Што чытае adu.place: кніжкі, якія змянілі нашыя погляды на адукацыю

Дабрыдзень, спадарства! Мы ў adu.place падумалі, што класна будзе падзяліцца з вамі кніжкамі, якія мы ў камандзе лічым файнымі. Але іх так шмат, што мы вырашылі сканцэнтравацца выключна на асвеце — распавесці вам пра кнігі, якія змянілі нашыя погляды на адукацыю. Гартайма разам! 

Кацярына Буніна, галоўная рэдактарка:

Я б параіла кнігу “Источник” Айн Рэнд. У ёй шырока раскрываецца тэма індывідуалізму і самастойнасці, уключаючы навучанне. Мяне на працягу ўсёй гісторыі ўражвала стойкасць галоўнага героя Говарда Рорка. Замест простага атрымання ведаў ён бачыў адукацыю як сродак для развіцця сваіх унікальных здольнасцяў і дасягнення сваіх мэтаў.

“Кожны чалавек сам знаходзіць для сябе сэнс, форму і прызначэнне. Чаму так важна, што зрабілі астатнія? Чаму асвячаецца просты факт пераймання? Чаму мае рацыю хто заўгодна, толькі не ты сам?”

Я ўпэўнена, што ў адукацыі важна самастойнасць мыслення — гэта і пра пошук і выбар уласнага шляху, таго, што хочацца табе, і пра крытычны падыход да інфармацыі, якую табе даюць, уменне задаваць пытанні.

Кніга дапамагла мне прымаць рашэнні і імкнуцца да сваіх мэтам незалежна ад грамадскай думкі.

Вера Моніна, кам’юніці менеджарка:

Я хачу парэкамендаваць кнігу Хелен Дэвіт “Апошні самурай”. Калі пачытаць толькі сінапсіс, можна падумаць, што гэта проста кніга пра маці-адзіночку, але насамрэч гэта яскравае падарожжа па жыцці чалавека, які заўсёды чамусьці вучыцца і намагаецца стаць лепей.

Нягледзячы на тое, што гэта фікшн, “Самурай” вельмі змяніў мой погляд на адукацыю, заматываваў вывучаць мовы і шукаць адказы ў невідавочных рэчах. І, канешне ж, для фанатаў і фанатак інтэлектуальнай гульні і адсылак кніга дае вельмі шмат. Для мяне яна — пра натхненне, працэс сталення і неаспрачальную каштоўнасць адукацыі. 

Здаецца, самы важны скіл, які я атрымала — уменне прымаць той факт, што я магу не ведаць нічога і мне трэба вучыцца з нуля. Калі ты не баішся ўбачыь сябе як чысты аркуш паперы, становіцца куды лягчэй адкрывацца новаму.

Дар’я Рублеўская, генеральная менеджарка:

Я распавяду пра кніжку Tom Nichols “The Death oh Expertise: the campaign against established knowledge and why it matters”. 

Кніга змяніла мой погляд на сістэму вышэйшай адукацыі ў ЗША, падсвяціўшы даволі простую, але важную рэч. Масавае нашэсце юных амерыканцаў_к, ахвочых паступіць у каледж, і наступная канкурэнцыя навучальных установаў за іх грошы стварылі вопыт стаўлення да вучобы як да сітуацыі «прадаўшчык-пакупнік», калі студэнты_кі навучаюцца — апроч усяго іншага — таму, што кліент_ка заўсёды мае рацыю. Гэта ў карані змяніла растаноўку прыярытэтаў у навучанні і сам навучальны працэс.

Яшчэ там быў класны тэйк пра тое, што вучоба не можа быць простай.

Праз кніжку я навучылася не пагаджацца на тэмы, у якіх я не маю экспертызы. Гэта дазваляе мне прызнаваць, што я не магу ведаць усё на свеце, значыць, я буду вывучаць толькі мне патрэбнае і факусавацца на прафесійным шляху. А яшчэ цяпер трымаюся падыходу, у якім экспертнасць комплексна складаецца з наступных складнікаў: 

  • прафесійная падрыхтоўка / адукацыя (для многіх сфер таксама дакументальнае пацверджанне сертыфікацыі);
  • адоранасць / талент;
  • досвед;
  • гатоўнасць быць ацэненым і выпраўленым іншымі экспертамі_камі.

Ліка Юр’ева, журналістка:

Мне цяжка выбраць адну такую кніжку, бо іх было шмат: кожная давала нешта сваё. Пакуль адныя вучылі мяне структурна мысліць ці журналістыцы, іншыя распавядалі пра людзей, у лёсах якіх можна было вынесці для сябе больш lesson learned, чым за адно сваё жыццё.

Але калі варта выбраць адну, давайце спынімся на аповедах Артура Конан-Дойля пра Шэрлака Холмса. Я пачала чытаць іх, калі мне было гадоў 13-14, і я памятаю, як яны ўразілі мяне. Мне хацелася абавязкова вышукаць небяспечнага злачынцу, але для гэтага трэба было думаць, як Шэрлак Холмс. Я ўпершыню даведалася, што такое дэдукцыя, як збіраць факты і, прааналізаваўшы іх, рабіць слушныя высновы. 

Гэта ўжо ва ўніверсітэце я зразумею, як прымяняць большую колькасць інструментаў для гэтага, што дэдукцыя — толькі адзін з метадаў мыслення, але Шэрлак Холмс зрабіў для мяне 13-гадовай нашмат больш. Ён зацікавіў мяне мысліць нестандартна, шукаць невідавочныя прычыны, сартыраваць інфармацыю, аддзяляць вартыя аргументы ад нявартых, разважаць рознымі шляхамі, нібыта ты думаеш пра сітуацыю не ад сваёй асобы. І, напэўна, самае важнае: ён навучыў мяне быць шчыра апантаным сваёй працай і прагнуць развіцця ў гэтым.

Таму нават цяпер я заўважаю, як гэта працягвае фармаваць мой светапогляд на асвету. Тут і крытычнасць, і ўзважанасць, і логіка, і сістэмнасць, і грунтоўнасць, і прафесійная спецыялізацыя, і апантанасць — усё, што я так люблю выкарыстоўваць у сваіх падыходах да адукацыі ў любым кірунку.    

Даня Яравікоў, smm-спецыяліст

Я параю кнігу “Як пісаць пераканаўча” (Джэральд Граф, Кэці Біркенштэйн).

Напісанне той жа курсавой работы — гэта шаткі баланс паміж сваімі развагамі, цытаваннем крыніц інфармацыі, патрабаваннямі выкладчыкаў і працэнтам плагіяту. У мяне звычайна атрымлівалася так сабе чытво. Але на выхадзе свайго студэнцтва я знайшоў кнігу “Як пісаць пераканаўча” і пашкадаваў, што яна не трапіла мне на вочы раней: колькі нерваў захаваў бы!

Аўтары кнігі шчыра прызнаюць, што навуковыя (і не толькі!) тэксты будуюцца на дзясятку-іншым простых шаблонаў, і ў гэтым няма нічога дрэннага. Наадварот, разуменне, як гэтымі шаблонамі жангляваць, ператварае нудлівае палатно тэксту ў захапляльны матэрыял, які цікава і чытаць, і пісаць. Тыя ж прыёмы дапамагаюць у выступленнях і дэбатах. Must have для гуманітарыяў.