Цэнтр культурнага мэнэджменту (Мінск) і дабрачынная фундацыя “Мистецькі надра” ў межах міжнароднай праграмы TANDEM UKRAINE пачынаюць праём заявак на ўдзел у беларуска-ўкраінскім праекце для мэнэджараў культуры “Create Culture Together”.
Мэта праекта – прадставіць магчымасць для абмену досведам і ўсталявання новых партнёрстваў сярод мэнэджараў культуры Беларусі і Ўкраіны, таксама пазнаёміць удзельнікаў з актуальнай культурай абедзвюх краін.
Да ўдзелу запрашаюцца мэнэджары культуры і куратары з Беларусі, якія працуюць ў галіне візуальнага мастацтва, тэатра, музыкі, кіно, літаратуры, музейнай справы, адукацыі і іншых з досведам працы не менш за адзін год (НДА, дзяржаўныя ўстановы, прыватныя ініцыятывы, асабістыя праекты і інш).
З беларускага боку ў абмене возьмуць удзел 7 чалавек. Асноўныя крытэры для паспяхова праходжання конкурснага адбору будуць:
- матывацыя;
- зацікаўленасць украінскай культурай;
- магчымасць браць удзел ва ўсіх анансаваных мерапрыемствах;
- жаданне рэалізоўваць беларуска-ўкраінскія культурныя праекты.
Праграма праекта:
- 25 верасня – абвяшчэнне вынікаў;
- 1 кастрычніка – сустрэча ўдзельнікаў, абмеркаванне праграмы абмену;
- 6-9 кастрычніка – візіт беларускіх удзельнікаў у Харкаў на Культурны форум “ПогранКульт: ГаліціяКульт“, дзе яны змогуць пазнаёміцца з вядучымі ўкраінскімі куратарамі, арганізатарамі і ўдзельнікамі форуму, наведаць мерапрыемствы праграмы;
- 15 кастрычніка – сустрэча беларускіх удзельнікаў у Мінску, падрыхтоўка публічнага мерапрыемства па выніках візіта на форум;
- лістапад – публічнае мерапрыемства па выніках візіта (фармат вызначаецца ўдзельнікамі);
- лістапад/снежань – падрыхтоўка праграмы 2-дзённага беларуска-ўкраінскага форуму ў сакавіку 2017 года з магчымасцю запрасіць 5 украінскіх куратараў, дзеячоў культуры і мастацтва;
- снежань-сакавік – падрыхтоўка форуму ў Мінску;
- 3-5 сакавіка – форум.
Фінансавыя ўмовы
Усе выдаткі на праезд, харчаванне, пражыванне ў межах візіта ў Харкаў, а таксама частковае фінансаванне арганізацыі форуму беларуска-ўкраінскай культуры ў Мінску пакрываюцца дабрачыннай фундацыяй “Мистецькі надра” пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Нямеччыны, European Cultural Foundation і MitOst e.V.
Для ўдзелу неабходна запоўніць анкету па спасылцы.
Дэдлайн – 23 верасня 2016 г.
З арганізацыйнымі пытаннямі можна звяртацца на адрас ccm.minsk@gmail.com.