У новым сезоне папулярнага серыяла «Sex Education» (Полавае выхаванне) студэнты і студэнткі школы Мурдэйла пераходзяць у навучальную ўстанову з незвычайнымі падыходамі.
І як ні дзіўна, яны не толькі пра сэкс, але і пра іннавацыі. Бо каледж Кавендзіша прапануе навучэнцам і навучэнкам набор інструментаў, якія робяць адукацыю цікавым і захапляльным працэсам.

Аратарская сцэна і практыка публічных выступаў
Адна з ключавых адметнасцяў новага каледжа — аратарская сцэна. Гэта месца, дзе кожны і кожная мае магчымасць трэнераваць навыкі публічных выступаў, проста распавядаючы на перапынку пра адкрыццё ўласнай псіхалагічнай клінікі ці пра праблему глабальнага пацяплення. Зручная прастора і тое, што падобная практыка ёсць нормай штодзённага жыцця каледжа, дапамагаюць у рэшце рэшт пераадольваць страх вялікай сцэны і выступаў. Безумоўна, гэта адзін з найважнейшых скілоў у наш час.

Утульныя зоны для адпачынку
У каледжа Кавендзіша можна павучыцца знаходзіць баланс паміж навучаннем і адпачынкам. Тут студэнты і студэнткі маюць магчымасць правесці вольны час на дагледжаных газонах, паабедаць на свежым паветры ці проста нацешыцца чытаннем у холе на зручных крэслах. Бо ў навучальным працэсе важна не толькі ўласна вучыцца, але і адпачываць, перазагружацца і мець прастору для рэфлексій.

Дзіджыталізацыя раскладу і навучальных матэрыялаў
Сёння шмат хто з беларускіх студэнтаў і студэнтак марыць пра тое, каб расклад, падручнікі і заліковыя кніжкі заўсёды былі пад рукой. У каледжы Кавендзіша гэта мара становіцца рэальнасцю. Усім студэнтам і студэнткам, а таксама настаўнікам і настаўніцам выдаюць планшэт, на якім сабрана ўся патрэбная інфармацыя для паспяховага навучання, туды інтэгравана школьная сацыяльная сетка і платформа студэнцкага самакіравання і выбараў. Гэта не толькі зручна, але і навучае тайм-мэнэджменту, спрашчае працэсы і заахвочвае да ўдзелу ў самакіраванні і прыняцці рашэнняў.

Аднамесныя парты
Апроч таго, што гэта акалічнасць — пра павагу асабістай прасторы і свабоду ад суседніх локцяў, аднамесныя парты таксама падкрэсліваюць важнасць індывідуальнага навучання. У прасторных аўдыторыях яны спрыяюць лепшай канцэнтрацыі на навучальным працэсе, а таксама дазваляюць настаўнікам і настаўніцам выкарыстоўваць групавыя фарматы навучання і хутка яднаць лёгкія аднамесныя парты ў пары ці невялікія групы.
Каледж Кавендзіша з серыяла «Sex Education» (Полавае выхаванне) дэманструе, як сучасныя падыходы змяняюць навучальнае асяроддзе і ўплываюць на навучальны працэс агулам. Час змяняе нашае жыццё і штодзённыя звычкі маладых людзей, таму інавацыі ў адукацыі непазбежны.
«Ты становішся амбасадаркай сваёй краіны». Як паехаць у ЗША па Fulbright — чытай па спасылцы.