Як выбраць якасны анлайн-курс? Парады ад трэнеркі нефармальнай адукацыі

Калі падабаецца вучыцца, але не хочацца выдаткоўваць час ці грошы на класічную адукацыю, рука так і цягнецца запісацца на нейкі анлайн-курс. Але вакол столькі цікавостак, што разбягаюцца вочы! Складана выбраць?

То сёння прапануем табе некалькі крытэраў, паводле якіх ты зможаш самастойна вызначыць, ці якасны той ці іншы курс, ці адпавядае ён тваім мэтам. У гэтым нам дапамагае трэнерка нефармальнай адукацыі Юлія Станкевіч.  

Што такое анлайн-курсы?

Анлайн-курсы — гэта такая форма навучання, пры якой студэнты і студэнткі атрымліваюць веды, не выходзячы з дому ці офісу. Яны могуць быць арганізаваныя прыватнымі асобамі, адукацыйнымі ўстановамі ці буйнымі платформамі. Курсы дазваляюць набыць “мяккія” скілы, павысіць кваліфікацыю ці нават засвоіць новую прафесію. 

Класічнае: вызначыцца з мэтай

Калі выбіраеш курс, патрэбна добра ўявіць, чаму менавіта хочаш навучыцца і што будзеш здольны ці здольная рабіць пасля яго. Старайся звузіць свой запыт, а для гэтага — паглыбіцца ў апісанне курса. Шукай у падводках да курса, якім кампетэнцыям абяцаюць навучыць удзельнікаў і ўдзельніц адукацыйнай праграмы, ці якія мэты ставяць арганізатары курса. Так ты зразумееш, ці ўвогуле адпавядаюць твае мэты зместу праграмы. Калі пры рэгістрацыі можна падрабязна апісаць сваю матывацыю, гэта дапаможа выкладчыкам лепш уявіць патрэбы групы. 

Каб слушна зразумець свае мэты, варта зазірнуць у тэму крыху глыбей. Напрыклад, калі табе патрэбна не проста больш даведацца пра штучны інтэлект, а навучыцца пісаць тэксты з ягонай дапамогай, варта шукаць адпаведны складнік у праграме курса.

Вельмі важна знайсці курс па сваім узроўні! Для гэтага трэба паглядзець на праграму і суаднесці яе са сваімі ведамі. Напрыклад, калі хочаш паглыбіць сваё разуменне тэмы, паглядзі, ці ўвогуле не зашмат у праграме незнаёмых словаў. 

Адчувальнае: выбіраць па сабе

Ведаць сваю псіхалогію добра не толькі для паляпшэння стасункаў з сабой і навакольным светам — гэта дапамагае добра вучыцца! Калі ты ведаеш, што менавіта матывуе цябе ў навучанні, выбіраць курс лягчэй.

Калі ты ўжо спрабаваў ці спрабавала павучыцца на анлайн-курсе, узгадай, на якім моманце адбыліся замінкі: гэта дапаможа зразумець, што для цябе важна. Напрыклад, калі табе важна вучыцца разам з іншымі, то звяртай увагу, ці ёсць у курсе элементы сумеснай працы: форумы для дыскусій, праекты з іншымі. 

Калі табе важная зваротная сувязь цягам усяго навучання, лепш звярнуць на так званыя “сінхронныя” курсы: у адрозненні ад “асінхронных”, іх трэба праходзіць у рэальным часе. Магчыма, пры такім варыянце можна пакідаць зваротную сувязь, якая па магчымасці скарэктуе працэс навучання. У іншым выпадку ты атрымліваеш доступ да навучальных матэрыялаў і праходзіш іх у зручны час.

Таксама звярні ўвагу, як ты ўспрымаеш інфармацыю. Калі табе прасцей вучыцца праз відэа ці тэксты, паглядзі, каб гэтага было дастаткова на курсе.

Важны крытэр — працягласць курса. Калі ты не любіш марафоны, не варта ўпісвацца ў курсы, якія цягнуцца больш за пару месяцаў.

Экспертнае: правяраць кампетэнцыі

Сёння шматлікія платформы прапануюць далёка не вобмаль курсаў — яшчэ паспрабуй зразумець, які з іх дастаткова экспертны. Даць гэтаму рады можна, добра даследаваўшы пытанне.

Напрыклад, калі курсы размяшчаюцца на адпаведных буйных платформах, яны праходзяць адпаведную валідацыю, таму ім можна давяраць. Гэтак жа можна сказаць пра курсы, якія прапануюць вядомыя ўніверсітэты. 

Таксама можна звяртаць увагу на прафесійнасць выкладчыкаў і выкладчыц. Іх можна пагугліць, паглядзець, якія ў іх ёсць сертыфікаты і сяброўства ў арганізацыях, пашукаць прома-відэа з курсаў ці іншых выступаў людзей. Але варта памятаць, што калі такіх паказчыкаў няма, гэта не значыць, што чалавек некампетэнтны ці некампетэнтная. 

Зваротнае: трымаць увагу на водгуках

Апроч відавочнай парады даследаваць водгукі на курс на самой платформе ці ў іншых крыніцах, зваротная сувязь можа спрацаваць яшчэ ў некалькіх кірунках. Яшчэ адзін тып зваротнай сувязі — водгукі на тваю працу ад аднакурсніц і аднакурснікаў. Не варта грэбаваць такім відам камунікацыі — часам удзельнікі і ўдзельніцы маюць сур’ёзную экспертызу, якая табе дапаможа. 

Матэрыяльнае, ці варта плаціць?

Кошт курса дакладна не вызначае ягоную вартасць — бясплатны курс таксама можа быць класным. Лепш суадносіць хутчэй свае чаканні і тое, што прапаноўвае табе курс, каб пазбегнуць вялікіх расчараванняў.

Часам на курсе ёсць некалькі ўрокаў у адкрытым доступе або ў дэмаверсіі, таксама можна зацаніць падпіску на навучальны кантэнт — пэўныя лекцыі, вэбінары, артыкулы. Гэта дапаможа ацаніць якасць і змест курсаў, зручнасць платформы і экспертнасць выкладчыкаў і выкладчыц. 

А якімі крытэрамі карыстаешся ты, калі выбіраеш анлайн-курс? Напішы нам у Telegram-бот!