Пяць прычын, чаму мне не падабаецца вучоба ў Швецыі

Соня Емяльянава год правучылася на магістарскай праграме «Міжнароднай міграцыя і этнічныя ўзаемаадносіны» у шведскім Мальмё. Наперадзе яшчэ год вучобы, але ўжо цяпер дзяўчына разумее, што гэта апынулася не тым, чаго яна чакала ад адукацыі за мяжой. Таму мы прыводзім пяць аргументаў, якія варта ўлічваць тым, хто плануе паступаць за мяжу — асабліва ў Швецыю.

Соня Емяльянава. Фота: асабісты архіў гераіні

Занадта тэарэтычная прастора

— Я абрала гэтую праграму, бо мая праца шчыльна звязаная з тэмай, і я спадзявалася дадаць да сваіх практычных ведаў тэарэтычную базу. Аднак апынулася, што мы проста чытаем па 200-300 старонак акадэмічных тэкстаў на тыдзень, якія пасля некалькіх месяцаў зліваюцца ў адзін тэкст. Я думала, такі фармальны падыход да выкладання характэрны для ВНУ постсавецкай прасторы, але ў Швецыі гэта таксама так.

Адсутнасць пляцоўкі для дыскусій

— Пасля гэтай горы прачытанага мы нічога не абмяркоўваем. Мы прыходзім на лекцыю, дзе выкладчыкі і выкладчыцы даюць нам выціску з прачытанага ці распавядаюць пра нешта сваё. Кожныя 3-4 тыдні мы маем іспыт, дзе на пытанні трэба адказаць выключна паводле прачытаных кніжак: гэта робіцца, каб праверыць, што мы прачыталі літаратуру. Там ёсць абмежаванні па колькасці знакаў, і трэба моцна сціскаць думкі, каб атрымаць патрэбны па структуры тэкст. Гэта моцна абмяжоўвае тое, што я хачу сказаць.

У нас няма заняткаў, дзе запытваюцца нашыя думкі. За ўвесь год такое здарылася двойчы: напрыклад, на адным занятку нас папрасілі падзяліцца траўмамі, звязанымі з нашай этнічнасцю. Але мае аднагрупніцы з Ірану проста рыдалі на гэтым семінары, а аднагрупніцы з Даніі не знайшлі, што распавесці, пасля чаго выкладчык проста зрабіў выснову, што ўсе мы ў пэўныя часы сутыкаемся з пераследам наконт этнічнасці.

Мальмё. Фота: асабісты архіў гераіні

Мая група нават хадзіла да куратара праграмы, спрабуючы патлумачыць, чаму гэта было небяспечна і не мела ніякай адукацыйнай вартасці. Мы казалі, што не варта распавядаць пра свае траўмы дзеля адзнакі. Нам паабяцалі, што скаргу разгледзяць, але нешта змяніцца можа толькі праз 2-3 гады. Другі занятак такога кшталту быў у фармаце дэбатаў — і гэта было самае цікавае, што здарылася з намі за гэты год.

З аднаго боку, гэта дае табе свабоду: ты сам вырашаеш, на якія лекцыі хадзіць, маеш прастору для самаадукацыі і можаш сам размяркоўваць свой час. Тут 2-3 лекцыі (каля шасці гадзін) на тыдзень, а астатняе — прастора самаадукацыі, бясконцыя спісы літаратуры і шмат пляцовак, дзе можна браць інфармацыю. Да таго ж сістэма пераздач тут дастаткова лаяльная. Але з іншага — у гэтым адсутнічае пляцоўка для любой дыскусіі. Гэта выгладяе як выключна аднабаковае ўзаемадзеянне выкладчыкаў і выкладчыц з аўдыторыяй.

Аднабаковасць выкладчыцкіх падыходаў

— Думаю, праблема ўзнікае праз аднастайнасць выкладчыцкага стану. Наогул у нас каля 7-10 выкладчыкаў, усе яны — даследчыкі і даследчыцы. Па іх бачна, што яны проста прыйшлі адпрацаваць свае выкладчыцкія гадзіны. Часам яны прама так і гавораць: маўляў, я даследчык, а не выкладчык.

Больш за тое — з маіх сямі выкладчыкаў толькі двое не тыповыя шведскія мужчыны, і толькі адна – жанчына. Для мяне гэта паказчык, як выглядае ў практыцы тая роўнасць і разнастайнасць, пра якую мы так шмат размаўляем. Гэта фармулюе павестку і перспектыву, з якой мы атрымліваем веды. 


Чытай іншыя гісторыі:


Таксама часам выкладчыкі і выкладчыцы заўважна схіляюцца ў той ці іншы бок праблематыкі, таму даюць занадта вузкі погляд на сітуацыю. Гэта заўважна нават па літаратуры, якую яны прапаноўваюць. Напрыклад, чалавек, які выкладаў тры лекцыі па Еўрасаюзу, відавочна топіць за гэтую ідэю, таму прасторы для крытыкі на парах не было.

Усё гэта прыводзіць да таго, што да студэнтаў і студэнтак не ставяцца як да тых, хто можа сказаць нешта карыснае. Да іх ставяцца як да сейфа, у які трэба скласці веды, а яны ўжо потым разбяруцца, што з імі рабіць.

Соня. Фота: асабісты архіў гераіні

Адарванасць ад рэчаіснасці

— Але і наконт ведаў шмат пытанняў. Мы вучымся па падручніках, якія былі напісаныя 20-50 гадоў таму. Улічваючы сучасныя рэаліі, мне незразумела, як гэта можна рабіць. Мы не вывучаем сучасныя праблемы, бо яны яшчэ не даследаваныя, але вывучаем, як адбывалася міграцыя ў Рымскай імперыі. Гэта нагадвае размовы пра старыя барадатыя анекдоты.

У нашых падручніках самым вялікім выклікам для арганізацый, якія працуюць у сферы міграцыі, ёсць гуманітарны крызіс 2015 году ў Сірыі. Хаця сучаснасць паказвае новыя ўмовы, а калі мы просім звярнуць на іх увагу, выкладчыкі кажуць, што гэтая тэрыторыя яшчэ не настолькі даследаваная, каб яе вывучаць. А нам зрабілі пару семінараў у выглядзе выключэння. Гендэр і міграцыю мы вывучалі па тэкстах, якія былі ў 2000-х, дзе гендэр разглядаўся выключна ў кантэксце жанчын, а міграцыя жанчын апісвалася як пра тых, хто едзе за мужам.

Невыкарыстанне практычнага кантэксту

— Я чакала, што праграма будзе выкарыстоўваць усю дасяжную прастору для большага паглыблення ў кантэкст. Мальмё — першы горад Швецыі, куды трапляюць людзі, якія прыязджаюць з кантыненту, тут самая вялікая колькасць мігрантаў і мігрантак у Швецыі. У гэтым горадзе не адчуваеш сябе іншай, бо тут намяшана ўсіх. Ты прыходзіш на рынак — і з аднаго боку ў цябе афганская кафэ, а з іншага — бенгалійскае.

Мне падавалася, што ў такіх умовах вывучаць міграцыю будзе класна праз розныя досведы. Але гэта не так. Падчас вучобы гэта ніяк не выкарыстоўваецца: у адрозненні ад іншых праграмаў, тут няма запрошаных людзей з розных кантэкстаў, мы не ходзім вывучаць працу арганізацый і прастораў. Я выкарыстоўваю гэта самастойна выключна для сваёй нефармальнай асветы.

Фота: асабісты архіў гераіні

Да таго ж, група настолькі разнастайная, што ўжо на ёй можна было б вывучаць тэму, аднак гэта ніяк не выкарыстоўваецца. Гэта каля 35 чалавек з усяго свету з рознымі досведамі і поглядамі, большая частка з якіх пасля кожнай лекцыі абмяркоўвае ў вучэбных чатах, наколькі яны не задаволеныя якасцю адукацыі. Гэта людзі, якія пастаянна ходзяць да выкладчыкаў, спрабуючы нешта змяніць.

Але варта памятаць, што некаторым людзям падабаецца такая фармальная адукацыя. Таму калі паступаеш на пэўную праграму, падумай над наступнымі пытаннямі:

  1. Супастаўляй свае мэты і праграму: калі ты хочаш больш практыкі і бачыш, што праграма гэтага не прадугледжвае, шукай іншую.
  2. Правядзі падрыхтоўчую працу: пагутары з тымі, хто ўжо вучыцца на праграме, куды ты хочаш падавацца, пачытай форумы. Магчыма, гэта развее твае стэрэатыпы ці ілюзіі наконт краіны і навучання.
  3. Не думай, што крытэр паспяховасці праграмы — яе замежнасць, глядзі далей за гэтую прызму.

Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.


Ліка Юр’ева