Каманда Мапы заўтрашняга дня* і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” абвяшчаюць набор прац на конкурс “Беларусь заўтрашняга дня”.
На працягу восені 2019 года каманда Мапы ездзіць па гарадах і ладзіць Мапатоны**: знаёміцца з мясцовымі актывістамі і ініцыятывамі, якія змяняюць сваё месца да лепшага, мапуе мясцовыя ініцыятывы і арганізацыі і такім чынам стварае Мапу заўтрашняга дня.
З дапамогай конкурсу мы хочам:
● раскрыць рэгіянальныя супольнасці, актывістаў і актывістак, іх арыгінальнасць у вырашэнні мясцовых праблем;
● а таксама даць маладым аўтарам і аўтаркам магчымасць праявіць сябе і падвысіць свой прафесіяналізм.
Каб прыняць удзел у конкурсе, трэба:
1. Пазначыць ініцыятыву на Мапе ці знайсці тую, якая ўжо пазначана.***
2. Сустрэцца з гэтай ініцыятывай (актывістам) і напісаць матэрыял.
3. Апублікаваць артыкул у медыя альбо ў сваім блогу.
4. Да 15.12 даслаць спасылку на гэты матэрыял альбо фотаздымак публікацыі ў мясцовым папяровым выданні на пошту falanster.by@gmail.com . Для зваротнай сувязі ў лісце трэба ўказаць свае імя, прозвішча, нумар тэлефона і электронную пошту.
Па завяршэнні конкурсу аўтар/аўтарка лепшага матэрыяла атрымае прыз — двухтыднёвую стажыроўку ў найстарэйшым беларускім недзяржаўным інфармацыйным агенцтве БелаПАН.
Усе, хто прыме ўдзел у конкурсе, змогуць атрымаць разгорнуты каментар па сваіх артыкулах ад дасведчаных прафесіяналаў у сферы медыя.
Патрабаванні да тэксту:
1. Артыкул павінен быць арыгінальны, які не публікаваўся раней.
2. На Мапе мае быць спасылка на ініцыятыву, пра якую распавядаецца ў артыкуле.
3. Удзельнікам і ўдзельніцам у сваіх артыкулах трэба апісаць, якія тэхналогіі і як выкарыстоўвае ініцыятыва для паляпшэння сваёй працы.
Важныя даты конкурсу:
❖ 15.10 — 15.12 – прыём прац ад удзельнікаў і ўдзельніц;
❖ 16.12 — 14.01 – ацэнка атрыманых прац;
❖ 15.01 — узнагарода пераможцаў;
❖ 16.01 — 31.01 – падрыхтоўка да стажыроўкі;
❖ Люты 2020 года — двухтыднёвая стажыроўка пераможца/пераможцы ў інфармагенцтве БелаПАН
Даведка:
* Мапа заўтрашняга дня (https://mapa.falanster.by/) — гэта інтэрактыўная мапа, дзе кожны можа пакідаць інфармацыю пра грамадскія ініцыятывы ў розных рэгіёнах Беларусі, а таксама шукаць партнёраў ці магчымасці валанцёрства.
** Мапатон — адмысловыя зборы, падчас якіх удзельнікі могуць дадаць на Мапу лакацыю грамадскай ініцыятывы, прапанаваць свае ідэі па паляпэшэнні функцыянавання праекта, а таксама разам абмеркаваць каштоўнасці, дзеля якіх яны працуюць.
*** Удзельнікі могуць наведаць Мапатон, удзельнікі з Мінска маюць шанец далучыцца да каманды Мапы (напісаўшы эсэ пра тое, як тэхналогіі дапамагаюць змяняць грамадства).