АйЦіБарада: як выціснуць максімум з Chat-GPT і ці гэта сапраўды штучны інтэлект

На анлайн-інтэнсіве Цэнтра новых ідэй выступаў Аляксей «АйЦіБарада» Картыннік — YouTube-блогер, праграміст, вядучы падкасту «Цёмны Лёс». Ён расказаў усё самае неабходнае пра ChatGPT — чат-бот з штучным інтэлектам, які можа размаўляць на незлічоную колькасць тэм. Мы заканспектавалі ўсё самае цікавае з прамовы Аляксея.

Аляксей Картыннік. Арыгінал фота: асабісты архіў эксперта

ChatGPT — гэта не штучны інтэлект (ШІ)

Гэта вялікая моўная мадэль (large language model) — адзін з відаў генерацыйных нейрасетак. Мадэль займаецца падборам кожнага наступнага слова ў сказе. Яна разумее сутнасць размовы, асэнсавана адказвае і добра падбірае словы, бо навучылася на гіганцкай базе тэкстаў з інтэрнэту.

Яшчэ два трэнды ў развіцці ШІ — гэта Diffusion Models (таксама генерацыйная нейрасетка, але яна працуе не з тэкстам, а з данымі — Midjourney і DALL-E як прыклады генерацыі выяваў) і агенты (аплікацыі, якія за вас камунікуюць адразу з некалькімі відамі нейрасетак, прыклад Transformers Agent).


Чытай іншыя канспекты:


Усё не абмяжоўваецца толькі генерацыяй тэксту і малюнка

Ёсць і іншыя тыпы ШІ. Вось шэсць папулярных і зразумелых: text-to-text (прыклад — ChatGPT), text-to-image (Midjourney), text-to-video (Runway), image-to-image (Midjourney), image-to-video (Runway), video-to-video (Opus Clip стварае кароткія відэа для TikTok з доўгага відэа для YouTube)
Таксама ўжо з’яўляюцца інструменты для працы з гукам: аўтаагучка тэксту на розных мовах (Neurodub), паляпшэнне якасці гуку (Adobe Enhance), генерацыя музыкі (AIVA). Асобна адзначым Synthesia — сэрвіс па стварэнню лічбавых ШІ-аватараў з аўтаматычнай агучкай, але беларуская мова там пакуль што не падтрымліваецца.

ChatGPT не зробіць вам кантэнт з нуля

Важна разумець, з чым ChatGPT добра спраўляецца. Гэта ў першую чаргу пераклады, адаптацыя тэкстаў пад розныя сацыяльныя сеткі, брэйнштормінг, стварэнне чарнавіка, планаў навучання па любых тэмах, выпраўленне памылак, зваротная сувязь. Ён не напіша якасны сцэнар відэа за адзін запыт «Падрыхтуй сцэнар відэа па тэме Х», але робат хаця бы накідае ідэй, якія разам з ім можна дапрацаваць да файнага выгляду.

Галоўнае — якасны запыт

Менавіта таму ўжо з’яўляецца прафесія промпт-інжынера, а на форумах прысвячаюць асобныя раздзелы абмеркаванню самых якасных запытаў. Вельмі добра пачынаць з пазначэння ролі ChatGPT у гэтай задачы: «Уяві, што ты …». Ідэальны запыт можа быць па памерах як асобны тэкст, але гэта таго вартае. Патлумач робату яго канкрэтную задачу, у якой форме ён павінен даць вынік, калі магчыма — на якіх каштоўнасцях ці ідэях мусіць грунтавацца яго адказ.

Яшчэ некалькі цікавостак для самастойнага вывучэння тэмы

  1. Аляксей рэкамендуе сайт futurepedia.io, дзе сабраны велічэзны каталог праектаў у сферы ШІ — мы ўпэўнены, што некаторыя з іх будуць карысныя і для цябе! А таксама паштовая рассылка The Rundown з навінамі пра свет ШІ.
  2. Каб даведацца абсалютна ўсю базу пра штучны інтэлект, паглядзі відэа ад Аляксея «Штучны інтэлект і як з ім працаваць». Яно доўжыцца чатыры гадзіны, але інфармацыя таго вартая.
  3. Калі хочаш самастойна паспрабаваць ChatGPT, рэкамендуем скарыстацца чат-ботам Poe ці пошукавым сэрвісам Bing. Яны працуюць на новай мадэлі ChatGPT, пакуль на афіцыйным сайце яна даступная толькі за грошы.
  4. Аляксей стварыў беларускамоўную суполку аматараў штучнага інтэлекта ў Telegram. Далучайся, калі зацікавіўся.

Цікавіць тэма IT? Падпісвайся на нашыя сацсеткі (Telegram, Instagram), каб не прапусціць, калі з’явіцца магчымасць па тэме. І паглядвай на наш каталог магчымасцяў, мы яго рэгулярна абнаўляем.