University of Tartu

Універсітэт Тарту прапаноўвае шэраг бакалаўрскіх, магістарскіх і PhD праграм на англійскай мове.

Універсітэт Тарту займае 358-е месца ў рэйтынгу QS World University Rankings, а таксама з’яўляецца адным з чатырох найлепшых універсітэтаў рэгіёна Еўропы і Цэнтральнай Азіі, якія развіваюцца (QS EECA). Цяпер тут навучаецца каля 1 800 замежных студэнтаў са ста краін свету. Каля 74% выкладчыкаў маюць доктарскую ступень. Ён уваходзіць у 1,2% лепшых універсітэтаў свету і ў лік 1% самых цытуемых універсітэтаў і даследчых устаноў свету.

University of Tatru
Кампус універсітэта. Арыгінал фота: twitter.com/unitartu

Галоўны кампус універсітэту месціцца ў Тарту, які знакаміты як студэнцкая сталіца Эстоніі. Згодна з LivCom Awards 2019, гэта адзін з лепшых гарадоў для пражывання студэнтаў.

Таксама ўстанова — адна з самых паважаных цэнтраў адукацыі і даследаванняў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Тартускі ўніверсітэт мае 72 універсітэты-партнёры з 26 краін.

Паступленне і навучанне

Залічэнне адбываецца адзін раз у год, вясной, а перыяд падачы дакументаў доўжыцца з сярэдзіны снежня да сярэдзіны красавіка кожнага году.

Для паступлення трэба падаць заяўку з электроннымі копіямі ўсіх неабходных дакументаў праз Estonia.Dreamapply.com. Замежныя студэнты і студэнткі мусяць аплаціць рэгістрацыйны збор у памеры 50 еўра (калі толькі яны не закончылі мінулы ўзровень навучання ў Эстоніі). З адным такім аплочаным унёскам можна падацца на дзве праграмы.

Відэатур па кампусах універсітэта Тарту

Сярод патрэбных дакументаў — даведкі пра папярэднюю адукацыю, сертыфікаты валодання ангельскай мовай, матывацыйны ліст.  

Тартускі ўніверсітэт мае чатыры факультэты: гуманітарны, сацыяльных навук, навукі і тэхнікі, медыцыны. Ён прапаноўвае праграмы на ангельскай, эстонскай і расейскай мовах. Можна абраць адну з 147 праграмаў (поўны спіс). Сярод іх — дэзінфармацыя і ўстойлівасць грамадства, прадпрымальніцтва ў эканамічнай палітыцы, еўрапейскія мовы і культуры, фалькларыстыка і прыкладное спадчыназнаўства, геаінфарматыка для ўрбанізаванага грамадства.

Фінансавыя ўмовы

Сярэдні кошт навучання — 3 800 еўра. Мажліва атрыманне стыпендый, якія прадастаўляе ўніверсітэт. Кожны, хто падае заяўку на міжнародную праграму бакалаўрыята і магістратуры, будзе аўтаматычна разглядацца для атрымання стыпендыі. Таму асобна на яе падавацца не трэба. Тыя, хто атрымае стыпендыю, мусяць адпавядаць пэўнаму ўзроўню навучання. 

Таксама можна падацца на Эстонскую нацыянальную стыпендыяльную праграму для замежных студэнтаў (дэдлайн падачы — 01.09.2023), стыпендыю Estophilus. Ёсць некалькі стыпендый для тых, хто ўжо навучаецца. 

Унутры кампуса ўніверсітэта Тарту. Фота: studyinestonia.ee

Таксама студэнткі і студэнты могуць хадайнічаць аб стыпендыях, якія пакрываюць выдаткі на пражыванне ў Эстоніі. 

Пражыванне

Студэнты і студэнткі жывуць у інтэрнатах або ў кватэрах. Замежныя вучні звычайна абіраюць студэнцкі інтэрнат на вуліцы Raatuse ў цэнтры горада. 

Атрымліваць актуальная абвесткі можна праз суполкі ў Facebook, Instagram ці Linkedin.

> Афіцыйны сайт Тартускага ўніверсітэта

Ты ведаеш кагосьці, хто вучыўся ці цяпер вучыцца ў Тартускім універсітэце? Калі ласка, напішы нам на пошту adukacyja@gmail.com і дапамажы звязацца з гэтым чалавекам, каб мы маглі расказаць пра яго ці яе досвед вучобы там.

Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.