Калі ты хочаш зрабіць сваё лета больш насычаным і цікавым, дапамагаць маляваць муралы розных памераў або проста стаць на некаторы час маці або татам для аднаго з мастакоў, то запаўняй форму і далучайся да каманды!
Пра фестываль у гэтым годзе:
З 29 ліпеня па 11 жніўня фестываль урбан-арту Vulica Brasil адновіцца ў фармаце біенале і апране яшчэ некалькі сталічных будынкаў у фантастычныя ўборы, а ў фінале ўспыхне нейтроннай зоркай свята і весялосці на вуліцы Кастрычніцкай. Распавядаем першыя падрабязнасці пятай «Вуліцы».
Фестываль сёлета працягне пераўтвараць мінскія вуліцы ў мастацкія галерэі: рабіць муралы, скульптуры, графіці, творчыя інтэрвенцыі і нават мікра-стрыт-арт. «У 2019 годзе мы пашырым геаграфічныя гарызонты, – кажа адна з заснавальніц «Вуліцы» Міла Котка. – Акрамя маладых і масцітых мастакоў з Бразіліі і Беларусі, упершыню запросім артыстаў і з іншых краін. Канкрэтныя імёны называць пакуль рана, але дакладна вядома, што сталыя сябры фестывалю блізнюкі OSGEMEOS ужо дадалі Мінск у сваё сусветнае арт-турнэ».