United World College: як вучыцца без падручнікаў і ездзіць валанцёрыць у вёску ў гарах Індыі

Алі 17 гадоў. Яна скончыла дзесяць класаў школы ў адным з беларускіх гарадоў, а ў 2021 годзе прайшла конкурс з 35 чалавек на месца і пачала вучыцца ў адным з коледжаў United World College (UWC). Аля распавяла adu.place, як займацца без падручнікаў, чаму школьнікі ездзяць у вёскі ў гарах Індыі, а таксама як угаварыць свой мозг займацца, калі да гэтага зусім няма прагі.

Аля (трэцяя справа) з аднакласнікамі і аднакласніцамі. Фота: асабісты архіў гераіні

UWC — сетка з 18-ці коледжаў, філіялы якіх раскіданыя па ўсім свеце. Гэта аналаг 11-12 класаў вышэйшай школы. Сярэдні ўзрост навучэнцаў — 15-19 год. Каля 70% людзей прыязджаюць з усяго свету, астатнія — мясцовыя жыхары і жыхаркі. Навучанне праходзіць на ангельскай мове па міжнароднай праграме International Baccalaureate (IB), якая выкладаецца не толькі ў UWC і лічыцца адной з самых складаных сістэмаў старэйшай школы ў свеце.

Як паступіць

У верасні-кастрычніку нацыянальныя камітэты розных краінаў абвяшчаюць набор заявак на праграму навучанне. Беларускі нацыянальны камітэт — недзяржаўны, ён складаецца з выпускнікоў коледжу з нашай краіны розных часоў. Кожны год яны абіраюць новы фармат уступных іспытаў, таму загадзя падрыхтавацца да іх складана.

— У 2021 годзе, калі я паступала, мы пісалі некалькі матывацыйных эсэ і дасылалі атэстаты, — распавядае Аля. — Важна было паказаць не проста добрыя адзнакі, але таксама твой актывісцкі бэкграунд. З гэтым у мяне не было праблемаў, я шмат у чым паспела паўдзельнічаць да паступлення: грамадскія праекты, выставы, валанцёрскія праграмы.

Адбор цалкам праводзіўся на беларускай мове — важна было паказаць сваю зацікаўленасць у беларускай культуры. Так яны адбіраюць з людзей тых, хто сапраўды варты прадстаўляць Беларусь у свеце. Ва ўсіх эсэ я пісала тое, што сапраўды адчуваю і думаю, — гэта і апынулася тым, што было патрэбна.

Каледж UWC у Індыі. Фота: facebook.com/uwcmahindracollege

Пасля гэтага з 350 абітурыентак і абітурыентаў журы запрасіла 30 на наступны этап адбору, дзе трэба было цэлы дзень выконваць заданні разам.

— Гэта робіцца, каб паглядзець, як ты працуеш у камандзе, — тлумачыць Аля. — Як камунікуеш і дамаўляешся з іншымі. Зусім неабавязкова паказаць сябе лепш за ўсіх: я не ўспрымала людзей як супернікаў, хутчэй — як разумнае сяброўскае кола, у якім можна добра правесці час.

Але нас таксама чакала суразмоўе сам-насам з прадстаўніцай журы: гэта апынулася самым стрэсавым момантам, бо сваімі правакацыйнымі пытаннямі яна заўсёды вымушала мяне нібыта абараняцца і контраргументаваць. Напрыклад, пытала, ці сапраўды я думаю, што мая пэўная дзейнасць дапаможа людзям.

Пытанні былі вывернутыя такім чынам, нібыта ўсё, што я рабіла, сапраўды было не вартае таго. І мне падалося, што хутчэй яна глядзела не на самі адказы, а на маю рэакцыю: як я буду паводзіць сябе ў такой стрэсавай сітуацыі. І шчыра, я думала, што ўсё заваліла, таму астатнюю частку дня проста атрымлівала задавальненне ад камунікацыі з людзьмі і думала, што не прайшла. І была ў шоку, калі давелалася, што трапіла ў дзясятку!

Пасля гэтага было апошняе сумоўе з прадстаўнікамі Міжнароднага камітэту: яны распытвалі пра цікаўнасці будучых студэнтак і студэнтаў і накіроўвалі іх у пэўны філіял UWC у свеце. Так Аля трапіла ў Індыю.

Фота з асабістага архіва Алі

— Але насамрэч філіял не мае значэння, бо праграма IB паўсюль аднолькавая, — нагадвае дзяўчына. — Таксама нацыянальны камітэт сам шукае спонсараў на стыпендыі, абітурыенткам і абітурыенткам трэба толькі даслаць дакументы пра заробкі бацькоў.

У беларусак і беларусаў добрыя шанцы атрымаць поўнае фінансаванне: навучанне ў Коледжах сеткі вельмі дарагое, таму нават высокія заробкі не будуць падавацца дастатковымі для аплаты навучання. Я атрымала поўную стыпендыю на пакрыццё вучобы, пражывання ў кампусе ў пакоі на чатырох чалавек і харчавання. Таму б раіла не баяцца падавацца і быць самім сабой, праходзячы ўсе этапы адбору.

Як вучыцца

З прапанаванай праграмы вучаніцам і вучням Коледжу трэба абраць шэсць блокаў прадметаў. Аля вывучае англійскую мову і літаратуру, глабальную палітыку і візуальнае мастацтва на павышаным узроўні, а матэматыку, Environmental system and society (прадмет, нечым падобны да экалогіі) і іспанскую мову — на базавым.

Вучыць прадметы на розных узроўнях — абавязковая ўмова. Гішпанскую Аля выбірала стратэгічна: яна ведала, што ў кампусе будзе шмат гішпанамоўных людзей, таму цяпер у яе ёсць пастаянная практыка.

Фота: uwcmahindracollege.org

­­— Праграма IB — найлепшае, з чым я магла сутыкнуцца, — кажа Аля. — Цяпер я не разумею, як дзесяць год вучылася ў беларускай школе, дзе трэба было атрымаць ацэнку проста за пераказ падручніка. Тут у нас амаль па ўсіх прадметах наогул няма падручнікаў! Навучанне пабудаванае на размовах, спрэчках, дэбатах, каманднай працы.

Іспыты — не тэсты, а нешта кшталту эсэ, дзе табе трэба апісаць як тэорыю, так і прыклады і ўласнае меркаванне. Настаўнікі заўсёды радыя дапамагчы, падказаць. Адна з іх нават дала нам адмысловыя спісы крыніцаў: для тых, хто лепш успрымае інфармацыю на слых, — пералік падкастаў, тым, хто любіць чытаць, — спіс артыкулаў і гэтак далей. І хаця тут я вывучаю нашмат менш прадметаў, чым у беларускай школе, палёгкі не адчуваецца: аб’ём працы велічэзны. Таму варта адразу выбіраць прадметы, якія падабаюцца, — тады вучыцца будзе цікава.

Акрамя акадэмічнага жыцця, у каледжах UWC важная грамадская актыўнасць. Таму кожная і кожны мусіць выбраць сабе тры кірункі для дзейнасці. Першы з іх — валанцёрства. Другі і трэці — клубы па цікаўнасцях, адзін з які звязаны з мастацтвам, а іншы — са спортам.

— У валанцёрстве важна абраць нешта, каб дапамагаць іншым, — тлумачыць Аля. — Напрыклад, наш каледж знаходзіцца ў гарах, каля яго ёсць некалькі бедных вёсачак. Таму некаторыя абіраюць дапамагаць людзям адтуль: выкладаць мясцовым дзеткам ангельскую мову ці музыку, дапамагаць жанчынам з рэалізацыяй упрыгожванняў, якія яны робяць. Я працую ў школьнай бібліятэцы і вучу персанал Коледжу ангельскай мове. У іх ёсць свая вечаровая школа, дзе я выкладаю пасля сваіх заняткаў і імпрэзаў.

Таксама я абрала пісьменніцтва: гэта падобна на клуб, дзе мы размаўляем пра жанры, кнігі, пішам матэрыялы для школьнай газеты. Мой спартовы кірунак — афралацінскія танцы. Дзякуючы ім я не проста займаюся актыўнасцю, але і вывучаю краіны праз іх культуру. Наогул, я вельмі пашырыла сваё ўяўленне пра свет за год у інтэрнацыянальным асяродку: напрыклад, я не ўяўляла, наколькі сур’ёзна ў некаторых краінах ставяцца да рэлігіі.

Усе гэтыя чыннікі — грунт для падрыхтоўкі актыўных грамадзянак і грамадзянаў свету, што з’яўляецца вялікай каштоўнасцю для UWC. Аднак гэта і вялікая нагрузка: часта ў навучэнцаў застаецца вольнай толькі субота.


Чытай яшчэ:


— Сярод вучняў Коледжа нават ёсць жарт, — смяецца Аля. — Маўляў, у нашай сістэме адукацыі ёсць тры кампаненты, якія нельга парушаць: сон, сацыяльнае жыццё і вучоба, але абраць з іх ты можаш толькі два. Таму калі вы хочаце паступаць сюды, трэба быць гатовым, што вольнага часу амаль не будзе. Я раю ў першую чаргу думаць пра сябе і выбіраць толькі сапраўды цікавыя вам прадметы і заняткі, бо інакш можна ўзвыць ужо праз два тыдні. Нават цяпер у мяне канікулы, але на лета задалі шмат працы.

Але гэта шмат дае табе. Пасля гэтых напружаных двух гадоў будзе прасцей і паступіць у еўрапейскі ўніверсітэт, і вучыцца там. За гэты час я больш вывучыла ангельскую мову, атрымала добрыя камунікатыўныя навыкі. Бо кожны раз трэба імкнуцца знайсці падыход да людзей з рознымі бэкграўндамі, а таксама выбудоўваць свае межы.

Напрыклад, калі трэба сказаць сябрам, што ў мяне сёння няма рэсурсаў праводзіць час з імі, таму цяпер я пайду чытаць. Я стала добра разумець тайм-менеджмэнт і планаваць кожную гадзіну. Хаця гэта цяпер адчуваецца крыху стрэсова, у будучыні гэта той скіл, за які я скажу дзякуй.

Яшчэ я знаходжу свае метады эфектыўна вучыцца. Калі ў мяне ёсць вольныя паўгадзінкі паміж івэнтамі, я не буду сядзець у тэлефоне, а пачытаю артыкул па якой глабальнай палітыцы — абіраю нешта нескладанае. А калі не хачу нечага рабіць — напрыклад, задачкі па матэматыцы, кажу сабе: «Так, ты будзеш рабіць матэматыку наступныя 10 хвілін. Гэта ж вельмі мала, але лепш, чым нічога!» І часцей за ўсё гэта перарастае ў большы час, хаця ў любы момант я магу спыніцца, адчуваючы, што зрабіла нешта карыснае. І нават гэтыя дзесяць хвілін будуць спрыяць агульнаму выніку, да якога я імкнуся.

Калі вучоба падалася цікавай, раім падпісацца на старонкі ў Instagram Беларускага нацыянальнага камітэту, а таксама зазірнуць на сайт Коледжу, у якім навучаецца Аля. Знайсці Коледжы ў іншых гарадах можна па гэтай спасылцы.

Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.


Ліка Юр’ева