ЕВС-валанцёрства ў Нямеччыне, Штральзунд

ГА “Цэнтр “Трэці сектар” разам з партнёрамі шукаюць валанцёра_ку на ЕВС-праект у Штральзундзе, Нямеччына.

Пачатак праекта: 1 кастрычніка 2017 года.
Праект будзе доўжыцца 1 год, і скончыцца 30 верасня 2018 г.

Валанцёр будзе працаваць у арганізацыі Jugendkunst e.V.

Чым займаецца арганізацыя

Jugendkunst e.V. , які ладзіць моладзевую мастацкую школу, займаецца сацыяльнай работай з моладзю і таксама працуе ў Музеі друку ў былым паравым млыне, які ўключаны ў спіс гістарычных будынкаў. Розныя працоўныя часткі заўсёды адкрытыя для грамадскасці, дзяцей і падлеткаў, якія прымаюць удзел у мерапрыемствах. Турысты прыходзяць сюды амаль кожны дзень.

Усе праекты ў арганізацыі плануюцца разам, і кожнае рашэнне прымаецца ўсёй камандай. Большая частка працы выконваецца маленькімі камандамі. Што тычыцца працягласці праектаў, матэрыялаў і інструментаў, да кожнай мэтавай групы свой падыход. Тут грае важную ролю ўзрост удзельнікаў і іх здольнасць да канцэнтрацыі.

Групы, з якімі працуе арганізацыя, адрозніваюцца памерам і ўзростам, і ў працы з імі выкарыстоўваюцца розныя тыпы мастацтва і рамёстваў, такія як трафарэтны друк цішотак, друк плакатаў, стварэнне і выраб настольных гульняў на такія тэмы, як маладосць, сяброўства, каханне ці іншыя, што прапануюцца самімі ўдзельнікамі.

У Jugendkunst e.V. таксама ёсць рэгулярныя групы, напрыклад, курсы моладзевай школы малявання альбо моладзевыя майстэрні. Моладзевыя майстэрні наведваюць розныя кірмашы і выставы ў рэгіёне.

Таксама ў будынку музея і моладзевай мастацкай школы знаходзіцца міжпакаленчы працоўны домік і моладзевы клуб для людзей з інваліднасцю, які арганізаваны Kreisdiakonisches Werk Stralsund (рэгіянальны адзел дабрабыту і сацыяльных справаў), з якім наладжана супрацоўніцтва, плануюцца агульныя праекты. 

Валанцёрская праца ў Jugendkunst e.V. азначае працу з рознымі людзьмі ў вялікай камандзе  і рэалізацыю праектаў з групамі, якія адрозніваюцца ўзростам, сацыяльным становішчам, досведам і інш. У дадатак у Jugendkunst e.V. ты даведаешся шмат пра тэхнікі друку.

Патрабаванні

Да ўдзелу запрашаецца беларуская моладзь 18-30 гадоў, якая не прымала ўдзел у доўгатэрміновым ЕВС-праекце. Перавага пры адборы будзе нададзеная моладзі з Гарадзенскай вобласці.

Фінансавыя ўмовы

Праектам забяспечваецца даезд на месца праекта і назад, страхоўка, пражыванне і харчаванне, а таксама кішаньковыя грошы.

Як падацца

Каб падаць заяўку на ўдзел у праекце, патрэбна не пазней за 20 жніўня (пажадана раней) даслаць матывацыйны ліст і рэзюме з наступнай інфармацыяй на адрас 3sektaryia@gmail.com, з пазнакай “Валанцёрства ў Штральзундзе”:

  • Імя, Прозвішча;
  • Пол і Дата нараджэння;
  • Месца нараджэння;
  • Адрас у Беларусі;
  • E-Mail;
  • Нумар тэлефону і скайп або вайбер лагін;
  • Валоданне мовамі (European Reference Framework): Нямецкая, Ангельская, Іншыя;
  • Чым зараз займаешся (вучоба/праца).

А таксама адказы на пытанні:

  • Які ўнёсак у праект ты можаш зрабіць (досвед, інтарэсы, навыкі, веды)?
  • Што для нас важна ведаць пра цябе?
  • Якую маеш матывацыю да ўдзелу ў праекце?
  • Ці ёсць нейкія абставіны ці абавязкі, якія змогуць перашкодзіць табе паехаць на праект на 12 месяцаў з кастрычніка 2017 года?

Праект ладзіцца ГА “Цэнтр “Трэці сектар” разам з  Kultur- und Initiativenhaus e.V  у межах адной з акцый праграмы Еўразвяза “Эразмус плюс” – Еўрапейская валанцёрская служба (EVS).