У Беларусі абвешчаны конкурс на першую незалежную грамадскую стыпендыю для студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Беларусі.
Стыпендыя названая ў гонар выбітнага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, асветніка і навукоўца Аркадзя Смоліча.
Стыпендыю можа атрымаць любы студэнт беларускіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установаў за выбітную грамадскую, культурную і сацыяльную дзейнасць у галіне развіцця грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь.
Памер стыпендыі – 100 беларускіх рублёў на месяц. Стыпендыя выдаецца тэрмінам на 1 год, агульны пачатковы стыпендыяльны фонд складае 1200 рублёў. Падаць заяўку на стыпендыю можна да 1 снежня бягучага году, запоўніўшы анлайн-форму.
Стварэнне стыпендыі імя Аркадзя Смоліча ставіць перад сабой шэраг задачаў, сярод якіх заахвоціць да актыўнай грамадскай, культурніцкай і сацыяльнай дзейнасці беларускае студэнцтва, дэманструючы салідарнасць і фінансавую падтрымку іх пачынанням, а таксама стымуляваць унутраны фандрайзінг для падтрымкі грамадска значных ініцыятываў сярод грамадзянскай супольнасці, бізнэсу і шэраговых грамадзянаў Беларусі.
***
Стыпендыя заснаваная шэрагам некамерцыйных і камерцыйных арганізацыяў, а таксама высілкамі асобных грамадзянаў. Сярод арганізацыяў у стыпендыяльны фонд ахвяравалі: Міжнароднае грамадскае аб’яднанне ЗБС “Бацькаўшчына”, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” (Беларусь), Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятываў (Беларусь), культурніцкая пляцоўка “Арт Сядзіба” (Беларусь), Братэрства Арганізатараў Студэнцкага Самакіравання (Беларусь), Беларускі нацыянальны моладзевы савет “Рада” (Беларусь), праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Рух “За Свабоду” (Беларусь), моладзевая асацыяцыя “StudAlliance” (Літва), Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (Літва), Згуртаванне Беларускай Моладзі ў Амерыцы (ЗША) і глабальная супольнасць “Global Belarusian Leaders”.
Свой асабісты ўнёсак у стыпендыю зрабілі: Кірыл Атаманчык, Максім Марыніч, Ігар Назаранка, Яўген Міхасюк і Аляксандра Кузьміч.
Таксама сярод фундатараў стыпендыі ёсць кампаніі “Vilnius Relax” (Літва) і “UFOX Media” (Беларусь).