Адвучыцца ў Кітаі і паступіць у Брытанію: гісторыя Вольгі Галубкі

«Шмат для каго мой досвед — гэта гісторыя пра “паспяховы поспех”: узяла — ды паступіла ў Брытанію. Але гэта не так. Для мяне вельмі важна распавесці пра свае няўдачы, бо я ведаю, што людзі часта здаюцца, калі на вучобе сутыкаюцца з рознымі ментальнымі праблемамі і не адчуваюць падтрымкі. Я не здалася, бо ў мяне не было выбару».

Вольга Галубка. Фота: асабісты архіў гераіні

Мы сустракаемся з Вольгай Галубкай за пару тыдняў да яе ад’езду на вучобу ў Вялікабрытанію. У 38 гадоў — праз 16 гадоў пасля атрымання дыплома бакалаўра ў МДЛУ — яна паступіла ў Вестмінстарскі ўніверсітэт на магістарскую праграму «Міжнародная камунікацыя, ўстанаўленне сувязей і адвакацыя». Вольга распавяла adu.place пра свой шлях да Лондана.

Мары і шлях

— Я згубіла шмат гадоў, паступаючы ў магістратуру, але гэта можна было б зрабіць раней, калі б я была больш інфармаваная. Таму я хацела б, каб людзі ў маёй сітуацыі ведалі больш.

Я была расчараваная першай адукацыяй, якую атрымала ў МДЛУ у 2007 годзе. У мяне былі ідэалістычныя ўяўленні пра ўніверсітэт як пра месца вытворчасці ведаў: такое чароўнае месца, дзе людзі задаюць пытанні і шукаюць на іх адказы, а ім даюць інструменты для гэтага. Але ў выніку я нават хацела кінуць вучобу на чацвёртым курсе: толькі мама змагла мякка накіраваць мяне да думкі, што трэба ўсё ж атрымаць дыплом. Ён потым вельмі спатрэбіўся для стажыровак і магістратуры.

Адразу пасля МДЛУ я паступіла на бакалаўрскую праграму ў ЕГУ, але ўжо па сучасным мастацтве. Я хацела па-мадэрнісцкі пачаць з нуля, але за тры семестры давучылася да нервовага зрыву і вярнулася ў Менск, дзе мяне шпіталізавалі з дэпрэсіяй. Справа была не толькі ў вялікай акадэмічнай нагрузцы, але і ў адсутнасці ва ўніверсітэце на той момант інфраструктуры для падтрымкі псіхічнага здароўя і дабрабыту студэнтаў. 

Пасля гэтага я вырашыла паступаць у магістратуру і мела некалькі спробаў. Але то спынялася на арганізацыйных момантах, то перадумвала. Напрыклад, калі ў 2017 годзе паступіла ў Вышэйшую школу эканомікі ў Маскве, зразумела, што не дам рады той звышнагрузцы, якую яны давалі людзям і дзіўным чынам ганарыліся гэтым. У 2020 годзе мне адмовілі ў Віленскім ўніверсітэце: гэта вельмі парушыла маю ўпэўненасць у сабе. Я стала думаць, магчыма, я наогул не здольная да навучання ў магістратуры, бо паступова сталі праяўляцца асаблівасці майго ментальнага стану: мне складана канцэнтравацца, эфектыўна размяркоўваць час, засвойваць прачытанае.

Моўны год у Кітаі

— Хаця ўсе складанасці тычыліся выключна фармальнай адукацыі. Я паспяхова займалася нефармальна: перакладчыцкія семінары, менскі ECLAB. У 2019 годзе я адвучылася на так званым моўным годзе ў Кітаі: на выхадзе ты не маеш акадэмічнай ступені, але прасоўваешся ў вывучэнні кітайскай мовы. У Кітаі ёсць некалькі ўніверсітэтаў сусветнага ўзроўня, а таксама ёсць магчымасць атрымаць поўную стыпендыю на навучанне. Таму я вырашыла з’ездзіць на моўны год і застацца на магістратуру, калі спадабаецца.

Кампус універсітэта ў Кітаі. Фота: асабісты архіў гераіні

Гэта быў класны досвед: я паступіла ў Джэцзянскі ўніверсітэт у Ханчжоў, які ўваходзіць у топ-3 у Кітаі і топ-50 у свеце. Яго называюць мясцовым MIT: ён рыхтуе кадры нават для касмічнай праграмы. Для навучання я атрымала стыпендыю Інстытута Канфуцыя, якая зараз называецца стыпендыяй для выкладчыкаў кітайскай мовы, але ўсё не так літаральна. Падавацца можа любы чалавек, які хоча вывучаць мову; для Беларусі выдзяляюць шмат месцаў.

Для паступлення трэба альбо вучыцца на сінолага, напрыклад, у БДУ ці МДЛУ, альбо наведваць курсы кітайскай у адным з Інстытутаў Канфуцыя, дзе табе могуць даць рэкамендацыйны ліст. Трэба сабраць звычайны пакет дакументаў аб адукацыі і напісаць матывацыйны ліст на кітайскай мове і распавесці пра досвед вывучэння кітайскай і як бачыш далей сваё жыццё ў гэтым напрамку.

Я вучыла кітайскую мову з нуля, але як лінгвістка сама кіравала працэсам і ўжо праз год сдала іспыт на B2, што дало мне магчымасць трапіць у больш прэстыжную ВНУ.

Пакой у інтэрнаце. Фота: асабісты архіў гераіні

Я наведвала курсы ў Інстытуце Канфуцыя пры БДУ і вельмі яго рэкамендую. Іх партнёрскі універсітэт — Даляньскі палітэхнічны. Там насамрэч суперпраграма, на якой я пазней таксама навучалася, але маёй мэтай быў Джэцзянскі ўнівер, і каб атрымаць рэкамендацыю, я мусіла прайсці суразмоўе з камісіяй, у тым ліку і з дырэктаркай інстытута з кітайскага боку. У чарзе было некалькі дзясяткаў чалавек, большасць з якіх — будучыя прафесійныя сінолагі з грунтоўнымі ведамі Кітая, і многія былі маімі канкурэнтамі, бо хацелі на тую ж праграму, а ліст на яе быў адзін.

Суразмоўе было вельмі жорсткім, у адзін момант дырэктарка стала размаўляць са мной на кітайскай без усякіх зніжак. Стыпендыя давалася да 35 гадоў, мне было 34. Я была старэйшая за ўсіх. Я вельмі добра ведала, чаго хачу, і таму магла лепш абгрунтаваць свой выбар і настаяць на ім. Дзякуючы гэтаму, напэўна, і атрымала той ліст. 

Пікнік для новых міжнародных студэнтаў і студэнтак. Фота: асабісты архіў гераіні.

У Кітаі мяне ўразіла, наколькі беражліва да нас ставіліся выкладчыкі. Кітайская мова — складаная і патрабавальная дысцыпліна. Але нам рэгулярна нагадвалі пра адпачынак, цярпліва ставіліся да памылак, не ленаваліся па сто разоў тлумачыць адны і тыя ж базавыя рэчы. Складанасці з запамінаннем і засваеннем матэрыял, выкладчыкі не ігнаравалі, а імкнуліся знайсці новы падыход, які спрацуе лепш. У мяне сышло напружанне, звязанае з тым, што я ўвесь час адчуваю сябе непаўнавартаснай і няздольнай да вучобы. У выніку ў мяне былі вельмі высокія адзнакі па ўсіх дысцыплінах, я паспяхова здала ўсе экзамены.

У Ханчжоў я адвучылася паўгода, а потым праз пандэмію працягнула вучобу анлайн. Я з’язджала з Кітая адначасова з пачаткам пандэміі: я злятала, а за мной закрывалі гарады.

Брытанскія крытэры

— Таму да паступлення ў Брытанію я была ўжо добра падрыхтаваная і ведала, чаго хачу, хаця і часта мяняла тэматычныя напрамкі: мне цікавыя і гісторыя мастацтва, і камп’ютарная лінгвістыка, і міжкультурная камунікацыя, і кітайская мова. Я дакладна разумела, што па патрэбным мне кірункам у Беларусі няма фундаментальнага навучання, таму стала разглядаць замежныя ВНУ.

Я шукала поўнае фінансаванне: на жаль, для беларусаў і беларусак не так шмат магчымасцяў для гэтага. У асноўным, гэта Кітай, Швецыя і Брытанія, добрыя ўмовы таксама ў Германіі і Чэхіі. Я спынілася на Вялікабрытаніі, бо магістратура там доўжыцца год, а не два, і вялікі выбар праграм на любы густ. Выбар такі вялікі, што мне давялося выпрацаваць цэлую сістэму крытэраў, па якіх я абірала ўніверсітэт.

Першасна мяне зарыентавала фінансавая праграма. Паколькі яны хочуць бачыць, што прынясе інвестыцыя ў цябе, то патрабуюць падрабязны план. Мне патрэбна было патлумачыць ім і сабе, чаго я хачу дасягнуць. І калі я задумалася над гэтым, зразумела, што мая дзіцячая мара ўніверсітэта як вытворцы ведаў для мяне больш неактуальная: я не хацела выдаткоўваць год на даследаванне, а большасць топавых брытанскіх універсітэтаў накіраваныя менавіта на гэта. Таму я стала шукаць установы, дзе для атэстацыі можна рабіць праект, а не дысертацыю.

Другім крытэрам быў клопат пра ментальнае здароўе студэнтаў і студэнтак. У мяне ўжо быў досвед, калі я не мела падтрымкі ў супольнасці, вучылася ў асяродку, дзе ёсць мільярд перакананняў супраць псіхалагічных праблемаў, таму шукала нешта іншае. Я разумею, што магла б быць больш паспяховай, калі б у мяне былі інструменты для вучобы. А пры падачы дакументаў у Брытаніі ёсць пытанне, ці ёсць у цябе інваліднасць і доўгатэрміновыя цяжкасці ў навучанні, сярод якіх у тым ліку дыслексія, трывожнасць, дэпрэсія, біпалярны разлад і СДУА (сіндром дэфіцыту ўвагі і актыўнасці). Апынулася, што яны пытаюцца, каб даць магчымасць такім людзям стаць на адну прыступку з астатнімі. Могуць, напрыклад, даць здаваць іспыт у меньшым памяшканні ці паслухаць аўдыраванне двойчы. Яны прыбіраюць гэтыя складанасці, каб ты магла праявіць сябе лепш і паказаць усё, на што ты здольная.

Я разумею, што калі б у мяне раней быў такі асяродак, які на ўсе мае цяжкасці з успрыманнем інфармацыі, сказаў бы: «Мы ведаем, што табе складана, таму вось табе копія слайдаў да лекцыі, анатаваны спіс літаратуры і дадатковы час на іспыце», то я магла б сканцэнтравацца на навучанні, а не выконванні фармальных крытэраў. Разуменне таго, што я паступаю ў такое месца, было для мяне вельмі важным. Я паступіла ў магістратуру ў 38 гадоў, таму што шмат часу выдаткавала на спробы патрапіць туды, дзе не ведаюць, што я такое і што са мной рабіць.

Брытанскія ж ВНУ часта ідуць насустрач, калі проста патлумачыць нешта. Напрыклад, лагічна падумаць, што калі ў цябе праблемы з навучаннем, ты маеш не вельмі добры сярэдні бал пасля бакалаўрыяту. Гэта не вельмі страшна, але важна звязацца з універсітэтам (напрыклад, напісаць у прыёмную камісію) і ўпэўніцца, што яны будуць разглядаць заяўку і што вам ёсць, чым гэта кампенсаваць: напрыклад, досведам працы. Не трэба думаць, што яны праігнаруюць неадпаведнасць балаў дыплому: усё трэба тлумачыць. Да таго ж, ёсць шмат добрых праграмаў, дзе не такія высокія патрабаванні да балаў дыплому і моўных іспытаў.

І трэцім крытэрам было знайсці праграму, якая б мне сапраўды пасавала. Калі я зразумела, што агульныя рэйтынгі выводзяць мяне на праграмы, накіраваныя на грунтоўную акадэмічную падрыхтоўку замест практычнага досведа, то змяніла стратэгію і пайшла на Лінкдзін. Я шукала праграму, якую заканчвалі тыя, хто цяпер працуюць у Дэпартаменце камунікацыі пры ўрадзе Брытаніі. Іх дзейнасць — мой ідэал у тым, як наладжаная структура працы, навучання супрацоўнікаў і супрацоўніц, наколькі прадуманая сістэма, якая забяспечвае камунікацыю дзяржавы з грамадствам. Апынулася, што значная частка выйшлі не з Оксфарда і Кэбрыджа, а з ВНУ пра якія я ніколі і не чула і якія не займаюць высокія месцы ў традыцыйных рэйтынгах. Так я і знайшла праграму, на якой буду вучыцца. 

Яшчэ адзін важны параметр — я хацела мець як мага больш прадметаў па выбары, каб можна было сабраць патрэбную табе праграму як канструктар. 

Найбольш мне спадабаўся Эдынбург, там было «Праектаванне і кіраванне ў сферы сервісаў і паслуг». Гэта новая праграма, яна аб’яднала розныя напрамкі маіх цікаўнасцей, бо да гэтага я думала, што я некалькі людзей у адным. Гэта быў першы выпадак, калі я настолька моцна пасавала праграме, што мне складана было апісаць гэта ў двух лістах. Але яны ўхвалілі маю заяўку занадта позна, я не змагла звесці стыпендыю і ўніверсітэт. Яшчэ два з чатырох ВНУ не разгледзелі мае заяўкі, бо проста ўжо закрылі набор на праграму на той момант, калі я іх даслала.

Таму ў выніку я паеду ў Вестмінстэрскі ўніверсітэт у Лондане, дзе буду вучыцца на праграме «Міжнародная камунікацыя, ўстанаўленне сувязей і адвакацыя». Гэта прамы працяг маёй спецыяльнасці ў МДЛУ. Праграма не была маім першым выбарам і я не разлічвала, што у мяне не будзе альтэрнатывы, таму спачатку я спужалася: не самы моцны ўніверсітэт ў дарагім мегаполісе…

А мне хацелася спакойнага існавання і вывучэння менавіта брытанскага досведу, бо яны моцныя ў галіне, якую я хачу вывучаць. Але потым я паглядзела не на агульны рэйтынг, а менавіта па маім кірунку, прааналізавала напаўненне праграмы, досвед выкладчыкаў і выкладчыц і зразумела, што Вестмінстэр сапраўды нядрэнны ў камунікацыях і не проста так патрапіў у мой спіс: мае крытэры выбару мяне не падвялі.

Наперадзе ў мяне пераезд у Лондан. Гэта быў цяжкі шлях, і таму, хто знаходзіцца ў яго пачатку, я раю звярнуць увагу на свой доўгатэрміновы кар’ерны план на пяць — дзесяць гадоў. Зразумела, што ён можа яшчэ сто разоў змяніцца, але калі ты маеш здольнасць прыдумаць і ўпісаць сябе ў адну вялікую і ўстойлівую сістэму, якая нідзе сабе не супярэчыць, улічвае слабыя і моцныя бакі, ты ўжо класны кандыдат.

А тым, каму вучыцца вельмі цікава, але ніяк не атрымліваецца быць паспяховым акадэмічна, я б раіла паразважаць: магчыма, хімія вашага мозга наладжаная нейкім іншым чынам і перашкаджае вам. У гэтым няма нічога страшнага: можна проста крыху адыйсці, выдыхнуць, папрасіць дапамогі, вярнуцца — і быць паспяховым.

Пішы нам у Telegram-бот, калі таксама хочаш падзяліцца сваёй гісторыяй!


Ліка Юр’ева