Нобелеўская прэмія 2024: узнагароды за адкрыцці ў штучным інтэлекце

У гэтым годзе Нобелеўскай прэміяй адразу ў некалькіх кірунках былі ўзнагароджаны даследчыкі штучнага інтэлекту (ШІ).

Нобелеўскай прэміяй па фізіцы ўзнагароджаныя Джон Хопфілд, ганаровы прафесар Прынстанскага ўніверсітэта США, і Джэфры Хінтан, брытанска-канадскі ганаровы прафесар Універсітэта Таронта. Яны стварылі штучныя нейронавыя сеткі, якія захоўваюць і здабываюць успаміны, як чалавечы мозг, і вучацца на прадстаўленай ім інфармацыі.

91-гадовы Хопфілд быў узнагароджаны за стварэнне «асацыятыўнай памяці, якая можа захоўваць і рэканструяваць выявы і іншыя тыпы шаблонаў у даных», у той час як 76-галовы Хінтан вынайшаў метад, які можа «незалежна выяўляць уласцівасці ў даных», што з’яўляецца важнай асаблівасцю вялікіх штучных нейронавых сетак, якія выкарыстоўваюцца сёння.

Піянерская праца навукоўцаў пачалася ў 1980-х гадах і прадэманстравала, як камп’ютэрныя праграмы, якія абапіраюцца на нейронавыя сеткі і статыстыку, могуць стаць асновай для цэлай вобласці, што праклала шлях для хуткага і дакладнага моўнага перакладу, сістэм распазнання твараў і генератыўнага ШІ, які ляжыць у аснове чат-ботаў, такіх як ChatGPT, Gemini і Claude.

Хінтан, якога часта называюць «хросным бацькам штучнага інтэлекту», трапіў у загалоўкі ў мінулым годзе, калі ён звольніўся з Google, каб свабодна выказаць сваю занепакоенасць магчымай шкодай, якую можа нанесці штучны інтэлект, ад распаўсюджвання дэзінфармацыі і змены рынку працы да пагрозы існаванню чалавека. Адказваючы на ​​пытанне, як штучны інтэлект можа паўплываць на свет, Хінтан сказаў журналістам:

«Я думаю, што гэта будзе мець вялікі ўплыў. Гэта будзе параўнальна з прамысловай рэвалюцыяй. Але замест таго, каб перавышаць людзей па фізічнай сіле, ён будзе перавышаць людзей па інтэлектуальных здольнасцях».

Хінтан сумесна з прафесарам Тэрэнсам Сейноўскі стварыў «машыну Больцмана» — першую нейронавую сетку, здольную фармаваць унутраныя ўяўленні і вырашаць складаныя камбінаторныя задачы. У 2012 годзе Хінтан разам з двума сваімі аспірантамі Іллём Суцкеверам і Алексам Крыжэўскім распрацаваў сістэму AlexNet, якая магла аналізаваць тысячы здымкаў і навучацца распазнаваць звычайныя аб’екты з недасягальнай да гэтага дакладнасцю. Пазней створаны Хінтанам, Суцкеверам і Крыжэўскім стартап DNNResearch выкупіў Google. Праз некалькі гадоў Суцкевер стаў сузаснавальнікам кампаніі OpenAI, якая распрацавала ChatGPT.

Узнагароду ў галіне хіміі падзялілі Дэміс Хасабіс і Джон Джампер з Google DeepMind і вылічальны біёлаг Дэвід Бэйкер за прарыў у прагназаванні і распрацоўцы структуры бялкоў.

Дэміс Хасабіс, брытанскі заснавальнік DeepMind, і Джон Джампер, які кіраваў распрацоўкай ШІ-мадэлі AlphaFold2 для кампаніі, падзяляюць палову прыза. Мадэль прадказвае структуру ўсіх існуючых бялкоў на аснове іх хімічнай паслядоўнасці. Другая палова была прысуджана прафесару Дэвіду Бэйкеру з Універсітэта Вашынгтона, чые вылічальныя даследаванні прывялі да стварэння цалкам новых відаў бялкоў з прымяненнем у вакцынах, нанаматэрыялах і малых сэнсарах.

Бялкі кантралююць і рухаюць усе хімічныя рэакцыі, якія з’яўляюцца асновай жыцця. Яны функцыянуюць як гармоны, антыцелы і будаўнічыя матэрыялы для розных тканін. Місія Бэйкера заключалася ў стварэнні новых бялкоў, якія не існуюць у прыродзе, і ў 2003 годзе яму гэта ўдалося. З тых часоў яго група вырабіла новыя бялкі з шырокім прымяненнем у медыцыне і матэрыялазнаўстве.


Крыніцы: The Guardian пра Нобелеўскую прэмію па фізіцы і па хіміі.