Як вучыцца па навуцы: частка чацвёртая. Паглыбляемся ў памяць!

Калі ў нас штосьці не атрымліваецца ў адукацыі, часта праблема не ў нас, а ў тым, як мы навучаемся. Так кажуць стваральнікі папулярнага курсу на Coursera “Вучымся вучыцца”. Эксперткі і эксперты ў матэматыцы, літаратуры, музыцы, спорту задаліся мэтай навучыць людзей новым метадам факусавацца і заганяць матэрыял глыбей у свой розум.

За час існавання ў ім зарэгістраваліся больш за тры з паловай мільёны чалавек, якія адзначаюць, што курс моцна змяніў іх падыходы да вучобы. Каб прайсці курс цалкам, зарэгіструйся на сайце, мы ж працягваем серыю канспектаў паводле яго.

Сёння гутарым пра памяць. Гэта толькі адна, але вельмі важная частка навучання. У нас існуюць візуальная і прасторавая памяці, якія дапамагаюць фармаваць частку нашай доўгатэрміновай памяці, – своеасаблівы код для перамнажэння матрыцаў. Цягам некалькіх хвілінаў мозг можа знайсці, утрымаць і прааналізаваць тысячы новых адзінак інфармацыі: так ты хутка пачынаеш арыентавацца ў новым пакоі, запамінаеш, што дзе ляжыць, праз пэўны час знаходжання ў ім.

Але як можна пачаць выкарыстоўваць агромністыя рэсурсы візуальнай і прасторавай памяці, каб палепшыць сваю здольнасць запамінаць?

Як пачаць выкарыстоўваць візуальную памяць?

Візуальныя вобразы звязаныя са зрокава-прасторавымі цэнтрамі твайго правага паўшар’я. Таму яны дапамагаюць стварыць прывабную абалонку нуднай ці складанай для запамінання ідэі. Для гэтага варта прыдумаць яркі вобраз, які дае ўяўленне пра ключавы элемент, які ты хочаш запомніць.

Добра, калі ён будзе яркі і вясёлы: так інфа замацуецца хутчэй. Апроч візуалізацыі, паспрабуй “пачуць” інфармацыю, запомніць яе пах – выкарыстаць столькі органаў адчуванняў, колькі зможаш. Чым больш такіх нейронных “зачэпак” ты створыш, выкарыстоўваючы пачуцці, тым лягчэй запомніцца як само паняцце, так і тое, што яно абазначае. За візуальным вобразам прыйдуць астатнія.

Але каб перамясціць гэты вобраз ў доўгатэрміновую памяць, варта выканаць яшчэ дзве ўмовы. Першае — ідэя мусіць быць сапраўды запамінальнай, другое — яе трэба паўтараць некалькі разоў: цягам тыдня, прагаворваючы і запісваючы ад рукі інфармацыю. Пра гэта мы ўжо казалі ў мінулых частках “Вучыцца па навуцы”.

Цікавосткі пра доўгатэрміновую памяць

  1. За доўгатэрміновую памяць у мозгу “адказвае” гіпакамп. Пра гэта даведаліся амаль выпадкова. У аднаго чалавека была эпілепсія, таму яму выдалілі гіпакамп абодвух бакоў мозгу. Эпілепсію вылячылі, але ён больш не мог запамінаць нешта новае. З ім можна было весці нейкую размову, але праз пару хвілін ён ужо не мог узгадаць, пра што вы гутарылі.
  2. Працэс кансалідацыі запускае мозг у стан актыўнай памяці і захоўвае яе ў доўгатэрміновай. Пэўны час яны могуць заставацца пасіўнымі, пакуль памяць не верне іх і не ўзнавіць у кароткатэрміновай актыўнай памяці падчас рэкансалідацыі – узнаўленнем і замацаваннем Гэта адбываецца падчас сну. І ўжо гэтая памяць можа сама быць трансфармаваная ў доўгатэрміновую. Улічваючы гэта, час ад часу эфектыўна рабіць паўзы ў вучобе, чым вучыць усё за адзін раз.
  3. Нашыя ўспаміны мяняюцца. Калі мы даведваемся пра нешта новае, яны таксама змяняюцца. Можна нават прыўнесці ў памяць фальшывыя ўспаміны!

Абрэвіятуры і палацы

Апроч карыстання візуальнай памяццю, ёсць яшчэ некалькі хітрыкаў запамінання. Напрыклад, каб запомніць групы чагосьці, карысна прыдумваць абрэвіятуры-асацыяцыі. Напрыклад, ты хочаш запомніць назвы чатырох раслін, якія адпужваюць вампіраў: часнык, баярышнік, ружа і гарчыца. З першых літар словаў атрымліваецца абрэвіятура “ЧБРГ”. Каб запомніць гэта, можна ўявіць чызбургер!

Запамінаць лічбы лягчэй, калі звязаць іх з пэўнымі падзеямі. Напрыклад, суаднесці лічбы з тым, што здарылася з табой ў пэўным узросце. Для запамінаня таксама можна выкарыстоўваць розныя выказванні – напрыклад, усім вядомае выказванне, каб запомніць колеры вясёлкі. Таму калі ты хочаш забіць у галаву нешта папулярнае, проста пагуглі: магчыма, хтосьці ўжо выдумаў нейкі мнеманічны прыём за цябе.

Тэхніка “Палац памяці” – вельмі моцны спосаб групоўкі рэчаў, якія табе трэба запомніць. Каб яго выкарыстаць, трэба знайсці асацыяцыі за знаёмымі табе месцамі: нібыта ты выкарыстоўваеш план свайго дому як нататнік. Трэба ўявіць сабе знаёмае месца і “размясціць” там усё, што хочаш запомніць, у розных частках месца. Памятаеш, як Шэрлак выкарстоўваў “палацы розуму”? Так добра запамінаць рэчы, якія не звязаныя паміж сабой: напрыклад, спіс пакупак. Спачатку гэта будзе атрымлівацца медленна, але чым болей практыкі – тым болей будзе выніку. Калі захочаш нешта ўзгадаць – проста “прагуляйся” па сваіх запісах.

Такія метады таксама дапамагаюць развіць крэатыўнасць – чым больш ты выдумляеш такіх прыкалюх, тым больш крэатыўным становішся. Калі засвоіш ключавыя моманты, выдаткаваўшы крыху часу, каб замацаваць самыя важныя пункты, прыйдзеш да больш глыбокага разумення. Напрыклад, формулы будуць значыць для цябе нашмат больш, чым калі ты зірнеш на ніх аднойчы, ты зможаш круціць імі нашмат больш шматгранна.


Цяпер прапануем табе парады па запамінанні ад Нельсана Дэйліса – чэмпіёна па запамінанню ЗША.

Ён натхніўся гэтай тэмай, калі ў яго бабулі пагоршылася здароўе хваробу Альцгеймера. Апроч іншага, ён хутчэй за ўсіх у ЗША запамінае паслядоўнасць 339 лічбаў – за пяць хвілінаў! За 15 хвілінаў ён можа запомніць 201 імя. Ён не нарадзіўся з гэтым навыкам, а шмат трэніраваўся.

  1. Каб трэніраваць памяць, трэба візуалізаваць тое, што ты хочаш запомніць. Важна завязваць гэта на асацыяцыі, якія блізкія менавіта табе.
  2. Трэба прывязваць вобраз да пэўнага месца. Напрыклад, выкарыстоўваць тэхніку “Палац памяці”.  Ты памятаеш свой дом, таму даволі проста “падбіраць” рэчы там, дзе ты іх “пакінуў”.
  3. Каб запамінаць імёны, выкарыстоўвай запамінальную рысу чалавека, каб захаваць вобраз пра яго імя. Напрыклад, узяць асаблівасць ягонага твару, цела альбо паводзін як “якар” і “зачапіць” на тое, што табе ўжо вядома: знаёмага, персанажа мульціка, прадмет, якому сугучна імя. Калі табе прадстаўляюць шмат людзей запар, не саромся падыходзіць да іх і перапытваць іх імёны! Можна таксама пазначыць тое, што табе запомнілася, на візітоўцы чалавека. Напрыклад “мы размаўлялі пра Эверэст” ці “высокі чалавек з кароткімі валасамі” ці “падобны да Сцівена Фрая”.
  4.  Калі гаворка ідзе пра запамінанне складаных тэарэтычных рэчаў, можна прымяняць такі самы падыход – прыдумаць карцінку. Напрыклад, сімвалы ўраўнення нагадваюць табе марскога канька. А пасля гэтага – з дапамогай той жа тэхнікі “Палаца памяці” – памясціць яго, напрыклад, у сваю ванную.
  5. Калі табе трэба запомніць агульную ідэю тэксту, трэба вылучыць ключавыя словы, запомніць іх ці агульныя фразы і паняцці. Гэта скараціць тэкст да словаў альбо групаў словаў. Калі трэба вывучыць нешта на памяць, становяцца важнымі “прамежкавыя” словы таксама.
  6. Каб падтрымліваць свае здольнасці, варта прытрымлівацца здароўя мозга агулам, а не вучыць выключна метады запамінання. Для гэтага трэба падтрымліваць мозг у актыўным стане – напрыклад, спрабаваць запомніць спіс прадуктаў, замест таго каб яго запісваць. Можна засвоіць новы навык. Гэта тое, што дапамагае працаваць мозгу. Другое – трэба быць фізічна актыўным. Трэцяе – быць сацыяльна актыўным. І вельмі важная дыета – асабліва з узростам. Тое, што мы ямо, уплывае на працу мозга.
  7. Нас “распраўляе” наш унутраны дзіцёнак: каб мець добрую памяць, варта часам раслабляцца і даследаваць свет з крэатывам і весялосцю. Можна заняцца гэтым прама цяпер!

Наастатку — лаві цікавостку пра памяць.


Ліка Юр’ева