Да такой высновы прыйшлі ў Англіі. FFT Datalab правялі аналіз, па выніках якога ў школах для дзяўчынак назіраўся 10% прырост у адзнаках GCSE* у 2023 годзе. Пры гэтым у хлопчыкаў не былі заўважаныя змены ў параўнанні з равеснікамі ў змяшаных школах.
Кэт П’ю, дырэктарка школы для дзяўчынак у Лондане сказала, што адным з магчымых тлумачэнняў розніцы ў паспяховасці з’яўляецца тое, што дзяўчынкі вельмі добра ўмеюць пераймаць метады сваіх паспяховых аднакласніц, а таксама адчуваюць культуру дасягненняў і жаночага таварыства, у якім дзяўчаты спрыяюць дасягненням адна адной і могуць без ціску ганарыцца тым, што добра вучацца.
Да таго ж, навучэнкі такіх школ з большай верагоднасцю абіраюць матэматыку, прыродазнаўчыя навукі і інфарматыку для вывучэння.
“У сувязі з тым, што хлопчыкі больш «знешне ўпэўненыя», — кажа Дона Стывенс, выканаўчая дырэктарка Асацыяцыі дзявочых школ Вялікабрытаніі, — для некаторых дзяўчынак гэта сапраўды пачынае ўплываць на веру ў сябе і ўпэўненасць, калі яны ўвесь час чуюць гэта ў класе».
Аднаполыя школы, як правіла, сканцэнтраваны ў больш заможных частках краіны. Нягледзячы на тое, што гэтыя і падобныя прычыны абумовілі лепшыя вынікі па экзаменах для хлопчыкаў, у дзяўчынак яны склалі толькі 90% поспеху, што пакідае 10% нявызначанымі і фактычна падцвярджае вынікі даследавання.
Крыніца: The Guardian
* GCSE (General Certificate of Secondary Education) — шэраг экзаменаў, якія здаюць школьнікі ва ўзросце 15-16 гадоў. Каб патрапіць у старэйшую школу, неабходна атрымаць па пяці ці болей прадметах адзнакі ў мінімум чатыры ці пяць.