праводзіць адвакацыйныя кампаніі.
Хто менавіта патрэбны?
Студэнты:
- юрыдычных спецыяльнасцей, якія гатовы пісаць юрыдычныя заключэнні па зваротах, якія дасылаюць звычайныя студэнты;
- любых спецыяльнасцей, хто мае аналітычныя здольнасці і крышачку вольнага часу, каб збіраць дадзеныя пра парушэнні правоў студэнтаў і апрацоўваць іх;
- журналісты, які гатовы рабіць невялікія расследванні і аналітычныя матэрыялы па праблемах студэнтаў;
- перакладчыкі (пераважна з ангельскай на беларускую);
- маладыя мэнэджары адукацыйных праектаў, здольныя арганізаваць адукацыйны семінар альбо асветніцкі фестываль;
- проста класныя хлапцы ці дзяўчаты, якія гатовы працаваць і развівацца ў вызначаных накірунках.
У каманду “Студэнцкай Рады” патрабуюцца не толькі людзі, якія ўжо маюць досвед грамадзянскай дзейнасці, але і ў якіх такі досвед зусім адсутнічае. Патрэбны ў першую чаргу матываваныя студэнты, якія гатовы развівацца і атрымліваць досвед.
Чым будуць займацца?
Працаваць з электроннымі зваротамі студэнтаў па розных пытаннях адукацыйных правадачыненняў: паступлення і навучання ва ўніверсітэце, размеркавання і пераразмеркавання, пераводу ў іншыя ВНУ, дысцыплінарных спагнанняў, мовы навучання ды гэтак далей.
Апроч юрыдычнай кансультацыі, у залежнасці ад зацікаўленасці валанцёры могуць удзельнічаць у межах адвакацыйных кампаніях у галіне правоў студэнтаў (збор подпісаў, падрыхтоўка артыкулаў у СМІ). А яшчэ арганізатары паслухаюць твае ідэі і пастараюцца іх падтрымаць.
А грошы будуць?
Не, бліжэйшым часам фінансаў не будзе дакладна. .
А што будзе?
Будзе шмат працы для мозгу, фана, новыя, сапраўды вартыя знаёмствы, практычная дзейнасць юрыста (і не толькі), рэкамендацыі і досвед змянення жыцця ў Беларусі, пра які можна будзе распавесці дзецям.
Зацікаўлены?
Дэдлайн падачы заявак – 6 лютага 2017 года. Для гэтага трэба запоўніць форму тут.
Усе пытанні пра набор валанцёраў дасылайце сюды students.rada@gmail.com.