У 10 класе беларуска Ганна Сямёнава паглядзела фільм Юрыя Дудзя пра Крэмніевую даліну і вырашыла паступаць у Амерыку. Марай дзяўчыны стаў універсітэт у Стэнфардзе, які яна скарыла з другой спробы. Ганна распавяла adu.place сем гісторый, як паступаць і навучацца ў адным з самых прэстыжных універсітэтаў свету.
Гісторыя першая. Пра персанальны брэнд
— Пасля фільма Дудзя я зразумела, што мне вельмі падабаецца Стэнфард. Але я думала, што гэта не пра мяне, бо там вучацца геніі, а я ім не была і навучалася ў звычайнай гімназіі ў Менску. Але выпадкова паглядзела вебінар з рэкламы ў Instagram пра паступленне і пачала рыхтавацца.
Першая спроба ў 2021 годзе была няўдалай: мяне ўзяў толькі адзін універсітэт, але я не вельмі хацела туды ісці. Бо па-першае, яны пагадзіліся аплаціць толькі навучанне, па-другое, гэта быў не Стэнфард. Тады я вырашыла ўзяць gap year (перапынак у вучобе, які людзі бяруць, каб набрацца досведу і пэўных навыкаў, паразважаць над мэтамі і перспектывамі – заўвага рэдакцыі) і перапаступаць у наступным годзе.
Калі ідзеш у амерыканскі ўніверсітэт, у заяўцы трэба пабудаваць свой асабісты брэнд. У прыёмнай камісіі ёсць хвілін 15 на твае дакументы, і твая мэта — каб па сканчэнні гэтага часу цябе можна было вельмі канкрэтна апісаць у адным-двух сказах. Калі будзеш проста разумным чалавекам з ідэальнымі адзнакамі і рэзультатамі тэстаў, які шмат усяго зрабіў, цябе ніхто не возьме.
Таму трэба рабіць асабісты брэнд яшчэ задоўга да паступлення, займацца тым, што табе і праўда цікава. І ўжо потым пісаць заяўку, раздзяліўшы яе па сферах, дзе кожная частка будзе падкрэсліваць твой брэнд і раскрываць яго. Памятай, што калі ўніверсітэт гатовы даваць табе 350 тысяч даляраў за навучанне, то нечага чакае і ад цябе: ва ўсім, што чытаюць універы, яны мусяць пабачыць карысць ад чалавека.
Гісторыя другая. Пра дзесяць эсэ
— У ЗША ёсць сістэма Common App, праз якую ідзе падача ў амаль усе ўніверсіэты. У тым ліку, туды трэба дадаць галоўнае эсэ на 650 слоў — Personal Statement, якое ідзе ва ўсе ўніверсітэты. І далей кожная ўстанова просіць свае эсэ: у Стэнфард я пісала дзевяць дадатковых эсэ. Апроч гэтага, трэба дадаць ліст з апісання дзесяці тваіх актыўнасцей, рэкамендацыйныя лісты, вынікі моўных іспытаў, а таксама SAT або ACT. Апошні тэст я не далучала, бо ў мой час гэта было апцыянальна. Але гэта было досыць рызыкоўна: без гэтых вынікаў яны не могуць ведаць, наколькі я акадэмічна падкаваная паводле іх сістэмы.
Лічыцца, што ў эсэ мусіць быць персанальная гісторыя пра нешта, што змяніла жыццё апліканткі ці апліканта. Трэба пачаць тэкст з хука, паглыбіць чытача ў атмасферу і напісаць рэфлексію на ўласны досвед, якая паказала бы, што вылучае цябе ў жыцці і што ты хочаш рабіць з гэтым у будучыні. Я пісала, як мой асабісты досвед паўплываў на тое, што я пачала працаваць з дзецьмі з нейрафізіялагічнымі асаблівасцямі і як гэта перарасло ў платформу для дапамогі дзецям з ДЦП. У галоўным эсэ паўсюль была мая рэфлексія.
Да дадатковых эсэ таксама можна падрыхтавацца загадзя: тэмы з’яўляюцца на сайце кожны год першага жніўня. У Стэнфардзе была самая вялікая колькасць дадатковых эсэ: пяць з іх было на 50 словаў, яшчэ тры — на 250. Яшчэ адно эсэ ў мяне было, таму што я падавалася другі год запар і мяне прасілі патлумачыць, як я вырасла за гэты год.
Чытай іншыя гісторыі:
- «Ты становішся амбасадаркай сваёй краіны». Як паехаць у ЗША па Fulbright
- Пяць прычын, чаму мне не падабаецца вучоба ў Швецыі
- Як «узламаць» замежную ВНУ з трэцяй спробы: досвед Дзяніса Рабчука
Гісторыя трэцяя. Пра перасячэнне досведаў
— Персанальны брэнд, які ты выбудоўваеш у эсэ, мусіць падмацоўвацца іншымі дакументамі, якія ты прыкладаеш. Напрыклад, можна абраць тры сферы, якія максімальна перакрэсліваюцца адна з іншай, і зрабіць усе актыўнасці і ўзнагароды, звязаныя з гэтым. Пажадана, каб актыўнасці былі сусветнага ўзроўню, якія б падкрэслівалі тваю дзейнасць.
Я мела фінансаванне, гранты на праекты, бо яшчэ ў школе з камандай мы стварылі мабільны дадатак, які быў накіраваны на інклюзію падлеткаў ды сталых людзей і дапамагаў ім знайсці спецыяльнасць. З ім я трапіла ў топ-20 прадпрымальнікаў і прадпрымальніц у Еўропе да 20 гадоў. У журы на адзін грант нават быў амерыканскі філантроп Рычард Брэнсан.
Шукаць такія актыўнасці можна, звяртаючы ўвагу на праблемы ў сваім кам’юніці і спрабуючы іх вырашыць праз праекты і валанцёрствы, якія табе цікавыя. Калі нічога няма побач, заўсёды можна стварыць самому. Ці пачаць са школьнага кіравання, напрыклад, арганізацый кшталту «Чырвонага Крыжа» або UNICEF.
Падмацаваць досвед трэба рэкамендацыйнымі лістамі ад двух настаўнікаў ці настаўніц у школе і саветніка (eng. School counselor): у беларускіх школах няма такой пасады, таму трэба будзе вызначыцца з аналагам. Я раіла б звярнуцца да класных кіраўнікоў і кіраўніц, бо яны лепш цябе ведаюць. Таксама трэба патлумачыць ім не пісаць пра «добрую паслухмяную дзяўчынку», а распавядаць, як чалавек раскрываўся праз розныя сітуацыі падчас навучання. Я б раіла толькі накіраваць тых, хто будзе вас рэкамендаваць, але не пісаць лісты за іх цалкам: у такіх рэчах вельмі чуецца асабісты голас, а ў прыёмнай камісіі дастаткова разумныя людзі, каб зразумець твой стыль”.
Гісторыя чацвёртая. Пра фінансаванне
— Калі падаеш дакументы ў амерыканскі ўнівер, трэба пазначаць, ці патрэбнае табе фінансаванне. І далей ужо залежыць ад канкрэтнай установы. Для некаторых усе апліканты і апліканткі стаяць у адным шэрагу, незалежна ад таго, ці патрэбныя ім грошы на вучобу. Але ў большасці выпадкаў твае шанцы паступіць зніжаюцца, калі табе патрэбна фінансаванне: Стэнфард у гэтым ліку.
Але я трапіла ў той невялікі адсотак міжнародных студэнтаў і студэнтак, каму стыпендыя пакрывае і навучанне, і пражыванне, і два пералёты на год. Нам нават даюць стыпендыю 2 000 даляраў на зімовыя вакацыі, калі нам трэба з’ехаць з кампуса.
Гісторыя пятая. Пра заняткі ў Стэнфардзе
— У прыватных універсітэтах ЗША ты паступаеш не на праграму, а проста ва ўніверсітэт. І толькі потым, на 2-3 курсе можаш абраць спецыяльнасць. Я правучылася год і думаю абіраць навуку пра даныя (eng. Data science).
Наогул жа вучоба складаецца так, што ты мусіш набраць пэўны набор абавязковых крэдытаў, каб закрыць пэўныя патрабаванні. Шмат з іх накіраваныя на кругагляд: напрыклад, у другой чвэрці я вывучала рыторыку. Нават калі ты пакуль не разумееш, якую галоўную дысцыпліну хочаш узяць, але прыблізна адчуваеш, што табе падабаецца праграмаванне, абярэш матэматыку і камп’ютарныя навукі.
Можна набраць і шэраг цікавых курсаў, але трэба памятаць, што ніхто не будзе за табой бегаць, калі ты не закрыў абавязковыя патрабаванні: гэта цалкам на тваім сумленні. Не закрываеш — вучышся яшчэ адзін год або чвэрць, што ўжо не пакрывае фінансаванне. Гэтая сістэма навучання цалкам пабудаваная на поўнай свабодзе выбару: гэта мяняе тваё мысленне.
Гісторыя шостая. Пра 600 чалавек на занятку
— Класічныя курсы ў Стэнфардзе звычайна вялікія. Напрыклад, на праграмаванні са мной у класе было яшчэ 600 чалавек. Вядома, там з выкладчыкамі і выкладчыцамі асабліва не паразмаўляеш, але заўсёды можна задаць пытанні на адмысловай платформе, прыйсці пагутарыць у офісныя гадзіны ці паразмаўляць з асістэнтамі ці асістэнткамі на дэпартмэнтах: звычайна гэта студэнты і студэнткі магістарскіх і доктарскіх праграмаў. Але клас па рыторыцы складаўся з 12 чалавек: вядома, у такіх умовах можна абмеркаваць усё больш падрабязна.
Наогул гэта агромністы досвед — паразмаўляць з людзьмі, якія стварылі цэлыя метадалогіі ў сваіх галінах, падыскутаваць з крэатыўнымі людзьмі з усяго свету. Мяне вельмі ўразілі сустрэчы з палітолагам і былым амбасадарам ЗША ў Расеі Майклам Макфолам, прафесарам Аланам Вейнэрам.
Адметна, як выкладчыкі і выкладчыцы тут ставяцца да студэнтаў і студэнтак: яны імкнуцца клапаціцца пра ментальнае здароўе, робяць класы ўключанымі для кожнай і кожнага. У Стэнфардзе можна сустракацца з цікавымі людзьмі не толькі на парах: на адным з мерапрыемстваў я гутарыла з прэзідэнтам Фінляндыі Саўлі Ніінісцё.
Таксама ў Стэнфардзе адбываецца самы вялікі хакатон у ЗША для студэнтаў і студэнтак, ладзяцца кірмашы вакансій, дзе розныя кампаніі рэкруцяць сабе людзей. Хаця ў міжнароднікаў і міжнародніц ёсць абмежаванні па працы ў стартапах.
Гісторыя сёмая. Пра веру ў сябе
— Калі я цяпер вяртаюся да таго фільма Дудзя, які натхніў мяне на вучобу, разумею, што агулам я атрымала тое, што чакаю. Хаця ёсць некаторыя адрозненні: я меркавала, што вучоба будзе больш кар’ерна арыентаваная, але амерыканцы і амерыканкі мала гавораць пра тое, чым займаюцца. Стэнфард апынуўся такой бурбалкай: ты можаш сядзець у кампусе тыдзень і нікуды не выязджаць. Гэта вельмі вялікі ўніверсітэт нават па памерах, і некаторым гэта не вельмі падабаецца.
Агулам, калі вы разважаеце наконт паступлення ў Стэнфард ці любы іншы топавы ўніверсітэт, добра падумайце, што вы можаце даць яму, а ён — вам. Не трэба гнацца за назвай, нашмат лепш знайсці сабе ўніверсітэт, які ідэальна вам пасуе. Бо ёсць шмат якасных еўрапейскіх універсітэтаў, якія каштуюць нашмат меней. Але калі выбар ужо зроблены, трэба не сумнявацца і верыць у сябе!
Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.
Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.
Ліка Юр’ева