Музыкі ва ўзросце ад 19 да 35 гадоў запрашаюцца да ўдзелу ў міжнароднай праграме “OneBeat“. Праграма скіравана на развіццё міжнароднай сеткі творчых, тэхналагічных і сацыяльных інаватараў у галіне музыкі.
Праграма “OneBeat” мае падтрымку з боку Бюро па справах адукацыі і культуры Дзярждэпартамента ЗША і з’яўляецца формай культурніцкай дыпламатыі.
Удзельнікі праграмы змогуць на працягу 1 месяца ствараць, запісваць і выконваць музычныя творы. Праграма дазваляе ствараць арыгінальныя матэрыялы і рэалізаваць новыя музычныя ідэі ва ўласных праектах.
Удзельнікі адправяцца ў гастрольны тур для выканання кампазіцыяў перад шырокай амерыканскай аўдыторыяй у супрацоўніцтве з мясцовымі музыкамі, зладзяць варкшопы для моладзі.
На апошнім этапе праграмы ўдзельнікі падзеляцца планамі на будучыню – па развіцці праектаў у іх родных краінах, па ўмацаванні сеткі сацыяльных прадпрыемстваў у галіне музыкі.
Праграма “OneBeat” – гэта спосаб стварыць новыя музычныя камбінацыі, пасунуць межы музычных тэхналогій і знайсці новыя шляхі ўключэння ўсіх чальцоў грамадства ў працэс музычнай творчасці.
Фінансавыя ўмовы
Арганізатары пакрываюць усе выдаткі ўдзельнікаў, уключна з падарожжам і пражываннем. Таксама прадугледжана фінансаванне паўсядзённых выдаткаў і ганарар у памеры 500 даляраў ЗША.
Прыём заявак ажыццяўляецца па 5 лютага 2016 года. Кандыдаты мусяць зарэгістравацца анлайн.
З дадатковымі пытаннямі, калі ласка, звяртайцеся на гэтую старонку або лістуйце на е-mail 1beat@foundsoundnation.org.
Паводле by.odb-office.eu