Кажуць: хочаш жыць — умей круціцца. Асабліва — у часы студэнцтва, калі маміны слоікі з памідорамі няздольныя насыціць малады арганізм, а хочацца яшчэ чымсьці сябе папесціць.
Але ж галота на выдумкі хітрая, таму студэнты і студэнткі заўсёды прыдумваюць арыгінальныя спосабы падзарабіць. adu.place даведаўся ў сяброў і сябровак, як яны падпрацоўвалі падчас студэнцтва, і склаў восем топавых гісторый, як знайсці лішнія грошыкі.
Гісторыя першая

У перапынках паміж вучобай на першых курсах каледжу (ліпень/жнівень) былі халодны вулічны продаж кнігаў, фасоўшчыца агародніны на заводзе кансерваў, фасоўшчыца насавых хустэчак на гарадзенскай папяровай фірме. Пазней на старшых курсах падпрацоўвала як харыстка альт у каложскай царкве. Там плацілі трохі, плюс гэта была падрыхтоўка слыху да іспыту па сальфеджіо ў кансерваторыі.
Пазней у Мінску ўжо займалася продажам фільтраў для вады (там шмат грошаў атрымалася зарабіць). Калі вучылася ў Польшчы ва ўзросце 28-30 гадоў, то ўжо нічога не рабіла дзеля грошаў, толькі грамадскія праекты і валанцёрства, бо ўдалося ў Беларусі бізнес арганізаваць і назбіраць капітал.
Гісторыя другая

Калі я з’ехала ў Кітай у 17, то адразу прызабіла на вучобу. З 9-й да 14-й — вучылася, з 15-й да 20-й — працавала амаль кожны дзень, дамашку рабіла як патрапіла. Потым здарылася Амерыка, я працавала 20 гадзін на тыдзень на кампусе і 15-20 гадзін — анлайн. Да таго ж брала любыя падпрацоўкі. Пераклад? Выдатна! Просты дызайн? Бяру! Наладзіць таргет? Па-хуткаму навучылася і зрабіла.
Яшчэ паўгода жыла ў Швецыі, там было нашмат прасцей. Амерыканскі ўніверсітэт даваў такую велізарную стыпендыю, што можна было не працаваць, але я два разы на тыдзень працавала бармэнам па вечарах, тры разы на тыдзень — барыста і на выходных фоткала людзей у начным клубе.
Гісторыя трэцяя

Я цягаў вокны на будоўлі, але ў асноўным — пісаў дыпломныя і курсавыя. Цікава, што я іх пачаў пісаць з-за таго, што сам калісьці замовіў на другім курсе курсавую, бо пракрастынаваў і адкладаў яе напісанне на апошні дзень. Пачаў яе чытаць — і мне не спадабалася. За адну ноч перарабіў яе і зразумеў, што магу сам лёгка пісаць курсавыя.
Гісторыя чацвёртая

Я займалася матэматыкай са школьнікамі і школьніцамі, вышматам — з завочнікамі і завочніцамі. Быў грэх, здавала за завочніц тэсты па вышмату і матэматычнай тэорыі. Кепскі час, цяжка было і працаваць, і вучыцца, і пры гэтым не падохнуць з голаду. Бацькі плацілі за адукацыю, падтрымліваць яшчэ жыццё ў Менску з вясковым заробкам атрымлівалася як атрымлівалася. Адны бацькі маёй вучаніцы прадавалі мужчынскія касцюмы на Жданах — на выходных падзарабляла яшчэ і там.
На апошнім курсе ўжо працавала па спецыяльнасці пасля першай практыкі. Дзякуй богу, што гэты час зневажанняў скончыўся і можна проста выгараць у іншых месцах.
Гісторыя пятая

Я ляпіла аб’явы і па скрынях іх разносіла. Гэта яшчэ і зімой было, у мяне працякалі чаравікі, і я на ногі пакеты ўнутр чаравіка апранала, каб хоць неяк хадзіць. Гэта самая жудасная праца ў свеце. А потым на другім курсе мяне ўзялі трэнерскай па шахматах працаваць у прыватную шахматную акадэмію — і жыццё наладзілася.
Гісторыя шостая

Мне ў 17 гадоў ніхто не дазваляў у Нямеччыне працаваць, але праз доўгія пошукі знайшла пякарню, дзе працавала па выходных. Там я прадавала булачкі, рабіла каву, прыбірала напрыканцы смены ўсё, мыла падлогу. Так атрымалася 70% жыццёвых расходаў прыблізна самой пакрываць, з астатнім дапамагала сям’я (была дамова, што яны мне кошты на ежу пакрываюць, астатняе — сама). Пасля ўжо было прасцей працу знайсці на 20 гадзін у тыдзень у офісах: спачатку асістэнткай, потым — HR.
Гісторыя сёмая

Першыя паўгода мінімальная стыпендыя выходзіла ў мяне 40 рублёў пасля аплаты за гуртожытак. Тады ж я прасякла, што не ўсе ва ўніверсітэтах любяць вучыцца і на гэтым можна зарабляць.
Пачала рабіць працы для аднагрупнікаў і аднагрупніц, малодшых і нават старэйшых курсаў. Адначасова падымала свой агульны бал, дайшоўшы да 9-10, атрымала свае 120 рублёў і яшчэ 50%, як надбаўку за старасту. А з улікам сваяго “бізнесу” мела яшчэ 100-200$. Былі і больш дрэнныя часы для “бізнесу”: напрыклад, пачатак семестра, дзе працы здаваць ад студэнтаў і студэнтак яшчэ не патрабавалі. Там дапамагалі накопленыя грошы за летнія падпрацоўкі.
Гісторыя восьмая

Калі пайшоў ва ўнівер, была падвышаная стыпендыя, надбаўкі за аркестр, спартыўныя спаборніцтвы, навуковыя працы. Потым пачаў працаваць у лабараторыі, але туды не так лёгка было патрабіць. Летам працаваў на заводзе слесарам-зборшчыкам бытавой тэхнікі другога разраду ад БРСМ.
Ты таксама хочаш падзяліцца сваёй гісторыяй? Смела пішы нам у Telegram-бот.