Падкаст, які распавядае, што такое птушынае малако і ў якой ноздры больш валасоў

“Біябурбалка” — гэта навукова-папулярны падкаст, які шукае адказы на простыя і складаныя біялагічныя пытанні разам з беларускімі даследчыкамі і даследчыцамі. Ён з’явіўся ў 2023 годзе, і за адзін сезон аўтарка Аня з аўтарам Мішам зрабілі 20 выпускаў пра сур’ёзныя і не вельмі тэмы, міксуючы біялогію з рознымі галінамі навукі.

У нашай размове Міша і Аня апавядаюць пра матывацыю стварэння і працу над падкастам і запрашаюць вас далучыцца да іх (бія)бурбалкі!

— Распавядзіце пра сябе: чым вы займаецеся, за што адказваеце ў межах “Біябурбалкі”. 

А: Я Аня, генетыкіня і настаўніца біялогіі і хіміі. Зараз працую анлайн рэпетытаркай і раблю “Біябурбалку”.

М: Я Міша, і я скончыў універсітэт па япаністыцы, але цяпер даследую відэагульні і выкладаю гейм-дызайн ва ўніверсітэце. 

А: Першапачаткова планавалася, што я буду адказваць за даследаванне тэм выпускаў і падрыхтоўку нататак, але ў працэсе атрымалася, што мы амаль усё робім разам. Я пачала таксама ўдзельнічаць у рэдагаванні і гукаапрацоўцы, а Міша — у падрыхтоўцы выпускаў.

— Чаму вы вырашылі распачаць весці падкаст?

А: Мяне натхнілі дзве рэчы. Па-першае, падчас працы рэпетытаркай я зразумела, што шмат вучняў і вучаніц хацелі б больш даведацца пра біялогію, прыроду і навакольнае асяроддзе. Але школьная праграма не дазваляе гэтага зрабіць — бракуе часу, бо мы сфакусаваныя на падхрыхтоўцы да тэставання. Таму хацелася стварыць дадатковы рэсурс, дзе кожны і кожная можа задаць пытанне па біялогіі, якое яго / яе цікавіць, і атрымаць на гэтае пытанне адказ.

Па-другое, мая мара — выкладаць біялогію па-беларуску. Але, на жаль, з-за таго, што зараз у большасці школ і ва ўсіх ўніверсітэтах яна выкладаецца на рускай мове, у бацькоў маіх вучняў і вучаніц нярэдка ёсць уражанне, што біялогія па-беларуску — гэта штучная з’ява. Насамрэч, ёсць і навуковыя працы, і ўніверсітэцкія беларускамоўныя падручнікі па біялогіі, і тэрміналагічныя слоўнікі. Напрыклад, батанічнаму слоўніку Зоські Верас ужо сто гадоў! Гэта мне таксама хацелася данесці праз падкаст. З такой ідэяй я і прыйшла да свайго сябра Мішы.

М: Калі Аня распавяла мне пра канцэпцыю падкаста – адказваць на біялагічныя пытанні ад слухачоў і слухачак, у тым ліку пытанні, што датычаць штодзённага жыцця і навакольнага асяроддзя – яна падалася мне вельмі цікавай. Мы пачалі абмяркоўваць ідэю, і падумалі, што было б цікава рабіць выпускі ў фармаце размовы біёлагіні і небіёлага. Да таго ж, у мяне ёсць крыху досведу працы з гукам, і было цікава паспрабаваць выкарыстаць яго ў новым для мяне фармаце падкаста. Так і атрымалася, што я далучыўся да “Біябурбалкі”.

— Якая мэта вашага падкаста і для каго ён?

А: Наша галоўная мэта — стварыць суполку, дзе кожны і кожная можа задаць сваё пытанне па біялогіі і атрымаць на яго адказ. Так, дарэчы, і з’явілася назва “Біябурбалка”. Хацелася стварыць такую інфармацыйную бурбалку, дзе кожны і кожная адчувае сябе ўтульна, і дзе ўсе аб’яднаныя цікаўнасцю да навукі. Ну і акрамя таго, Мішы падалося, што гэта назва проста прышпільна гучыць. 

М: Да таго ж, мы хочам праз падкаст паказаць сувязь біялогіі з іншымі дысцыплінамі. Мы і да падкаста нярэдка ў размовах з Аняй заўважалі, што цікава глядзець на адныя і тыя ж з’явы з розных бакоў – напрыклад, біялогіі і культурнай антрапалогіі. І ў падкасце мы таксама прытрымліваемся такога падыходу.  Напрыклад, мы зрабілі выпуск пра біёніку, дзе распавядаем, як прырода натхняе на вынаходніцтвы ў самых розных галінах даследаванняў, ад архітэктуры да інфарматыкі.

А: Што датычыць мэтавай аўдыторыі, лягчэй за ўсё было б сказаць, што наш падкаст для школьнікаў і школьніц сярэдніх і старэйшых класаў. Але мы вырашылі не абмяжоўваць аўдыторыю ўзростам ці галіной дзейнасці. Аднойчы мне давялося распавядаць пра сваю працу  праграмісту, і ён з такім захапленнем слухаў і задаваў пытанні пра фотасінтэз! Часам дарослыя і адукаваныя людзі могуць не ведаць (ці не памятаць) простыя рэчы з біялогіі. Пры гэтым ім бывае цікава пра гэта даведацца, але ці нямае часу, ці няёмка задаваць базавыя пытанні. Таму ў нашым падкасце задаць пытанне можа кожны і кожная, не саромеючыся.

— Якія тэмы вашых размоў?

А: У падкасце мы адказваем на пытанні аўдыторыі, якія нам дасылаюць на спецыяльны Тэлеграм-акаўнт. Якое пытанне стане тэмай наступнага выпуску, залежыць шмат ад якіх фактараў: колькі нам трэба часу на вывучэнне крыніц, як доўга чалавек чакае адказу, ці магчыма запрасіць у выпуск эксперта / экспертку, або прынамсі атрымаць ад яго / яе каментар. Таксама акрамя пытанняў ад слухачоў і слухачак ёсць яшчэ тэмы, якія мы вырашаем асвятліць самі. Напрыклад, у нас выходзіў выпуск пра біёлагіню-лаўрэатку Нобелеўскай прэміі 2023, а потым мы вырашылі пажартаваць і запісалі размову пра Шнобелеўскую прэмію да Дня смеху.

М: Іншы прыклад: у выпуску пра мікрапластык Аня з экалагіняй Марыяй Сума ўзгадалі тэму грынвошынга*. Так супала, што ў гэты час я ўдзельнічаў у праекце, які ў тым ліку закранаў грынвошынг у відэагульнях. І гэта натхніла мяне зрабіць асобны выпуск на гэту тэму.

А: Таксама неад’емная частка нашага падкаста – гэта размовы з навукоўцамі-беларусамі і навукоўкамі-беларускамі, што працуюць у біялагічных і хімічных лабараторыях па ўсім свеце. Мы запрашаем іх распавесці пра свае даследаванні і пра свой шлях у навуцы. Спадзяёмся, што гэта можа быць карысна ў тым ліку будучым студэнтам і студэнткам, якія вырашаюць, куды паступаць.

* Грынвошынг (ад англ. Greenwashing) — маркетынгавая стратэгія экалагічнага пазіцыявання кампаніі ці паслугі/тавару, калі насамрэч яны не адпавядаюць прыкметам экалагічнасці.

— Ці ёсць у вас тэмы, якія ўсё ніяк не атрымліваецца асвятліць? Што замінае?

А: Даволі доўга чакае адказу адно пытанне пра эвалюцыю чалавека. Пакуль я не адважылася на яго адказваць, бо не хацелася б рабіць гэта павярхоўна, і спачатку мне трэба пракансультавацца з эвалюцыяністамі / эвалюцыяністкамі. Гэта добры прыклад таго, што нашу аўдыторыю цікавяць не толькі простыя, але і вельмі глыбокія і грунтоўныя пытанні – і гэта таксама вельмі натхняе.

— Хто можа стаць госцем ці госцяй вашага падкасту?

А: Мы запрашаем навукоўцаў і навуковак з галіны прыродазнаўчых навук, якія самавызначаюцца як беларусы / беларускі і хацелі б распавесці пра свае даследаванні. Нас цікавяць не толькі самі даследаванні, але і навуковы шлях беларусаў і беларусак як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Усе жадаючыя паўдзельнічаць могуць пісаць нам у прыватныя паведамленні ў Telegram ці Instagram.

— Як вашы прафесіі дапамагаюць ці перашкаджаюць у стварэнні падкаста?

А: Па спецыялізацыі я генетыкіня, а ў падкасце даводзіцца адказваць на пытанні з шмат якіх іншых галін біялогіі. Таму мне дапамагае досвед працы з біялагічнымі крыніцамі. Даводзіцца спраўджваць факты і падбіраць цікавыя прыклады. І ўсё роўна часам слухаю сябе потым і разумею, што некаторыя фармуліроўкі маглі б быць больш дасканалымі. Але ўсё прыходзіць з досведам. Мы робім падкаст для шырокай аўдыторыі, таму распавядаем на даволі простым узроўні. Але і з гэтым у мяне часам бываюць складанасці: я зразумела, што магу выкарыстоўваць біялагічную тэрміналогію, нават не асэнсоўваючы гэтага. Такая вось прафдэфармацыя. Яшчэ для мяне новы навык — весці сацсеткі падкаста. Там таксама ёсць яшчэ, чаму павучыцца. Але я раблю стаўку на шчырасць.

М: Для мяне перашкода нават не столькі ў ведах па біялогіі (бо за гэта ў падкасце адказвае Аня), колькі ў тым, што асноўная праца ва ўніверсітэце займае шмат часу і сіл, і не заўсёды проста знайсці месца для запісу падкаста ў сваім раскладзе. З таго, што дапамагае – калісьці я працаваў у фірме, якая рабіла гульні для айпадаў, і ў тым ліку навучыўся там працаваць з гукам. І вось больш, чым праз 10 гадоў, гэта нечакана мне спатрэбілася. Яшчэ дарэчным апынуўся досвед распрацоўкі лекцый і напісання навуковых артыкулаў, бо ён дапамагае структураваць інфармацыю ў выпусках.

А: Мішаў досвед у даследаваннях гульняў таксама натхніў два выпускі ў першым сезоне: пра гульні для жывёл і пра грынвошынг. А ўвогуле, Міша вельмі эрудыяваны і разнабаковы чалавек! Мяне гэта і ў звычайных размовах з ім вельмі натхняе. А ў межах падкаста ў яго ёсць магчымасць дзяліцца сваімі ведамі ў розных галінах.

— За рэдкім выключэннем, ваш джынгл — “Гаўдэамус”. Чаму такі выбар?

М: Музыка – гэта адзін з нашых з Аняй агульніх інтарэсаў, і пісаць музыку – маё хобі. Калі мы вырашылі рабіць падкаст, мы пераспрабавалі розныя джынглы, але ніяк не маглі вызначыцца. І ў выніку спынілася на “Гаўдэамусе”, бо гэта пазнавальная і сімвалічная мелодыя, якая асацыюецца з адукацыяй. А каб не было нудна, вырашылі кожны раз рабіць яе ў рознай аранжыроўцы, і за рэдкімі выключэннямі прытрымліваліся гэтага канцэпта.

А: А яшчэ мелодыя “Гаўдэамуса” асацыюецца ў мяне з двума гадамі лепшага адукацыйнага досведу ў маім жыцці. Гэта такі сігнал для людзей, якія падзяляюць са мной гэты досвед.

— У сваім апошнім выпуску сезона вы ўзгадваеце, што для 30-40 хвілінных выпускаў нярэдка запісваеце паўтары ці дзве гадзіны размоў. Як вы абіраеце, што ўвойдзе ў выпуск, а што прыйдзецца выразаць?

А: Звычайна ў нас ёсць план выпуска, але няма распісанага па ролях сцэнара, бо нам важна, каб гутарка адбывалася натуральна. Але падчас такой гутаркі ніколі дакладна не ведаеш, куды зойдзе размова. Таму пасля, калі мы рэдагуем выпуск, мы пакідаем тое, што больш датычыць тэмы. Таксама госці падкасту звычайна настолькі адкрытыя і шчырыя, што аповед атрымоўваецца ўжо не толькі пра навуку, але і пра асабістае жыццё. І з гэтага, вядома, мы пакідаем не ўсё. Дарэчы, шмат з якімі гасцямі мы знаёмімся акурат з нагоды падкасту. І нашыя размовы прыносяць неверагоднае натхненне! Вялікі дзякуй навукоўцам і навукоўкам за энтузіязм, з якім яны пагаджаюцца ўдзельнічаць у выпусках!

Мабыць вы можаце падзяліцца нейкай цікавай размовай, якую ўсё ж прыйшлося выразаць?

А: Зразумела, што за дваццаць сезонаў набралося шмат такіх кавалкаў, што не ўвайшлі. Зараз усё і не ўзгадаеш. Але што мы намагаемся рабіць, дык гэта захоўваць цікавыя ўрыўкі з нашых размоў з гасцямі, якія давялося выразаць.

М: Усё пачалося з таго, што калі мы запісвалі выпуск з Дзмітрыем Лукашанцам, у яго было так багата цікавых гісторый, што пакінуць хацелася літаральна ўсё, а магчымасці не было. І вось у нас застаўся па-за межамі выпуска кавалак, дзе Дзмітрый распавядаў пра свой удзел у экспедыцыі на Шпіцберген, і ў прыватнасці пра тое, што можа адбыцца, калі група палярнікаў / палярніц, у якіх розныя родныя мовы, сустракаецца з белым мядзведзем. Нам вельмі падабаўся гэты кавалак, і проста сэрца крывёю аблівалася, што не атрымалася яго выкарыстаць. Пасля з’явіліся яшчэ такія кавалкі, што засталіся з размоў з іншымі гасцямі. Таму ў апошнім выпуску сезона мы вырашылі імі падзяліцца.

— Вы ўжо выпусцілі цэлы сезон — 20 выпускаў. Што змянілася за гэты год? Што далей?

М: Ну, па-першае, мы сталі лепш уяўляць, як робяцца падкасты, і нам падаецца, што цягам першага сезону якасць выпускаў змянілася ў лепшы бок. А зараз мы рыхтуем другі сезон. Амаль усе тэмы наступных выпускаў ужо вызначаныя сыходзячы з пытанняў, што мы атрымалі ад слухачоў і слухачак. Але ў нас па-ранейшаму застаецца прастора для новых пытанняў, і мы плануем працягваць запрашаць у падкаст гасцёў-навукоўцаў / госцяў-навуковак.

А: Таксама мы плануем паспрабаваць новы фармат: рабіць па два выпускі, дзе ў першым я адказваю на пытанне па біялогіі, а ў другім Міша распавядае цікавую інфармацыю па той жа тэме, але з іншай галіны навук. Гэта дасць магчымасць нам з Мішам праяўляцца ў якасці аўтара і аўтаркі ў роўнай ступені. А таксама такім чынам мы яшчэ больш пашырым у “Біябурбалцы” інтэрдысцыплінарны падыход.

— Якія, на ваш погляд, выпускі, што абавязкова павінны паслухаць усе?

М: Паколькі розных людзей цікавяць розныя пытанні, нам не хацелася б вылучаць асобныя выпускі. Мы прапанавалі б праглядзець апісанні выпускаў – бо назвы далёка не цалкам раскрываюць, пра што пойдзе гаворка – і пачаць з тых, якія вас больш зацікавілі.

А: Ёсць некалькі выпускаў, якасць якіх магла б быць лепш – але ў іх таксама шмат цікавай інфармацыі. Напрыклад, мы б не раілі пачынаць знаёмства з “Біябурбалкай” з першага выпуска, бо гэта быў найпершы выпуск падкаста, які мы зрабілі ў сваім жыцці, і гэта заўважна. Але ў гэтым выпуску ёсць цудоўны расповед клеткавага біёлага Сашы Даменікана пра тое, як ён даследуе працэсы навучання ў дрожджаў! І гэта нельга прапусціць.

— Як вас магчыма падтрымаць?

А: Слухачы таксама часта пытаюцца пра грашовую падтрымку падкаста, таму мы абавязкова нешта прыдумаем! Сачыце за навінамі на нашых старонках.

М: Якія тэмы цікавяць вас у біялогіі? Дасылайце нам свае пытанні, слухайце нас і падпісвайцеся на “Біябурбалку”.

Instagram | Telegram | YouTube | Spotify | Apple Podcasts | Castbox | Internet Archive (вольна даступны ў Беларусі)