Каны чакаюць: як трапіць на сусветныя кінафестывалі амаль задарма?

Рома Вікрэтаты працуе бухгалтарам, але па натуры ён — кінааматар. Хлопец марыць трапіць на Канскі кінафестываль і распавядае, дзе шукаць для гэтага магчымасці. 

Рома Вікрэтаты. Фота: асабісты архіў героя

Студэнтам Рома паглядзеў фільм “Шоў Трумана”, які перакульнуў ягонае жыццё.

— Юнацкі максімалізм, памножаны на пэўны досвед ў асяродку пад каўпаком — і ўсё, выбух, — усміхаецца ён. — Потым пачаў глядзець усё, што дрэнна ці добра ляжыць: дакументалкі, мастацкія, арт-хаусныя, класічныя, бязглуздыя фільмы… У кіно паўсюль ёсць нешта сваё і прыгожае.  

Паралельна хлопец стаў цікавіцца кінасусветам цалкам, нават пісаў рэцэнзіі ў часопісы. Таму хутка зразумеў, што ён настолькі шырокі, што мае неабмежаваную колькасць магчымасцяў. Так цяпер ён трэці год будзе падавацца на аматарскі квіток на Канскі кінафестываль: мінулыя разы ягоную заяўку не ўхвалілі, але ён не адчайваецца.

Рома Вікрэтаты. Фота: асабісты архіў героя

— Звычайна квіток туды каштуе 100-200 еўра, — тлумачыць Рома. — Але падаўшы заяўку па гэтай праграме, трэба толькі сплаціць унёсак 15 еўра. Такім чынам можна паехаць, калі ты студэнт, малады рэжысёр альбо проста кінааматар. Каб трапіць, трэба запоўніць заяўку і напісаць эсэ на ангельскай мове, у якім распавесці пра шлях у кіно і чаму яно вам патрэбнае.

У самой заяўцы трэба адказаць на агульныя пытанні пра адукацыю, кіношны бэкграўнд, свае праекты і гэтак далей. Калі цябе адбіраюць — аплочваюць квіток і дапамагаюць з жытлом на імпрэзу. Цяпер няма прамой спасылкі на тую форму, абвестка з’явяцца на сайце Канскага кінафестывалю бліжэй да снежня.  

Сёлета ў хлопца амаль атрымалася выйграць квіточак, але першы этап адбору прайшло так шмат людзей, што яму ўсё ж адмовілі.

Рома Вікрэтаты. Фота: асабісты архіў героя

— Таму цяпер я планую падыйсці крыху з іншага боку, — распавядае ён. — Думаю стварыць сваё маленькае СМІ і паспрабаваць падацца як журналіст. Хачу трапіць туды, бо гэта круты досвед. Трапіць у Каны — гэта ж круць! Першым пабачыць фільм, які заб’е цябе ментальна, пагутарыць з рэжысёрамі. Гэта для мяне нібыта кінамекка.

Таму я раю шукаць шляхі і дзяўбаць тое, чаго вы хочаце: тых жа кіношных магчымасцяў — мільён. Можна зняць кіно на 100 секунд — і паехаць у Маракеш на фестываль, а можна зрабіць кароткі метр пра вулічнага ката — і трапіць на праграму Манхэтэнскага фестывалю. Можна здымаць латвійскія дамы — і трапіць на “Паўночнае ззянне”. Прастора для творчасці і пошуку вызначаецца толькі словамі “лянота” і “стомленасць”.


Рома раіць паглядзець наступныя бліжэйшыя магчымасці, бо акрамя Канскага фестывалю, трапіць журналістам і кінааматарам можна на шмат якія іншыя. 


— Паўсюль ёсць кнопка “Акрэдытацыя”, — тлумачыць Рома. — Нават буйныя фестывалі могуць арэдытаваць цябе як журналіста, калі ты вядзеш блог ці маеш матэрыялы на нейкіх рэсурсах. Акром гэтага, можна шукаць магчымасці на сайтах-агрэгатарах усіх фестываляў свету — проста гугліць і даследаваць. Магчыма, я занадта пераацэньваю значнасць гэтых падзей, але мне ніхто ніколі не паказваў, што гэта ляжыць на адлегласці выцягнутай рукі.

У мяне ёсць гіпотэза, што мы ўспрымаем нібыта як іншую рэальнасць тое, што не фігуравала ў казках бабулі, аповедах дзеда пра маладосць ці настальгіі бацькоў за святочным сталом. Таму ўспрымаем гэта як нешта, да чаго вельмі складана падабрацца. Але насамрэч часта дайсці да такога нагамі нават нашмат прасцей, чым мозгам. 

Ты таксама хочаш падзяліцца сваёй гісторыяй? Смела пішы нам у Telegram-бот.


Ліка Юр’ева