Як вучыцца па навуцы? Частка першая: як думаць па-рознаму і навошта спаць

Калі ў нас штосьці не атрымліваецца ў адукацыі, часта праблема не ў нас, а ў тым, як мы навучаемся. Так кажуць стваральнікі папулярнага курсу на Coursera “Вучымся вучыцца”. Эксперткі і эксперты ў матэматыцы, літаратуры, музыцы, спорту задаліся мэтай навучыць людзей новым метадам факусавацца і заганяць матэрыял глыбей у свой розум.

За час існавання ў ім зарэгістраваліся больш за тры з паловай мільёны чалавек, якія адзначаюць, што курс моцна змяніў іх падыходы да вучобы. Каб прайсці курс цалкам, зарэгіструйся на сайце, мы ж распачынаем серыю канспектаў паводле яго.

Як пабудаванае нашае мысленне

Калі зразумець, як пабудаваны мозг, вучыцца будзе лягчэй. Існуе два тыпы мыслення: сфакусаванае, калі ты моцна канцэнтруешся на нечым, і рассеянае, калі ты адпраўляеш думкі ў вольнае плаванне. Мысліць адначасова двума спосабамі немагчыма, бо яны прызначаныя для розных мэтаў. Але важна ўмець выкарыстоўваць сабе на карысць іх абодва.

Напрыклад, калі спрабуеш засвоіць новы матэрыял, трэба павучыць яго — уключыць сфакусаванае мысленне, а потым закінуць мозг у палёт рассеянага мыслення. Так напруга здымаецца, але ён усё яшчэ працягвае працу ў фонавым рэжыме: гэта дазваляе ўбачыць праблему шырэй. Рассеянае мысленне таксама дапамагае знайсці стартавую кропку для рашэння новых праблемаў. Так нібыта адбываецца пабудова новых нейронных шляхоў, па якіх можа ісці свежае рашэнне.

Як прывесці сябе ў стан рассеянага мыслення? Гэтаму спрыяюць фізічныя практыкаванні ці поўнае адключэнне галавы — напрыклад, прагляд мульцікаў. Гэта выключае прывычны ход думак і здымае канцэнтрацыю. Добра ў гэты час трымаць пад рукой штосьці, куды можна запісаць ідэі: яны могуць вельмі хутка знікаць.

Сальвадор Далі выкарыстоўваў падобную тэхніку, каб пісаць карціны: ён сядаў у крэсла і расслабляўся, сціскаючы ключ у руцэ, якая вольна звісала. Калі ён пачынаў засынаць, ключ выпадаў, моцна грукаў у падлогу, Далі прачынаўся і мог сабраць думкі і ідэі, прыдуманыя падчас рассеянага рэжыму, і вярнуцца з імі ў сфакусаваны. 

Сальвадор Далі. Фота: Patrice Habans

Як завучваць матэрыял

Другі сакрэт — рэгулярнасць нарошчвання “розуму” па аналогіі з заняткамі ў трэнажорнай залі. Трэба даць высахнуць нейроннаму “цэменту”, каб у памяці заставалася больш ведаў. Таму рэгулярнай вучобай і паўтарэннем можна пабудаваць устойлівы фундамент, тады як спроба вывучыць усё за адзін дзень прывядзе да няўстойлівых ведаў. 

Так адбываецца таму, што памяць бывае рознай. Доўгатэрміновая нагадвае склад захоўвання, у якім могуць утрымлівацца каласальны аб’ём інфармацыі. А працоўная памяць — гэта інфа, якую ты пракручваеш у галаве прама цяпер. Яна падобная на школьную дошку, на якой накрэмзана тое, што можна хутка сцерці.

Гэтыя дзве памяці ўзаемазвязаныя, але каб перанесці інфармацыю з “дошкі” на “склад”, трэба паўтарыць яе хаця б некалькі разоў. Для гэтага патрэбныя час і практыка. Для паскарэння працэсу можна выкарыстоўваць інтэрвальную тэхніку: напрыклад, паўтараць новыя словы цягам некалькіх дзён на тыдні. Гэта будзе больш эфектыўна, чым паўтарыць словы двойчы цягам вечару.

У вывучэнні новага добра дапамагаюць метафары і аналогіі, а каб узмацніць гэтыя новыя нейронныя сувязі, трэба прымяняць веды на практыцы: гэта зробіць іх рэальнымі і адчувальнымі для вас. Спрыяе глыбейшаму разуменню новага актыўнае навучанне: задаваць пытанні па ходзе лекцыі, абменьвацца ў дыскусіях ідэямі з іншымі людзьмі. 

Карысна выбіраць цікавыя спосабы паўтарэння: напрыклад, запісваць нешта, каб развіваць механічную памяць, альбо спрабаваць распавесці вывучаны матэрыял камусьці сваімі словамі. Можна тлумачыць сабе, нібыта камусьці іншаму: праблемныя кропкі будуць там, дзе ў цябе не атрымаецца штосьці патлумачыць.

Мо, лепш паспаць?

Пракрастынацыя часта не дае нам жыцця. Але з ёй можна змагацца навуковымі метадамі. Справа ў тым, што калі мозг сутыкаецца з непажаданай справай, у ім актывуюцца часткі, адказныя за боль. Пасля свядомасць патрабуе спыніць гэтую балючую дзейнасць, пераключыўшы ўвагу на нешта іншае, што выклікае часовае шчасце: прагляд стужкі, напрыклад.

Але галоўная хітрасць палягае ў тым, што гэты дыскамфорт знікае цягам пэўнага часу, калі чалавек пачынае працаваць над справай. Таму тут добра дапамагае методыка “Памідора”, калі паставіць таймер на 25 хвілін, цягам якіх трэба працаваць і ні на што не адцягваць увагу. Пасля такога сканцэнтраванага часу патрэбна неяк узнагародзіць сябе: парай хвілін у інтэрнэце, кубачкам кавы ці кавалачкам шакаладу.  

Аднак калі ты будзеш працаваць так круглыя суткі, карысці гэта не прынясе. І адпачынак, і сон гэтаксама важныя для вучобы. Падчас актыўнасці ў мозгу прадукуюцца таксічныя рэчы, якія выводзяцца падчас сну. Гэта не дазваляе яму нармальна думаць, да таго ж сапраўды прыводзіць да хваробаў. Таму, напрыклад, выконваць кантрольную працу пасля бяссоння – значыць, выкарыстоўваць мозг з таксінамі.

Таксама сон дапамагае прыйсці ў парадак ідэі і думкі ў галаве, паўтарыць вывучанае і замацаваць гэта. Напрыклад, калі ты вывучаеш пэўныя перад сном, то падвышаеш шанцы ўбачыць гэта ў сне: гэта можа павялічыць здольнасць разумення таксама. Таму не забывай апгрэйдзіць свой мозг сном!

Другая частка


Чытай па тэме:

Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.


Ліка Юр’ева