Ці магчыма навучыцца лідарству? Даведайся з нашых лайфхакаў!

Times вызначыў топ амерыканскіх кампаній і ўніверсітэтаў, якія фармуюць будучых лідараў і лідарак. Каб атрымаць даныя па навучальных установах, Time і Statista прааналізавалі рэзюмэ 2000 прадстаўнікоў і прадстаўніц вышэйшага кіраўніцтва ЗША — сюды ўваходзяць прадстаўнікі і прадстаўнічкі палітыкі, кіраўніцтва фірмаў, прафсаюзаў, лаўрэаты і лаўрэаткі розных прэмій. 

Эксперты і эксперткі ўпэўненыя, што справа не абавязкова ў тым, што ў пэўных месцах студэнтаў і студэнтак вучаць быць лепшымі лідарамі, а ў тым, што выпускнікі і выпускніцы атрымліваюць больш магчымасцяў. Таму шмат якіх кампаніі зацікаўленыя наняць іх: чым бы патэнцыйныя супрацоўнікі і супрацоўніцы ні займаліся падчас вучобы, іх адрозніваюць дзве рэчы.

Па-першае, яны могуць вытрымаць складаны працэс паступлення. Па-другое, з высокай верагоднасцю яны маюць высокі інтэлект. 

«Я ўпэўнены, што [менеджэры па найму] маглі б знайсці больш, чым пару добрых студэнтаў у буйных дзяржаўных універсітэтах. Але яны таксама могуць знайсці 30 з іх у Гарвардзе. Я думаю, што ў людзей, якія вучыліся ў Гарвардзе ці падобных школах, значна больш шанцаў атрымаць шанец», — распавёў Дэвід Дэмінг, прафесар палітычнай эканоміі Гарвардскай школы Кенэдзі.

У топ-10 спісу TIME — Harvard University, Stanford University, University of Pennsylvania, Columbia University, Massachusetts Institute of Technology, Yale University, Princeton University, Northwestern University, University of Michigan, University of Chicago. 

Але мы ў adu.place упэўненыя, што не толькі навучальная ўстанова можа развіць твае здольнасці. Бо лідарства можна развіць, як і любы soft skill. Таму калі ты хочаш прашарыцца ў лідарстве, падрыхтавалі для цябе пару крыніц, з чаго можна пачаць. А там і да Кембрыджу недалёка!

Што адрознівае лідараў і лідарак?

Прама цяпер можна знайсці процьму кніжак ці відэа, якое тлумачыла б табе пра сучаснае лідарства. Класік падручнікаў па тэме Джон Максвэл вылучае ажно 21 рысу, якая адрознівае лідараў і лідарак. Сярод іх — шмат soft-skills. Таму вядома, калі хочаш навучыцца весці за сабой людзей, трэба пакрыху іх пракачваць: вучыцца камунікаваць, рызыкаваць, аналізаваць, разумець у сфакусаванасць і ініцыятыўнасць, быць упэўненымі і самадысцыплінаванымі. Карацей, адным тэкстам не навучыцца!

Але паспрабуем разабрацца хаця б у тым, які напрамак узяць! У мегапапулярным выступе TED Разалінда Торэс распавядае, як 25 гадоў назірала, што робіць вялікімі лідараў і лідарак і падзялілася сваімі назіраннямі. Яна ўпэўненая, што сучасных лідараў і лідарак вылучае тое, што яны рыхтуюць сябе не для камфортнай прадказальнасці ўчора, а для рэчаіснасці сёння і невядомых магчымасцяў заўтра. 

На яе думку, лідарства ў наш час вызначаецца трыма пытаннямі.

Першае — тое, у якім напрамку вы глядзіце, калі прадчуваеце змены ў працоўным ці прыватным жыцці? Адказ на яго — у вашым нататніку. З кім вы бавіце час? Якія тэмы абмяркоўваеце? Куды вы падарожнічаеце? Што вы чытаеце? Як усё гэта вы потым трансфармуеце ў разуменне патэнцыйных праблемаў і прыняцце рашэнняў, каб быць падрыхтаванымі дзейнічаць прама цяпер?

«Вялікія лідары не глядзяць сабе пад нос, яны бачаць магчымасці за вуглом, якія фармуюць іх, а не проста рэагуюць на іх», — кажа Разалінда. 

Другое пытанне — наколькі разнастайныя вашы прафесійная і асабістая сетка кантактаў? Лідараў і лідарак адрознівае здольнасць падтрымліваць і развіваць стасункі не толькі з тымі, з кім камфортна, а з тымі, хто моцна адрозніваецца ад іх — біялагічна, культурна, палітычна ці іншым чынам. Тое, што ў камандзе ёсць людзі, якія думаюць інакш, дазваляе прымаць больш лепшыя рашэнні.

Трэцяе пытанне — ці дастаткова вы смелыя, каб адмовіцца ад практык, якія зрабілі вас паспяховым у мінулым? Калі проста плысці за вадой, вы будзеце працягваць рабіць тое, што зручна і камфортна, а варта адважвацца быць іншымі. Найбольш цікавае развіццё адбываецца, калі вы можаце выпрацаваць эмацыйную трываласць, каб не паддавацца людзям, што кажуць, што вашая новая ідэя наіўная. 

Яшчэ па тэме можна паслухаць выступ, які тлумачыць, чаму добрыя лідары і лідаркі ствараюць вакол сябе асяродак бяспекі:

Калі ўсяго гэтага мала, прапаноўваем хард-узровень — гадзінная размова экспертаў у галіне лідарства Джэка Вуда і Аляксея Уланоўскага. Яны разважаюць, якія інстынкты стаяць за лідарствам, як разумець яго глыбей, разумеючы працэсы ў суполцы? Чаму ствараць спісы лідарскіх кампетэнцый малаэфектыўна? Чаму для змены сябе недастаткова практыкаваць медытацыю і рэфлексію? Ці можна ў прынцыпе змяніць сябе не касметычна, а структурна? Карацей, будзе грунтоўна!

Вядома, вучыцца варта ў найлепшых, таму пакідаем табе спасылкі на некалькі выступаў лідараў і лідарак, якія зараджаюць імпэтам у розных напрамках.

(Прамова спадарыні Марын, якая непасрэдна тычыцца лідарства, распачынаецца ў 6.26).

Што пачытаць па тэме?

  1. Джон Мілер «5 прынцыпаў праактыўнага мыслення».
  2. Джо Оўэн «Даведнік лідара. 90 навыкаў для роста і развіцця».
  3. Дэвід Рубенштэйн. «Быць лідарам. Правілы выбітных СЕО, палітыкаў і грамадскіх дзеячоў XXI века».
  4. Джон Хенэсі «Прынцыпы лідара. Урокі майго жыцця».
  5. Альфрэд Лансінг «Лідарства ў ільдах».

Ліка Юр’ева