Мінскі хаб Global Shapers шукае актыўных маладых людзей у сваю каманду.
Хто такі Мінскі хаб?
Мінскі хаб – каманда маладых людзей, якія ўваходзяць у сусветную супольнасць Global Shapers пад эгідай Сусветнага эканамічнага форуму. Сёння па ўсім свеце дзейнічаюць прыкладна 500 хабаў, што яднаюць маладых людзей са значнымі прафесійнымі дасягненнямі і жаданнем рабіць унёсак у вырашэнне мясцовых і глабальных праблемаў.
Што ён робіць?
Мінскі хаб Global Shapers быў заснаваны ў красавіку 2015 года і цяпер актыўна развівае партнёрскія сувязі ўнутры краіны і па-за яе межамі, стварае стратэгію дзейнасці і канцэпты сацыяльных праектаў, неабходных мясцовай супольнасці.
У канцы студзеня 2016 года адзін з прадстаўнікоў Мінскага хаба возьме ўдзел у сустрэчы Сусветнага эканамічнага форума ў Давосе. Гэта самая прэстыжная штогадовая дзелавая сустрэча ў свеце, на якую з’язджаюцца кіраўнікі дзяржаў, прадстаўнікі вялікіх міжнародных кампаній, выбітныя навукоўцы і грамадскія дзеячы. Зараз Мінскі хаб Global Shapers робіць прапанову для асобнай сесіі ў рамках Давоскага форума.
Місія Мінскага хаба Global Shapers – спрыяць развіццю мясцовай супольнасці, дыскусіі паміж дзелавой, палітычнай і эканамічнай элітай краіны і грамадзянскай супольнасцю. Ён прасоўвае ідэю Hub of Peace – развіццё мінскай пляцоўкі па вырашэнні канфліктаў на постсавецкай прасторы. Апрача гэтага, важны прыярытэт Мінскага хаба – падтрымка адукацыйных праграмаў для беларускай моладзі ў сферы прадпрымальніцтва і нефармальнай адукацыі.
Нягледзячы на кароткі перыяд дзейнасці, Хаб мае шэраг важных дасягненняў. Ён дапамог зладзіць у Беларусі першы моладзевы трэнінг у рамках праграмы Еўрапейскага Звязу Эразмус+. Прадстаўнікі Мінскага хаба паспяхова прайшлі адбор да ўдзелу ў прэстыжных міжнародных сустрэчах – Shape Europe 2015, Shape Eurasia 2015, Штогадовая сустрэча куратараў Global Shapers Community 2015, Давоскі форум – 2016.
Каго шукаюць?
Запрашаюцца актыўныя маладыя людзі, якія:
- маюць 20-29 гадоў, жывуць у Мінску;
- маюць лідарскі патэнцыял і значныя прафесійныя дасягненні – у прадпрымальніцкай, грамадскай дзейнасці і інш.;
- вылучаюцца высокімі маральнымі і інтэлектуальнымі прынцыпамі;
- гатовыя актыўна ўдзельнічаць у супольнасці Global Shapers, спрыяць ягонай місіі і задачам і падтрымліваць калегаў у асобасным і прафесійным развіцці;
- вітаецца досвед у праектнай дзейнасці, працы як у камерцыйных кампаніях, так грамадскіх ініцыятывах сацыяльнай скіраванасці;
- вітаюцца заяўкі ад кандыдатаў жаночага полу, якія задавальняюць апісаным патрабаванням.
Што прапануюць?
Далучыцца да міжнароднай сеткі выбітных маладых лідараў, якія цесна супрацоўнічаюць між сабой для вырашэння глабальных праблемаў. Быць часткай супольнасці Global Shapers – гэта значыць пачынаць і дапамагаць ужо пачатым мясцовым і глабальным праектам, развіваць свае лідарскія якасці праз удзел у праграмах і нефармальных сустрэчах. Удзел у Хабе спрыяе развіццю важных прафесійных сувязяў на нацыянальным і міжнародным узроўні, адчыняе мажлівасць удзелу ў міжнародных сустрэчах Global Shapers Community.
Зацікаўленых маладых людзей, які адпавядаюць патрабаванням, просяць запоўніць электронную форму заяўкі, пасля чаго каардынатары звяжуцца з вамі.
Падрабязней пра Мінскі хаб Global Shapers можна пачытаць тут.