Беларуская асацыяцыя журналістаў запрашае на бясплатны адукацыйны курс для жадаючых навучыцца пісаць аналітычныя тэксты для вэб-рэсурсаў «Варушы мазгамі хутка!» Аналітычная журналістыка ў сеціўную эпоху». Галоўны акцэнт курса — як пісаць аналітыку для вэб-рэсурсаў. Што азначае — пісаць хутка, але разам з тым глыбока і без ляпаў.
На курсе вы навучыцеся:
- знаходзіць тэму, фармуляваць праблему, выбудоўваць канцэпцыю матэрыялу;
- абіраць той ці іншы жанр для найлепшага раскрыцця тэмы;
- пісьменна працаваць з фактурай, экспертамі;
- пераканаўча аргументаваць сваю пазіцыю;
- раскусваць хітрыкі прапаганды, выкрываць фэйкі;
- спалучаць аўтарскае «я» з рознабаковым асвятленнем праблемы;
- трымаць фармат і пры гэтым пісаць выразна, цікава;
- будаваць матэрыялы з улікам спецыфікі інтэрнэту, раскручваць сваю творчасць у сацыяльных сетках;
- абыходзіць пасткі заканадаўства аб СМІ, трымацца прафесійнай этыкі.
Заняткі будуць ладзіцца ў рэжыме інтэрактыву, з акцэнтам на практыку. Вы будзеце не толькі слухаць, але і выконваць творчыя заданні, спаборнічаць.
Асноўны трэнер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі. Майстар-класы ў межах курса правядуць таксама палітолаг Валер Карбалевіч, аналітык «Либерального клуба» Вадзім Мажэйка, SMM-рэдактар «Зялёнага партала» Антон Сурапін.
Да ўдзелу запрашаюцца журналісты з Мінска і рэгіёнаў, студэнты факультэтаў журналістыкі.
У межах курса у Мінску па суботах пройдуць 7 заняткаў. Лепшыя з удзельнікаў пасля заканчэння курса змогуць патрапіць на майстар-клас замежнага трэнера ў Вільню.
Удзел у курсе бясплатны, але колькасць удзельнікаў абмежаваная.
Калі: 15 верасня — 27 кастрычніка
Дзе: Мінск, Вільня
Падаць заяўку на ўдзел можна да 10 верасня, 23:59