Што рабіць, калі не ведаеш, якую прафесію абраць? Дапаможа Валерыя Амялюсік

Калі надыходзіць момант, у які трэба выбіраць прафесію, становіцца крыху страшна. Падаецца, робіш выбар на ўсё жыццё, а варыянтаў так шмат, што не ведаеш, да чаго больш ляжыць душа.

Для такіх сітуацый псіхолаг-прафарыентолаг Валерыя Амялюсік прыдумала тэст, які можа замяніць паўнавартасную кансультацыю са спецыялістамі і спецыялісткамі. 

— Я заклала ў тэст тую прафарыентацыйную кансультацыю, якую раней праводзіла ў афлайн, — распавядае Валерыя. — Таму па факце гэта імітацыя звычайнай кансультацыі, якая дапаможа людзям вызначыцца з будучай прафесіяй, якая будзе падабацца і прыносіць стабільны даход.

Тэст цалкам бясплатны і складаецца прыкладна з дзесяці блокаў — дакладная колькасць залежыць ад варыянтаў адказу. Уводная частка, як і рэальная кансультацыя са спецыялістам ці спецыялісткай, дае агульнае разуменне, што такое прафарыентацыя і чаму выбраць прафесію часам складана і стрэсава.

Потым трэба проста адказваць на пытанні, кшталту “калі памарыць, якім выглядае твой ідэальны дзень праз 10 гадоў: дзе ты знаходзішся, а якой гадзіны прачынаешся, ідзеш на працу ці працуеш з дому” і гэтак далей. Вынікі прыходзяць табе на пошту.

— Праз усе гэтыя пытанні можна зразумець, што чалавеку цікава і які род дзейнасці яму ці ёй будзе пасаваць, — тлумачыць Валерыя. — Напрыклад, ці хоча чалавек працаваць з дому, ці хоча хадзіць на офіс, ці камунікуе з іншымі, ці вырашае пытанні адзін за сталом. Калі ён ці яна працуе з дома, ці самастойна шукае замовы, ці працуе па найме?

Кожная такая прапанова раскрываецца падчас тэсту: што такое працаваць у маленькай кампаніі, а што такое — у вялікай, што значыць прадпрымальнік, а што такое — прафесіянал. Пасля адказаў на ўсе пытанні сістэма фармулюе пдф-файл, у якім змяшчаецца ўся інфармацыя пра інтэрэсы і мэты чалавека ў жыцці, якія ён сам для сабе сфармуляваў. Маючы такую агульную і менавіта сваю карціну, лёгка вызначыцца з кірункам дзейнасці і верагоднымі 2-3 прафесіямі. Напрыканцы тэста таксама даецца разуменне таго, як падабраць сабе месца вучобы.

Тэст зойме каля гадзіны і дапаможа зразумець, да чаго больш ляжыць душа, і скласці прыкладны план дзеянняў. Напрыклад, калі высвятляецца, што чалавек хоча вывучаць падводны свет, у плане трэба прапісваць паступленне ў месца, дзе побач ёсць горад ці акіян, а таксама вывучэнне замежнай мовы, каб падрыхтавацца да іспыту.

Падчас тэсту таксама прапануецца прайсці па некалькім спасылках ды пашукаць самайстойна інфармацыю пра найбольш цікавыя табе прафесіі — напрыклад, па пошуку працы, — каб можна было прымерыць на сябе розныя варыянты. 

— Напрыклад, камусьці падабаецца працаваць з лічбамі і ён хоча стаць фінансавым дырэктарам, — кажа Валерыя. — Спасылкі дапамогуць у тым ліку зразумець магчымы заробак, бо мусіць жа хапаць на тое жыццё, якое ты сабе прыдумаеш. Мы рабілі тэст для падлеткаў і маладзёнаў прыкладна да 25 гадоў, але дарослыя таксама могуць прайсці яго. Адзінае што — ім трэба будзе асабіста для сабе распланаваць пераход у новую прафесію, бо ў іх больш абавязкаў датычна забеспячэння сябе і сям’і.

Калі ў цябе няма часу праходзіць паўнавартасны тэст, на сайце таксама ёсць кароткі. Ён займае тры хвілінкі і дапаможа вызначыцца з патэнцыйнай сферай адоранасці. Так ты зразумееш дзве-тры галіны, у якіх табе будзе цікавей развівацца і ты зможаш дасягнуць больш значных вынікаў. 

— Увогуле я прыдумала поўны тэст і гэты карценькі, бо хацела зрабіць якасную прафарыентацыю дасяжнай, — распавядае Валерыя. — Я магістр псіхалогіі (2021), шмат часу прысвячала падлеткавай тэматыцы датычна выбара прафесіі і ролі менавіта прфесійнай дзейнасці ў станаўленне асобы. Спачатку я з камандай стварыла сайт teenjob.by, на які збірала магчымасці для падлеткаў, потым пакінула толькі тэлеграм-канал, які і цяпер дзейнічае.

А потым арганізавала курс дзеля навучэння тэме прафарыентацыі дзейных сацыяльных педагогаў, настаўнікаў і настаўніц школ. Яго паспяхова прайшлі 30 чалавек. Адначасова ладзіла індывідуальныя кансультацыі па выбары прафесіі. Але з часам зразумела, што хацела б зрабіць месца, дзе любы падлетак, у якога можа не быць грошай на кансультацыю, ці яшчэ нейкія прычыны не звяртацца да спецыялістаў і спецыялістак, мог бы прайсці яе самастойна ў інтэрнэце.

— Адрозненне майго ад звычайных тэстаў па прафарыентацыі ў тым, што ён не выдае нейкі ўсярэднены вынік, але дапамагае працаваць асабіста з кожным. У тэсце, які я прапаноўваю, атрымліваецца твой асабісты шлях, ты ствараеш уласны вынік. А сістэма проста вядзе цябе, як звычайна робіць кансультант ці кансультантка. 

Гэты тэст замяняе рэальную прафарыентацыйную кансультацыю прыкладна на 80%. Астатнія 20% — гэта дадатковая інфармацыя, якую спецыялісты могуць даць пры асабістай размове, калі пытаюцца нешта дадаткова ці распавядаюць асабістыя гісторыі.

— Я б раіла паказаць вынікі тэсту сваім бацькам ці іншаму даросламу, якому ты давяраеш, — кажа Валерыя. — Калі ты падлетак, не заўсёды можна зразумець вынікі ў сукупнасці і зразумець, чым можна займацца, а дарослы чалавек з досведам хутчэй зарыентуецца. Увогуле зычу ўсім, хто не вызначыўся з прафесіяй, вызначыцца, і атрымліваць задавальненне ад вучобы і працы, а таксама добры даход, і насалоджвацца сваім непаўторным жыццём. Удачы!

Тэкст: Ліка Юр‘ева

Ты таксама хочаш падзяліцца сваёй гісторыяй? Смела пішы нам у Telegram-бот.