Калі ў нас штосьці не атрымліваецца ў адукацыі, часта праблема не ў нас, а ў тым, як мы навучаемся. Так кажуць стваральнікі папулярнага курсу на Coursera “Вучымся вучыцца”. Эксперткі і эксперты ў матэматыцы, літаратуры, музыцы, спорту задаліся мэтай навучыць людзей новым метадам факусавацца і заганяць матэрыял глыбей у свой розум.
За час існавання ў ім зарэгістраваліся больш за тры з паловай мільёны чалавек, якія адзначаюць, што курс моцна змяніў іх падыходы да вучобы. Каб прайсці курс цалкам, зарэгіструйся на сайце, мы ж працягваем серыю канспектаў паводле яго.
Сёння распавядаем пра парады доктара Роберта Гамаша, якога назвалі адным з самых уплывовых навукоўцаў нашага часу. Ён працаваў у сферы міжнароднага абмена студэнтаў, а на момант размовы таксама быў дзейным прафесарам факультэта навке пра Зямлю. Цягам дзесяці гадоў ён быў дэканам факультэта акеанаграфіі Масачусэцкага ўніверсітэту і адначасова працягваў заставацца паспяховым навукоўцай. Ён тлумачыць студэнтам законы Ньютона з дапамогай свайго сабакі — цёзкі знакамітага вучонага.
Апроч усяго гэтага, Гамаш дасканала валодае англійскай і французскай мовай. Другую мову ён вывучыў ужо пасля 30 гадоў, нягледзячы на дзіслексію, на якую ён хварэе з дзяцінства і меў праблему з роднай англійскай мовай. Дык што ж ён параіў?
- Займацца прадметам, які вывучаеш, кожны дзень
Прафесар Гамаш не мае на ўвазе, што табе трэба шэсць гадзінаў гарбець над падручнікамі. Але кожны дзень варта хаця б 15 хвілін вылучаць на прадмет. Напрыклад, кожныя раз, калі прафесар прыязджае ў Францыю, першыя пару дзён ён з цяжкасцю падбірае неабходныя словы, а потым усё ідзе, як трэба. Ён адзначае, што тое самае адбываецца з ягонай англійскай, калі ён вяртаецца дадому. Выснова — трэба кожны дзень замацоўваць веды ў сваёй галаве, каб гэта стала для цябе нармальнай практыкай, хімія гэта ці замежная мова.
- Трэніраваць свой мозг
Чым больш ты будзеш трэніраваць свой мозг пэўнымі задачамі, тым лягчэй яны будуць табе давацца. Гэта працуе як з гуманітарнымі, так і з дакладнымі навукамі. Гэта могуць выкарыстоўваць людзі, далёкія ад навукі: каб засвоіць пэўную тэму, трэба чытаць дадатковыя рэсурсы, браць дадатковыя практыкаванні, задзейнічаць розныя каналы ўспрыняцця інфармацыі.
- Калі сутыкаешся са сцяной, варта зрабіць перапынак
Калі ты доўга і марудна штосьці вывучаеш, варта даць мозгу крыху паветра. Невялікі перапынак на размовы з сябрамі ці прагулку можа прынесці больш карысці, чым ты думаеш. Нечаканыя рашэнні прыходзяць менавіта ў такія моманты! Так адбываецца, бо галава працягвае працаваць над праблемай у фонавым рэжыме. Можна пакідаць мяч аб сцяну, паглядзець не вельмі інтэлектуальны серыял альбо ўвогуле паспаць.
- Знайсці баланс
Свет працы і навукі — гэта як прафесійны спорт. Кожны дзень ты мусіш здзяйсняць штосьці, каб быць лепш за сваіх супернікаў. Гэта вельмі стрэсава, праца суткамі часта контрпрадуктыўна. Калі ты бавіш час з сям’ёй ці сябрамі, мозг раслабляецца, памяць асвяжаецца, і калі ты вяртаешся да працы, працаздольнасць павышаецца. Адпачынак таксама дазваляе “выпусціць пару” напружвання, якое назапасілася за час працы.
- Любіць сваю працу
Калі ты будзеш займацца любімай справай з поўнай аддачай, але не забываць ладзіць такія перапынкі, мозг будзе працаваць лепш, а поспех абавязкова прыйдзе. Баланс, працавітасць і добрая разрадка — вось крытэры поспеху, які вылучае Роберт Гамаш.
Ліка Юр’ева