TOEFL ці IELTS: які тэст выбраць

TOEFL і IELTS — два самыя распаўсюджаныя моўныя іспыты для жадаючых паступіць ва ўнівер на англамоўнае навучанне ці падаць заяўку на англамоўную праграму. Яны даволі падобныя, але розніца ўсё ж ёсць. Давай параўнаем іх, каб ты мог ці магла абраць той, што пасуе лепей.

Структура іспыту

Абодва тэсты маюць чатыры раздзелы: чытанне, пісьмо, гаварэнне і разуменне на слых. Кожны раздзел мае пэўную колькасць пытанняў ці заданняў, якія неабходна выканаць за пэўны час. Розніца ў маленькіх дэталях: у IELTS Academic, які трэба здаваць для ВНУ, у пісьме ёсць частка з апісаннем графіка.

Ацэньванне

TOEFL ацэньваецца паводле шкалы ад 0 да 120 балаў. Кожная частка ацэньваецца асобна ад 0 да 30, а потым балы падсумоўваюцца. Вынікі атрымаеш прыкладна праз 10 працоўных дзён.

IELTS мае шкалу ад 0 да 9 балаў з інтэрвалам у 0,5 бала. Кожная частка ацэньваецца асобна, а ў выніку падлічваецца сярэдні бал. Вынікі атрымаеш праз 5-13 дзён (хутчэй, калі здаеш тэст у дзіджытал фармаце, і даўжэй у папяровым).

Сертыфікаты абодвух тэстаў застаюцца сапраўднымі два гады.

Акцэнт

TOEFL — гэта амерыканскі тэст, і акцэнт у аўдыё і тэкстах у ім будзе адпаведны (але іншыя акцэнты часам таксама сустракаюцца). IELTS распаўсюджаны ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі, і яго акцэнт больш брытанскі. Ты можаш адказваць з тым акцэнтам, з якім пажадаеш, але пажадана не міксаваць амерыканскую і брытанскую ангельскую ў адным адказе — прытрымлівайся аднаго з акцэнтаў увесь тэст.

Фармат

TOEFL праводзіцца ў камп’ютарнай форме ў тэставым цэнтры, і частку гаварэння здаеш з навушнікамі і мікрафонам. Але ёсць варыянт, дзе тры часткі здаеш на паперы, а гаварэнне пазней з свайго камп’ютара. З канца ліпеня 2023 года тэст доўжыцца да двух гадзін замест трох, як раней.

IELTS праводзіцца на выбар як у дзіджытал, так і ў папяровым выглядзе. А частка гаварэння адбываецца з наглядам экзаменуючых, якія ацэньваюць вашую прамову. Увесь тэст доўжыцца трошкі менш за тры гадзіны.


Чытай па тэме:


Кошт

Залежыць ад краіны, дзе здаеш тэст, але арыентуйся на суму каля 200-230 даляраў. Праверыць дакладную лічбу па TOEFL можна тут, па IELTS — тут. Важна: у Беларусі здаць IELTS зараз немагчыма, а TOEFL праводзіцца вельмі рэдка.

Нельга сказаць, што адзін з тэстаў прасцейшы за іншы. Самая значная розніца паміж імі — у акцэнце і фармулёўках асобных заданняў. Таксама глядзі, які тэст патрабуе ўніверсітэт. Каб выбраць, які з тэстаў больш табе пасуе, рэкамендуем паглядзець іх прыклады на афіцыйных сайтах, каб лепш зразумець структуру і тыпы заданняў. Прыклады TOEFL глядзі вось тут, а IELTS — вось тут.

Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.