Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні пачынае прыёмную кампанію, у межах якой абвешчаны прыём электронных анкет абітурыентаў бакалаўрскіх праграм, які працягнецца да 18 чэрвеня. Прыём анкет на магістарскія праграмы ЕГУ адбываецца да 7 ліпеня.
Абітурыенты бакалаўрскіх праграм, якія не здалі іспыты па эсэ і кампазіцыі, а таксама замежнай мове падчас Дзён адкрытых дзвярэй у ЕГУ, маюць магчымасць зрабіць гэта напрыканцы траўня-напачатку чэрвеня ў цэнтры “Прапілеі” ў Мінску. Па выніках разгляду анкет абітурыентаў Прыёмная камісія прымае рашэнне аб запрашэнні абітурыента на сумоўе ў Вільні. Абітурыенты, якія паступаюць на магістарскія праграмы, мусяць таксама падрыхтаваць праект даследвання па абранаму навуковаму напрамку ў памеры да 4-5 старонак.
Важнай асаблівасцю Прыёмнай кампаніі 2016 года з’яўляецца запуск на старонцы ЕГУ калькулятара рэйтынгу абітурыента, мэта якога – дапамагчы абітурыентам бакалаўрскіх праграм падлічыць свой рэйтынг пры паступленні ў ЕГУ. Такім чынам, з дапамогай калькулятара рэйтынгу кожны абітурыент мае магчымасць падлічыць, якія фінансавыя ўмовы навучання ва ўніверсітэце яму будуць прапанаваныя.
Дэталёвая інфармацыя аб паступленні ў ЕГУ знаходзіцца на адмысловым раздзеле сайта ўніверсітэта.
У 2016 годзе ЕГУ ажыццяўляе набор на бакалаўрскія праграмы:
- «Візуальны дызайн і медыя»;
- «Культурная спадчына і турызм»;
- «Медыя і камунікацыя»;
- «Сусветная палітыка і эканоміка»;
- «Міжнароднае права і права Еўрапейская Саюза»,
а таксама на магістарскія праграмы:
- «Культурныя даследванні»;
- «Гістарычная і культурная спадчына»;
- «Публічная палітыка»;
- «Экзістэнцыйная псіхалогія»;
- «Міжнароднае права і права Еўразвязу».
Фінансавыя ўмовы
Пасля паступлення на бакалаўрскае аддзяленне ЕГУ выдзяляе не стыпендыі, як гэта робіцца ў беларускіх ВНУ, а месцы са зніжкамі ці наогул бясплатныя. Колькасць такіх месцаў неабмежаваная, яна залежыць ад рэйтынгу – балаў, якія абітурыент набірае пры паступленні. Чым вышэйшы паказчык, тым лепшыя фінансавыя ўмовы чакаюць студэнта.
Стыпендыі выдзяляюцца пасля заканчэння першага семестру па выніку конкурсу – тыя, хто найлепей вучыцца, атрымоўваюць іх – 14 грантаў на курс (прыблізна 5 стыпендый на кожную праграму). Таксама студэнты маюць магчымасць падаваць заяўкі на адымысловыя стыпендыі за асаблівыя акадэмічныя дасягненні. Дэталёвы пералік усіх стыпендый – па спасылцы.
З пытаннямі паступлення звяртайцеся, калі ласка, на е-адрас recruitment@ehu.lt альбо па Skype QuestionEHU ці тэлефоне +37052639650.