Серыйная студэнтка: Толькі пасля 4 універаў зразумела, навошта мне вучыцца

Саша — серыйная студэнтка, якая толькі пасля вучобы ў чатырох універсітэтах зразумела, навошта ёй сапраўды бакалаўрыят. Яна пачала свой шлях з французскага універсітэта ў Мінску, дзе атрымала першы досвед акадэмічнай адукацыі. Потым быў складаны перыяд у БДУ, дзе яна вывучала карэйскую мову, затым была псіхалогія ў БДПУ і вывучэнне медыякамунікацыі ў літоўскім універсітэце. І ўся адукацыя – у розных сферах.

Цяпер бакалаўрыят стаў для Сашы важным этапам, які дапамог ёй нарэшце адчуць, што ўніверсітэцкая адукацыя можа быць сапраўды карыснай для далейшага развіцця. Пра яе высновы, вопыт вучобы ў некалькіх ВНУ і захаванні сябе паміж гэтым усім мы і пагутарылі з дзяўчынай.

Акадэмічная адукацыя і французкі ўніверсітэт у Мінску 

Я вучылася ў мінскай 74-й гімназіі з ухілам на французскую мову, і гэты факт стаў важнай часткай маёй біяграфіі. Нашу гімназію падтрымлівала французская амбасада, што давала шмат дадатковых магчымасцей для навучання. У 10-м класе я паралельна з вучобай паступіла на праграму французскага ўніверсітэта Бордо ад франка-беларускага цэнтра. Гэта было маё першае сутыкненне з акадэмічнай адукацыяй — трохгадовая праграма па міжнародным праве.

На той момант універсітэт адмяніў узроставыя абмежаванні, і для паступлення былі патрэбныя толькі веданне мовы і матывацыя. Гэты досвед сфарміраваў мае чаканні ад вышэйшай адукацыі: там выкладалі выдатныя прафесары, якія ставіліся да нас з павагай, вучылі не толькі ведаць, але і думаць, аргументаваць свае пазіцыі, камунікаваць.

Асабліва запомніўся падыход выкладчыкаў: яны не проста ацэньвалі веды, а шукалі “зерне” ў кожным студэнце. Напрыклад, я напісала працу на французскай мове і атрымала за яе 17 з 20 балаў. На палях працы зялёным колерам выкладчыца напісала, што мне варта падцягнуць граматыку. Але мяне зачапіла не гэта — яна змагла разглядзець галоўнае, ацаніла саму сутнасць маёй думкі, нягледзячы на памылкі. І тады ў мяне было адно вялікае «Вау!».

Аднак скончыць гэтую праграму я не змагла: прыйшоў час выбіраць звыклы ўніверсітэт. Бацькі хацелі, каб я атрымала замежную адукацыю, але фінансавыя магчымасці на той момант былі абмежаваныя, і яны баяліся адпускаць мяне адну.

Плюсы ўніверсітэту:

  • Адразу знаёмішся з французскай акадэмічнай сістэмай і фарматамі работ.
  • Выдатная практыка французскай мовы, якая дапамагла не толькі захаваць узровень, але і палепшыць яго.
  • Студэнтаў паважаюць, цікавяцца іх меркаваннем і ідэямі.

Мінусы:

  • Дыплом, на жаль, не мае вагі ў Беларусі.

Вучоба на міжнарожных адносінах і карэйская мова

Калі я вучылася ў школе, перамагла ў рэспубліканскай алімпіядзе па грамадазнаўстве і праходзіла на бюджэт на факультэт міжнародных адносін БДУ — адзін з самых складаных універсітэтаў, куды цяжка паступіць. Я планавала вучыцца на міжнародных адносінах і стаць дыпламаткай. Але на мяне паўплывала асяроддзе: па-першае, мне казалі, што жанчыне будзе складана ў гэтай сферы, па-другое, выбар спецыяльнасцей, куды можна было паступіць без ЦТ па выніках алімпіяды, быў абмежаваны.

У выніку я выбрала факультэт лінгвакраіназнаўства, дзе вывучалі ўсходнія мовы і культуры. Было тры варыянты: кітайская, карэйская і арабская. Кітайскую я адразу адкінула, бо ведала, як цяжка яна даецца знаёмым. Арабскую таксама — мне здавалася, што для жанчыны перспектывы ў арабскім свеце абмежаваныя. Пра карэйскую я нічога не ведала, і менавіта таму вырашыла выбраць яе.

Аднак з самага пачатку карэйская мова мне давалася вельмі цяжка. Усходнія мовы патрабуюць зусім іншага мыслення, бо іх моўная сістэма адрозніваецца ад еўрапейскіх. Я вучыла яе літаральна ўвесь час: пакуль снедала, на іншых парах, дома — але ўсё роўна не разумела. Да таго ж, розныя выкладчыкі не давалі адзінай падтрымкі, а толькі патрабавалі выніку. Нам ставілі нулі і пужалі, што мы не здадзім сесію.

Яшчэ адзін складаны момант — англійская мова. У школе я паглыблена вучыла французскую, а англійскую ведала на мінімальным узроўні. Аднак на факультэце можна было вучыцца толькі на англійскай, і адразу з узроўню B1. Усе падручнікі па карэйскай таксама былі на англійскай. У выніку атрымалася, што я нармальна не ведала ні адной мовы. Выкладчыкі не падтрымлівалі, а толькі патрабавалі. Да таго ж, у мяне не склаліся адносіны з групай. У выніку я проста завучвала на памяць тэмы і здала экзамен на 4. Дадатковыя праблемы стварылі пераздачы па фізкультуры, з-за чаго я страціла стыпендыю.

Тады я зразумела, што калі няма стыпендыі і мне так складана даецца мова, то і сэнсу працягваць вучобу няма. Я вырашыла кінуць універсітэт, каб пайсці працаваць.

Плюсы:

  • Брэнд і прэстыж БДУ – адзін з самых аўтарытэтных гуманітарных ВНУ для паступлення.
  • Цікавая, нестандартная і складаная спецыяльнасць (лінгвакраіназнаўства, усходнія мовы, у маім выпадку – карэйская).
  • Выкладчыкі з унікальнай экспертызай – спецыялістаў па некаторых прадметах у краіне можа быць усяго 1–3 чалавекі, што забяспечвае рэдкія і спецыфічныя веды.
  • Актыўнае студэнцкае жыццё – клубы, канцэрты, суполкі, мерапрыемствы.

Мінусы:

  • Высокі і складаны ўзровень вучобы з першага дня – без добрай англійскай цяжка засвойваць новую ўсходнюю мову і трымацца на ўзроўні групы.
  • Не супалі па вайбу з групай – магчыма, цяжкасці было б лягчэй пераадольваць, калі б атрымалася завесці сяброў.
  • Сталы стрэс – страх пераздач, страты стыпендыі або адлічэння, адчуванне, што няма відавочнага прагрэсу.

Паўгода «пошуку сябе» і першыя крокі ў працы

На канікулах я сказала маці, што сыходжу і што на наступны год паступлю на гістарычны факультэт. Яна адказала «добра», але пазней не магла зразумець, чаму я адмаўляюся ад такой магчымасці вучыцца на міжнародных адносінах.

У выніку я забрала дакументы і наступныя паўгода рабіла літаральна нічога. Сядзела на шыі ў бацькоў і гуляла ў World of Warcraft. Мой распарадак дня выглядаў так: я клалася спаць у 5 раніцы, прачыналася ў 14–15 дня і зноў гуляла.

У нейкі момант маці не вытрымала. Яна ледзь адчыніла дзверы нагой і спытала:  “Што ты збіраешся рабіць са сваім жыццём?”

Тады я пайшла працаваць. Менавіта ў гэты перыяд у маім жыцці з’явілася нефармальная адукацыя — праз арганізацыю «Леванія», якая займалася праблемамі дзіцячага развіцця. У іх былі бясплатныя курсы для цьютараў — спецыялістаў, якія суправаджаюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў школе і дапамагаюць педагогам. Мне прапанавалі працу ў гэтай сферы, і ў выніку я прапрацавала там два гады.

Гэта дало мне разуменне, што ў будучыні я хачу займацца тэрапіяй і стаць паводзінным аналітыкам. Але для гэтага мне патрэбна базавая адукацыя і я зноў вырашыла паступаць ва ўніверсітэт.

Трэці ўніверсітэт і нечаканае адлічэнне 

У 2018 годзе я паступіла ў БГПУ на псіхалогію на завочнае аддзяленне. Мне гэта было патрэбна толькі для таго, каб у будучыні развівацца ў біхевіярызме. Асаблівых чаканняў ад універсітэта ў мяне не было, але ўсё ж ён даў мне нешта карыснае.

У той жа перыяд я пачала працаваць у турфірме і хацела пераехаць ад бацькоў, але потым здарыўся кавід. Турызм фактычна спыніўся, і я засталася без працы, а ва ўніверсітэце перавялася на самаізаляцыю. У гэты час я дапісвала курсавую і паралельна шукала новую працу, і ў 2020 годзе ўладкавалася ў «Яндекс Практикум» рэкрутаркай.

У наступным семестры, у верасні 2020 года, мы вярнуліся да заняткаў ва ўніверсітэце, і гэта супала з пратэстамі. Аднойчы частка студэнтаў напісала скаргу з нагоды пераносу іспыту, у тым ліку і я. Не ведаю, ці мела гэта дачыненне, але ў выніку мяне адлічылі. На той момант мне заставалася толькі здаць курсавую працу. Але мая навуковая кіраўніца знікла: яна не адказвала на званкі, не з’яўлялася на кафедры. У дэканаце нам сказалі, што ўсе акадэмічныя запазычанасці трэба закрыць да канца верасня.

Менавіта ў гэтыя дні я з’язджала ў камандзіроўку ў Маскву на тры дні. Дамовілася са знаёмай дзяўчынай, што калі патэлефануюць з дэканата, яна скажа, каб яны прынялі маю курсавую і прачыталі яе.

Калі я вярнулася, знаёмая сказала мне: “А ты ў курсе, што цябе адлічылі?”. Я патэлефанавала ў дэканат, і мне гэта пацвердзілі. Прычына — «неліквідацыя акадэмічнай запазычанасці» за тую курсавую.

Гэта вельмі раззлавала мяне. Я зразумела, што мне дастаткова таго, што я ведаю і ўмею, і што няма сэнсу далей марнаваць час на фармальную адукацыю. Я вырашыла, што больш не буду спрабаваць атрымліваць дыплом і забіла на гэтую ідэю.

Плюсы:

  • Навучанне на завочнай форме не патрабуе моцных намаганняў – галоўнае своечасова здаваць экзамены і працы, і ўсё будзе спакойна.
  • Інстытут запрашаў цікавых экспертаў, асабліва ў сферы інклюзіўнасці і працы з дзецьмі з асаблівасцямі, але гэта было пазастудэнцкае жыццё, на якое трэба было вылучаць асобны час.

Мінусы:

  • Нізкі ўзровень выкладання на завочным аддзяленні – выкладчыкі часам больш зацікаўлены ў асабістых размовах, чым у тэмах лекцый.
  • Да завочных студэнтаў ставяцца невыразна – часам выкладчыкі спазняюцца на экзамены ці мяняюць фармат экзамена ў апошні момант, што выклікае праблемы ў студэнтаў, якія прыехалі здалёк.
  • Непрыемны, стары корпус, халодныя памяшканні, дрэннае абсталяванне.

Усё ж такі прыйшла да вышэйшай адукацыі

Летам 2023 года я эмігравала ў Польшчу, сышла з «Яндэкса» і пачала шукаць працу. Тады я заўважыла, што многія вакансіі патрабуюць наяўнасць дыплома. Гэта стала вырашальным аргументам, каб зноў пайсці вучыцца і нарэшце закрыць пытанне з вышэйшай адукацыяй.

У жніўні 2023 года адзін з універсітэтаў Літвы аб’явіў дадатковы набор, і, што важна, яны давалі легалізацыю. Я хутка і без праблем паступіла на “Медыя і камунікацыі”.

Напачатку навучанне мяне цалкам задавальняла — на кантрасце з беларускімі ўніверсітэтамі тут не было прымусовых ідэалагічных прадметаў, былі цікавыя заданні, а выкладчыкі сапраўды захапляліся сваёй сферай. Адна з выкладчыц нават заразіла мяне цікавасцю да даследаванняў у сферы відэагульняў. Але хутка з’явіліся і мінусы. Я чакала ад універсітэту больш высокага ўзроўню, але ў выніку на першым курсе ўсе прадметы вяліся на рускай, нават тыя, што былі заяўлены на англійскай. У мяне таксама былі цяжкасці з тым, каб пісаць аналітычныя працы са сваім уласным меркаваннем.

У выніку ў 2024 годзе я не вярнулася да заняткаў і зрабіла выбар на карысць працы, бо сумяшчыць вучобу і працу ў эміграцыі даволі складана. 

Плюсы:

  • Зручная дыстанцыйна-завочная форма навучання – кожны дзень анлайн, а не толькі раз на 6 месяцаў, як у традыцыйнай завочнай сістэме.
  • Многія творчые заданні, можна выбіраць цікавыя тэмы для эсэ або іншых работ. На медыя-вытворчасці здымалі відэа ў розных жанрах, што дало класны досвед.
  • Магчымасць атрымаць зніжку на навучанне – 50% або 100%. Тыя, хто працуе ў галіне або займаецца актывізмам, могуць атрымаць грант кожны семестр і вучацца бясплатна.

Мінусы:

  • захоўвае шмат «постсавецкіх» рыс: дэмакратыя застаецца толькі на словах, а рашэнні прымаюцца без абмеркавання, зыходзячы з выгоды для ўстановы ці выкладчыкаў.
  • ёсць выпадкі харасменту, якія замоўчваюцца, а расследаванні пачынаюцца толькі пад медыйным ціскам, што робіць навучанне небяспечным для жанчын.
  • акадэмічны ўзровень таксама саступае еўрапейскім універсітэтам.

Праз гэты досвед я зразумела, што хачу зрабіць уласнае вялікае даследаванне, дакапацца да нейкай праблемы. Але для гэтага мне патрэбен дыплом бакалаўра — каб рушыцца далей. Гэта як таблетка, якую проста трэба прыняць.

Акрамя таго, у мяне з’явілася мэта паступіць у магістратуру, пажадана ва Францыі, і заняцца сапраўды сур’ёзнай тэмай. І вось цяпер, у 27 гадоў, бакалаўрыят нарэшце набыў для мяне сэнс. Таму у далейшых планах вярнуцца ў літоўскі ВНУ і далей паступіць на магістратуру.