Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў (МАГ) запрашае да абмеркавання пытання даверу ў сучасных посткамуністычных грамадствах. У сувязі з гэтым у Кіеве і Мінску будуць арганізаваныя дыскусіі з удзелам навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
1 этап:
Збор заявак на ўдзел у навукова-практычным семінары
«Давер, адказнасць і сацыяльная згуртаванасць у сучаснай Украіне: досвед і выклікі для краіны і рэгіёну»
(Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў, Аналітычны цэнтр УКУ)
Кіеў, 24-25 траўня 2019
Семінар прысвечаны абмеркаванню адной з найбольш важных праблем сучаснага ўкраінскага грамадства – недахопу інстытуцыйнага і грамадскага даверу, які ўскладняе фармаванне сацыяльнай згуртаванасці. Зварот да прыкладу Украіны стане падставай для асэнсавання крызісу даверу як характэрнай рысы постсавецкіх грамадстваў Усходняй Еўропы. Посткаланіяльны і посттаталітарных досвед усходнееўрапейскіх краін тлумачыць ідэалагічны раскол паміж “мы” /грамадствам/ і “яны” /уладай/, роўна як і складанасці з развіццём “нізавой дэмакратыі” і гарызантальнага ўзаемадзеяння. Пытанне пра давер выступае ў гэтым кантэксце як вызначальнае і патрабуе для свайго асэнсавання не толькі мультыдысцыплінарнага падыходу, але і супрацоўніцтва навукоўцаў і “практыкаў”, якія прадстаўляюць розныя сферы грамадскага жыцця. “Асваенне” дзяржавы як агента інтарэсаў супольнасці прадугледжвае пераадоленне татальнага недаверу і “па вертыкалі” (паміж грамадствам і ўладай), і “па гарызанталі” (паміж рознымі сацыяльнымі групамі). Семінар закліканы растлумачыць умовы і магчымыя шляхі аднаўлення/стварэння гарызантальнага і вертыкальнага даверу ў грамадстве.
Семінар адкрые публічная лекцыя амерыканскага філосафа і палітолага Фрэнсіса Фукуямы (Стэнфардскі ўніверсітэт), які з’яўляецца прызнаным экспертам у пазначанай тэматыцы. Пасля лекцыі адбудзецца круглы стол з удзелам вядомых украінскіх навукоўцаў і экспертаў.
Праграма другога дня семінара будзе ўключаць прэзентацыі і дыскусіі з удзелам навукоўцаў з розных краін рэгіёну, што павінна ўзмацніць крос-культурны кампаратыўны складнік у абмеркаванні заяўленых праблем. Асаблівая ўвага будзе нададзена прыцягненню маладых навукоўцаў і грамадскіх актывістаў як агентаў змяненняў і акадэміі, і грамадзянскай супольнасці ў рэгіёне. Вынікі семінара будуць падведзены на заключным круглым стале з удзелам спікераў з Беларусі і Расіі, на якім плануецца распрацаваць шэраг прапаноў практычнага характару для наступнага публічнага абмеркавання.
Да ўдзелу ў семінары запрашаюцца прадстаўнікі ўсіх сацыягуманітарных дысцыплін, якія цікавяцца названай праблематыкай. Абавязковай умовай з’яўляецца веданне англійскай мовы.
Працоўныя мовы: англійская (першы дзень), беларуская, руская, украінская.
Прыярытэт пры адборы ўдзельнікаў будзе прадстаўляцца сябрам Міжнароднай асацыяцыі гуманітарыяў. Аб самой арганізацыі і ўмовах уступлення ў яе можна даведацца па спасылцы.
Усім удзельнікам будзе забяспечана пражыванне і харчаванне на час правядзення семінара. Пры неабходнасці і пры наяўнасці дадатковага фінансавання (на якое спадзяёмся) арганізатары змогуць даць таксама грант на (частковае) пакрыццё дарожных выдаткаў.
Заяўка на ўдзел у семінары павінна ўключаць:
1) Аўтабіяграфію (CV),
2) Спіс публікацый за апошнія 5 гадоў,
3) Тэму і тэзісы выступу (да 300 словаў).
Тэрмін падачы заявак: да 20 красавіка 2019.
Заяўкі неабходна дасылаць на адрас fenno@ucu.edu.ua (Ірына Фенно).
Пра вынікі адбору ўдзельнікаў будзе паведамлена да 1 траўня 2019.
2 этап:
Удзельнікі кіеўскага семінара, якія прадставяць найбольш цікавыя і абгрунтаваныя ідэі і прапановы, атрымаюць фінансавую падтрымку для паездкі на мерапрыемствы ў Мінску 11-12 чэрвеня 2019.
11 чэрвеня
Публічная лекцыя вядомага палітычнага філосафа, кіраўніцы Цэнтра па вывучэнні дэмакратыі Вестмінстэрскага ўніверсітэта
Шанталь Муфф на тэму «Афекты дэмакратыі»
(Дэпартамент сацыяльных навук ЕГУ, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Раў, Інстытут прыватызацыі і менеджменту)
The Affects of Democracy
«In the lecture, I will examine the crucial role played in politics by what I call ‘passions’ to refer to the common affects that are at stake in the construction of collective identities. Taking my bearings from Spinoza, Freud and Wittgenstein and from the agonistic model of democracy that I have elaborated in several of my writings I will scrutinize the nature of our current ‘post-democratic’ condition and enquire about the affects that need to be mobilized in order to create a collective will able to give a new vigour to the democratic ideals». (Chantal Mouffe)
12 чэрвеня
Круглы стол:
«Давер у грамадстве і калектыўныя энергіі дэмакратычных пераўтварэнняў»
(Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў, Лятучы ўніверсітэт)
Дыскусія, у якой прымуць удзел вядомыя беларускія навукоўцы і грамадскія дзеячы, будзе накіравана на высвятленне сувязі паміж (не)даверам у беларускім грамадстве і (не)здольнасцю грамадзян і асобных сацыяльных груп да самаарганізацыі і дзейным ініцыятывам у інтарэсах развіцця як сваіх лакальных супольнасцяў, так і краіны ў цэлым.
Удзел у круглым стале па папярэдняй рэгістрацыі.
Абвестка аб рэгістрацыі будзе апублікавана пазней.
Кантакт: Марына Штрахава mag@mag-iah.com.