Амбасада ЗША ў Мінску абвясціла прыём заявак на ўдзел у Летнім трансатлантычным інстытуце імя Бенджаміна Франкліна для школьнікаў і студэнтаў.
Праграма доўжыцца чатыры тыдні, факусуецца на глабальных пытаннях і выкліках перад еўрапейскай і амерыканскай моладдзю па абодва бакі Атлантычнага акіяна.
Да ўдзелу запрашаюцца маладыя людзі ва ўзросце 16-18 гадоў.
Мэта інстытута – развіваць трансатлантыянае супрацоўніцтва, стасункі паміж амерыканскай і еўрапейскай моладдзю ў розных этнічных, рэлігійных і нацыянальных групах; падтрымка маладых лідараў, якія жадаюць дзяліцца сваімі ведамі і навыкамі.
Перыяд праграмы – 24 чэрвеня – 22 ліпеня 2017 года. Лакацыя – Уінстан-Сэйлен, Паўночная Караліна, ЗША.
Інстытут збярэ 45 еўрапейскіх і 10 амерыканскіх удзельнікаў. Беларусь будзе прадстаўляць адзін чалавек.
Удзельнікі даведаюцца больш пра валанцёрскія службы, урэгуляванне канфліктаў, вырашэнне праблем, камунікацыйныя навыкі, крытычнае мысленне, талерантнасць і павагу дзеля разнастайнасці, моладзевага лідарства, цім-білдзінгу. Іх чакаюць розныя актыўнасці кшталту трэнінгаў, сесіяў, варкшопаў, навучальных тураў і культурніцкіх івэнтаў.
Патрабаванні да кандыдатаў:
- быць грамадзянінам Беларусі;
- дата нараджэння – паміж 24 чэрвенем 1998 года і 24 чэрвенем 2001 года (16, 17, 18 гадоў на момант старту праграмы);
- добрае валоданне ангельскай;
- дэманстраваць моцны лідарскі патэнцыял і цікавасць да трансатлантычных стасункаў і дыпламатыі;
- паказваць сур’ёзную зацікаўленасць да вывучэння і спазнання ЗША;
- мець высокі ўзровень акадэмічных поспехаў: выдатныя адзнакі, узнагароды, рэкамендацыі настаўнікаў;
- мець мінімальны досвед ранейшай вучобы ці падарожжаў па ЗША ці не мець наогул;
- быць адказным, незалежным, упэўненым, адкрытым, талерантным, удумлівым, дапытлівым;
- быць у стане звыкаць да культурных і сацыяльных адрозненняў у параўнанні з родной краінай.
Як падацца
Каб стаць удзельнікам праграмы, неабходна запоўніць аплікацыйную форму і даслаць яе на адрас belarusprogram@state.gov, пазначыўшы ў тэме ліста BFTF.
Дэдлайн – 5 сакавіка 2017 года.