Знайшлі шэсць месцаў падпрацаваць летам. Спойлер: не мазгамі!

Лета праходзіць, а марнаваць час не хочацца? Мы прагарталі парталы па пошуку працы, каб знайсці для цябе розныя магчымасці папрацаваць. Ведаем: ад самаразвіцця і вечнага ўдасканальвання часам вельмі стамляешся, таму выбіралі магчымасці, якія дазволяць крыху расслабіцца і не так моцна ўключацца галавой. Найлепшы адпачынак — змена дзейнасці!  

Паштальён

“Белпошта” шукае паштальёнаў з чэрвеня да снежня. Прапануюць заробак 1200 рублёў. Трэба будзе апрацоўваць і дастаўляць паштовыя адпраўленні. Як табе ідэя прагульвацца па Мінску, разносячы карэспандэнцыю, ды і яшчэ атрымліваць за гэты грошы?

Падрабязнасці: тут

Фатограф на цеплаход / карцінг

Шукаюць людзей нават без досведу, каб фатаграфаваць наведвальнікаў на цеплаходах, карцінгах, у аквапарку і іншых аб’ектах. Можна прыходзіць нават студэнтам без досведу. Прапануюць 45 рублёў у дзень +10% ад выручкі. Аднак разам з гэтым пішуць, што трэба будзе вырабляць сувенірку і прадаваць яе — мяркуем, пра гэта лепш запытацца ў кантактных асобаў.

Падрабязнасці: тут

Дзяжурны па залі ў кіно

Калі даўно разважалі, як бы з важным відам кантраляваць чалавецтва і глядзець фільмы, гэта добрая нагода! Мінскі “Кінавідэапракат” шукае дзяжурнага па залі на чэрвень-жнівень. Патрэбна будзе прапускаць гледачоў у кіназал, а потым кантраляваць парадак там. За гэта прапануюць заробак у 630 рублёў на месяц.

Падрабязнасці: тут

Кантралёр у аўтобусе

Таксама важная праца: прадаваць квіточкі ў аўтобусах. “Мінаблаўтатранс” у Маладзечна шукае кандуктараў на чэрвень-жнівень, прапануюць заробак 700-1200 рублёў. Не ведаем, ці залежыць заробак ад колькасці рэалізаваных квіточкаў ці досведу (мо, і ад першага, і ад другога!)

Падрабязнасці: тут

Адміністратар зала гульнявых аўтаматаў

Калі ўсе фільмы пра казіно “Раяль” прагледжаныя, можна паспрабаваць працу адміністратарам залі гульнявых аўтаматаў. Прапануюць стажыроўку і наступную працу, але будзеш вырашаць, ці спадабаецца. Плацяць да 1400 рублёў, трэба будзе сустракаць наведвальнікаў, правяраць у іх дакументы, камунікаваць з людзьмі і тлумачыць ім правілы, а таксама вырашаць канфлікты. Можа быць досыць цікава, але ў любым выпадку карысна! З такім досведам — і да Монтэ-Карла недалёка!

Падрабязнасці: тут

Хочацца ўсё ж уключыцца мазгамі? То прапануем наступную вакансію!

Бізнэс-аналітык

Прыватная кампанія шукае на стажыроўку бізнэс-аналітыкаў па ўкараненні Бітрыкс 24. Спачатку выбраных кандыдатаў будуць выдалена вучыць цягам 2-4 месяцаў, а потым — возьмуць паспяховых на стажыроўку, якая будзе цягнуцца 2-3 месяцы. Яна будзе цалкам аплочвацца! Пасля яе могуць узяць на паўнавартасную працу — калі захочаш. Падчас стажыроўкай можна будзе хадзіць на офіс у цэнтры горада.

Падрабязнасці: тут