UNICEF, айцішка ці «Аліварыя»? Падабралі цікавых стажыровак на лета

У наш непастаянны час далягляды планавання настолькі размыліся, што бывае цяжкавата разважаць, ці ты хочаш піцу ці пасту на заўтрашнюю вячэру. Маўчым ужо пра працоўныя кантракты на пару гадоў! Стажыроўкі — цудоўнае выйсце з гэтай сітуацыі. Там можна і памацаць “працоўную вадзічку”, каб зразумець, ці хочацца заплываць далей, і паспрабаваць сябе ў новай ролі, каб разнастаіць шэрыя будні.

Таму сёння знайшлі для цябе пяць стажыровак, на якія прама цяпер шукаюць людзей у Беларусі. Усе яны кароткатэрміновыя — дакладна не выгарыш! 

Фандрайзіць у UNICEF

UNICEF шукае кансультанта ці кансультантку, якія б дапамагалі збіраць сродкі для ахвяраванняў. Прапануюць месца на ўсё лета — з чэрвеня па верасень 2024 году. Стажыроўку прапануюць людзям, якія маюць бакалаўрыят у сферы камунікацыі, журналістыкі, маркетынга ці іншых падобных галінах. Трэба будзе працаваць з грашыма, супрацоўнічаць з арганізацыямі, распрацоўваць базу донараў і ствараць добраахвотныя кампаніі. Можна ўключаць у кантракт паездкі па Беларусі! 

Падрабязна пра заяўку — тут.

Дэдлайн — 10 траўня 2024 году.


Камунікаваць у «Аліварыі»

Калі хочаш не толькі спажываць піва, але і ствараць у гэтай галіне пэўныя сэнсы, «Аліварыя» чакае цябе на трохмесячную стажыроўку — з траўня па ліпень 2024 году. Шукаюць чалавека, які будзе ствараць новыя ідэі, дапамагаць іх рэалізоўваць, рыхтаваць прэс-рэлізы і ўнутраныя навіны кампаніі пра новыя прадукты, запускаць навінкі. Мяркуем, без дэгустацыі не абыйдзецца! Калі падабаецца іншая сфера, «Аліварыя» рэалізуе цэлую праграму «Жажда роста», куды пастаянна шукае стажораў. Прама цяпер можна, напрыклад, падацца на стажыроўку ў музей «Аліварыі»!  

Падрабязна пра заяўку — тут.

Дэдлайн не пазначаны, але мяркуем, што as soon as possible.


Правяраць ЦТ

Рэспубліканскі інстытут кантроля ведаў (той, што адказвае за ЦТ) запрашае на кароткую падпрацоўку студэнтаў і студэнтак. Шукаюць людзей на час правядзення ЦЭ і ЦТ у 2024 годзе — з 27 траўня па 16 чэрвеня. Можна будзе працаваць па зручнай смене — ранкам, у абед ці ўвечары, плаціць будуць.

Падрабязна пра заяўку — тут.

Дэдлайн — 18 траўня. 


Паспрабаваць у айцішку

Летнюю стажыроўку прапануе рэзідэнт ПВТ «Инженерный центр ядро». Яны ладзяць стажыроўку з 1 ліпеня па 26 жніўня для студэнтаў і студэнтак ад другога курса, а таксама выпускнікоў і выпускніц гэтага году. Ёсць некалькі кірункаў — можна абраць найбольш прывабны для сябе. Стажыроўка аплочваецца, загрузка — 40 гадзін на тыдзень. У цябе будзе ментар ці ментарка, а таксама адукацыйная праграма.

Падрабязнасці — тут.

Дэдлайн — 12 траўня.


Вырабіць марозіва

Мінскі хладакамбінат №2 (той самы, што вырабляе «Каштан»!) шукае на травень-жнівень чалавека, які будзе вырабляць марозіва! Гучыць як мара, прапаноўваюць тысячу рублёў штомесяц. З апісання вакансіі незразумела, які патрэбны досвед, але пазначана, што праца падыходзіць для моладзі, таму не думаем, што будуць патрэбныя нейкія хард-скілы.

Падрабязнасці — тут.

Дэдлайн — невядома.


Ліка Юр’ева