Каб больш не блытацца ў колькасці і тыпах лістоў, якія просяць даслаць замежныя вну для паступлення, прапануем табе раз і назаўжды пракласці гэтую мяжу паміж імі. У гэтым нам дапамаглі абазнаныя ў тэме абітурыенты і абітурыенткі. Наш сённяшні герой — рэкамендацыйны ліст. Пагналі!
Пра матывацыйны ліст можна прачытаць вось тут.
Рэкамендацыйны ліст — гэта лісты, у якіх людзі, з якімі ты меў працоўны, навуковы, актывісцкі і іншы падыходзячы досвед, апісваюць цябе як дасведчанага для праграмы чалавека. Таму важна, каб тое, з якога боку ліст раскрывае цябе, падыходзіла для абранай праграмы і ўніверсітэту. Рэкамендацыя дапамагае ўніверсітэту больш разглядзець цябе.
З чаго пачаць
Спачатку падумай, хто з твайго асяродку можа даць рэкамендацыю. Гэта можа быць навуковая сфера, тады падумай пра кіраўнікоў і кіраўніц прац, выкладчыкаў і выкладчыц, з якімі ты маеш досвед супрацы. Таксама звярні ўвагу на калегаў і каляжанак, лепш, калі гэта будзе чалавек з вялікім досведам і вышэйшай за тваю пазіцыяй. Агулам патрэбна знайсці дасведчанага чалавека з асяроддзя і папрасіць яго парэкамендаваць цябе для навучання.
Калі ты выпускнік ці выпускніца школы, шлях амаль такі самы. Можна звярнуцца да дырэктара ці дырэктаркі альбо настаўнікаў, прадметы якіх пасуюць да праграмы.
Гэтаксама добра мець рэкамендацыйныя лісты, якія паказваюць цябе не толькі з боку прафесіянала ці прафесіяналкі, але і па-чалавечы. Таму можна прасіць рэкамендацыі ў арганізацыях, дзе ты валанцёрыш ці займаешся карыснай дзейнасцю, якая пакажа цябе ўніверсітэту з патрэбнага боку.
Чытай па тэме:
- Як «узламаць» замежную ВНУ з трэцяй спробы: досвед Дзяніса Рабчука
- Як вучыцца па навуцы? Частка першая: як думаць па-рознаму і навошта спаць
Як напісаць
Калі ты знойдзеш людзей, да якіх можна звярнуцца, спытай у іх, ці згодныя яны напісаць ліст. Далучы спасылкі на праграму, куды ты падаешся, распавядзі пра яе, каб аўтару ці аўтарцы было зразумела, куды цябе рэкамендаваць. Калі чалавек пагадзіцца, падзяч і адзнач два-тры сказы, што табе варта адзначыць у лісце.
— Я рабіла толькі адзін рэкамендацыйны ліст, бо ў маёй праграме гэта не было абавязковым, — распавядае сёлетняя абітурыентка. — Фірма, у якой я працавала паўтара года таму, супрацоўнічала з нямецкай кампаніяй, таму я пазнаемілася там з замежнікамі. Я напісала аднаму з іх у LinkedIn, папрасла напісаць reference letter.
Галоўнай тэмай маёй праграмы былі digital innovation, таму я папрасіла адзначыць, што я шмат часу ў працы прысвячала тлумачэнню сваім калегам новых падыходаў, сама ўключала іх у сваю працу і ініцыявала адукацыйныя сустрэчы для іншых.
Важна, каб у рэкамендацыі быў апісаны рэлевантны праграме досвед. Паглядзі, якімі даследаваннямі займаецца ўніверсітэт — магчыма, ты браў удзел у падобных? Ці сярод каштоўнасцяў універсітэту пералічаныя тыя сферы, дзе ты валанцёрыў ці валанцёрыла?
Лайфхакі
- Звычайна раяць мець мінімум два рэкамендацыйныя лісты, але ты можаш зрабіць некалькі і міксаваць іх, у залежнасці ад праграмы, на якую падаешся. Паразважай, з якога боку ты хочаш паказацца ўніверсітэту, збяры адпаведныя рэкамендацыі і далучы гэта да заяўкі.
- Не бывае маленькіх спраў. Калі ты хочаш падкрэсліць удзел у невялікай справе, але лічыш яе вартай узгадвання, абавязкова папрасі рэкамендацыйны ліст.
- У лісце павінны быць кантакты асобы, якая яго напісала. Таму варта пакінуць іх, а таксама папярэдзіць чалавека, што з ім ці ёй могуць звязацца, каб пацвердзіць словы.
- У рэкамендацыйным лісце можна адзначыць адзін твой недахоп, але абавязкова апісаць, як ты з ім спраўляешся. Так рэкамендацыя не будзе падобная на апісанне ідэальнага чалавека, у рэальнасці якога могуць узнікнуць сумневы, да таго ж пакажа, што ты можаш даваць рады цяжкасцям.
- Рэкамендацыйны ліст мусіць не паўтараць матывацыйны, а дапаўняць яго поглядамі збоку.
Цікавішся іншымі парадамі для паспяховага паступлення? Падпісвайся на нашыя сацсеткі (Telegram, Instagram), каб не прапусціць, калі з’явяцца новыя тэксты.
Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.
Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.
Ліка Юр’ева