Лета — гарачая пара вандровак. Але калі адукацыя — твой стыль жыцця, складана выцягнуць з сябе гэтую прагу новых ведаў нават у адпачынку. Таму сёння прапаноўваем табе шэсць шляхоў, каб наталіць сваю смагу ведаў нават у падарожжах. Пра музеі і выставы абяцаем маўчаць — пра гэта ты і сам ведаеш.
Дакапацца да гісторыі
Як табе ідэя знайсці падчас падарожжа тысячагадовы грабеньчык? А між іншым, менавіта гэта зрабілі валанцёры і валанцёркі, якія дапамагалі пры раскопках на месцы старога Менску. Ты таксама можаш далучыцца да раскопак на замшчышчы і селішчы ХІ стагоддзя кожны дзень да суботы ўключна. Прымаюць нават без аніякага досведу.
Калі нават стары Менск для цябе — занадта блізка для падарожжа, з 24 ліпеня па 6 жніўня 2023 году пройдзе археалагічная экспедыцыя «Асавец», якая будзе праводзіць раскопкі на Крывінскім тарфяніку. Каманда таксама запрашае валанцёрак і валанцёраў. Курганы, гарадзішчы і селішчы І тысячагоддзя нашай эры будуць шукаць з 10 да 25 ліпеня.
Гэтак жа можна шукаць археалагічныя лагеры ў любой краіне, якую ты збіраешся наведаць, аднак часцей за ўсё на такіх імпрэзах патрэбнае веданне мовы. Напрыклад, паміж Сувалкамі і Аўгуставам у Польшчы з 31 ліпеня да 14 жніўня будуць раскопваць сярэднявечныя крэмацыі яцвягаў.
Паўдзельнічаць у гістарычных падзеях
У адным ліпені гэтага году ў Беларусі ладзяцца адразу некалькі гістарычных фестываляў. Падчас іх можна спалучыць падарожжа з сапраўднымі гістарычнымі рэканструкцыямі! 15 ліпеня адбудзецца гістарычны фестываль рэканструктараў у Зэльве: на адной пляцоўцы збяруцца вікінгі, рыцары, ваяры 1812 году і Вялікай айчыннай вайны.
22-23 ліпеня ў Дудутках пройдзе самы вялікі беларускі фестываль ваеннай рэканструкцыі, а таксама свята старадаўняй кухні і сярэднявечнай музыкі — «Наш Грунвальд». 29 ліпеня ладзіцца этнасвята ў рэканструяваным паселішчы радзімічаў у аг. Радомля ў Чавускім раёне. Калі цікавішся старажытнымі рамёствамі, тэатралізаванымі паганскімі абрадамі, народнымі спевамі і танцамі, табе сюды.
Жнівень абяцае быць не менш насычаным. 5-6 жніўня ў Мсціслаўле пройдзе Рыцарскі фэст. 12 — 13 жніўня ў «Дукорскім маёнтку» (мястэчка Дукора ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці) адбудзецца фестываль «Задора», прысвечаны эпосе ранняга сярэднявечча IX — XII стагоддзяў. Падчас фестывалю пройдуць турніры на коп’ях, будзе граць жывая сярэднявечная музыка, будуць танцы, майстар-класы па сыраварэнні і фаер-шоў.
Фестываль вайскова-гістарычнай рэканструкцыі «Нясвіжская фартэцыя» адбудзецца на тэрыторыі парка побач з Нясвіжскім замкам. Пройдзе рэканструкцыя рыцарскіх турніраў і конныя забегі. Таксама арганізуюць канцэрт даўняй музыкі, тэатральныя інсцэніроўкі, танцы, а таксама майстар-класы па рамёствах і баявых майстэрствах.
Вучыць мову з носьбітамі
Калі ты вывучаеш мову краіны, у якую збіраешся ехаць, выкарыстай гэта як нагоду для паляпшэння моўных скілоў. Напрыклад, калі замест сеткавага гатэлю скарыстацца калівінгам ці хостэлам, за кубачкам кавы можна добра пракачаць ангельскую з суразмоўцамі з самых розных краінаў. І дадаткова — даведацца шмат новага пра іншыя краіны ад мясцовых жыхароў.
Але калі твая мэта — размаўляць як нэйців, замест дарагіх моўных курсаў можна проста зняць жыллё на Airbnb у адной прасторы з гаспадарамі і гаспадаркамі. Гэта забяспечыць цябе патрэбнай моўнай практыкай на ўвесь час адпачынку — толькі паспявай трэніравацца манчэстэрскаму вымаўленню ці праванскай лексіцы.
Акрамя таго, вывучэнне моў можа развіць твае экспедыцыйныя здольнасці. Калі табе блізкая тэма Беларушчыны, можна паехаць даследаваць дыялекты на мяжы Беларусі і іншых краінаў. Напрыклад, пагутарыць з жыхарамі невялікага кавалачка на поўдні Літвы, які з трох бакоў аточаны Беларуссю, ці вывучаць традыцыі польскага Падляшша. Калі гэта апынецца цікавым, можна нават ладзіць цэлыя падарожжы-экспедыцыі, каб збіраць фальклор той мясцовасці, якая табе падабаецца.
Рэкамендуем іншыя нашыя артыкулы:
- Як «узламаць» замежную ВНУ з трэцяй спробы: досвед Дзяніса Рабчука
- Прадзюсарка Ала Алоэ: як ствараць сацыяльна важныя праекты
- Як вучыцца па навуцы? Частка першая: як думаць па-рознаму і навошта спаць
Быць даследчыкам ці даследчыцай
Бібліятэкі ёсць у любым горадзе, куды б цябе ні закінула. Шмат у якіх краінах уваход туды вольны, да таго ж для гэтага не трэба афармляць ніякі чытацкі квіток. Напрыклад, гэта дзейнічае ў Брытаніі. Можна проста прыйсці, пагартаць ці пачытаць мясцовыя кніжкі, прасякнуцца атмасферай ведаў.
Акрамя таго, некаторыя бібліятэкі знаходзяцца ў гістарычных будынках, таму гэта дадатковая магчымасць зацаніць іх інтэр’еры. Гэтаксама вольны ўваход у Літоўскую нацыянальную бібліятэку ў Вільні: у спрыяльны дзень можна нават знайсці месца, каб папрацаваць.
Акрамя таго, можна спалучыць паходы ў бібліятэкі з паходамі ў архівы. Калі ты цікавішся асаблівымі пытаннямі, можна даведацца, як выдаюць інфармацыю ў мясцовых архівах. Так, у Літве і Польшчы захавалася шмат дакументаў, датычных да гісторыі Беларусі, выпіскі з якіх ці нават асобнікі можна замовіць сабе і на свае вочы ўбачыць гісторыю.
Глядзець на горад рознымі вачыма
Дапамагчы даведацца больш пра горад і ягоную культуру заўсёды дапамагаюць мясцовыя жыхары. Аднак можна даведвацца пра гэта не толькі ў сучаснікаў, але і звяртацца да тых, хто бываў некалі ў гэтых гарадах. Таму абірай сваю ўлюбёную тэму ці горад, пра які хочаш дазнацца больш, знаходзь усю магчымую культурную спадчыну пра гэта — і накіроўвайся ў вандроўку па слядох кніжак, карцін ці даследчыцкіх прац.
Па Вільні добра хадзіць з дзядзькам Антосем з «Новай Зямлі»: можна даведацца, што ў тыя часы ўваход на Замкавую гару быў платным і без фунікулёра. Седзячы перад Нотр-Дамам, узяць з сабой у кампанію Гюго. Прайсціся па Амстэрдаму з Ван Гогам, а па Парыжу – з Манэ. Таксама не забывай, што мясцовасць будзе вельмі адрознівацца ад таго ракурсу, пад якім ты яе даследуеш: габрэйская Вільня зусім не падобная на беларускую.
Вучыцца ў мясцовых
Ва ўсіх культурах ёсць традыцыйныя заняткі, якім шмат хто з мясцовых будзе рад цябе павучыць. Напрыклад, едучы ў Гішпанію, можна ўзяць пару ўрокаў сальсы, а ў Італіі не проста пакаштаваць пасту, а паспрабаваць навучыцца яе гатаваць. Для гэтага можна альбо спыніцца ў мясцовых праз той жа Airbnb і папрасіць гаспадароў цябе навучыць, альбо наведаць адмысловыя імпрэзы, абвесткі пра якіх лёгка знайсці ў інтэрнэце (лайфхак: у Еўропе актыўна карыстаюцца сервісам мерапрыемстваў на Facebook).
Таксама добры варыянт — частавацца не ў сеткавых, а ў лакальных рэстарацыях, якія трымаюць мясцовыя, а ягады на сняданак браць на рыначках. Часам у людзей можна вучыцца, проста актыўна назіраючы за імі ў кавярнях, на вуліцах, у аэрапортах.
Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.
Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.
Ліка Юр’ева