Хочаш уплываць на змены ў сваім горадзе? Тлумачым, як гэта рабіць

У новым канспекце лекцый расказваем самае галоўнае з анлайн-інтэнсіва Цэнтра новых ідэй пра гарадскія змены. Выступалі каардынатар ініцыятывы «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў, архітэктарка і экспертка «Менскай урбаністычнай платформы» Ілона Эльяшэвіч, сузаснавальніца «Цэнтра ўрбаністыкі і дызайну» Таня Цярэшчанка. Захоўвай інфармацыю і карыстайся.

Амстэрдам у 1970-я і цяпер. Фота: distilled.earth

Трошкі тэорыі: мы ўсе маем «права на горад»

Ідэя «права на горад» простая: чалавек, якога датычацца рашэнні гарадскіх уладаў, мае права ўдзельнічаць у працэсе абмеркавання. Канцэпцыя грунтуецца на ідэі, што гарады — гэта месца для жыцця ўсіх людзей, незалежна ад іх статуса, магчымасцяў і любых характарыстык. Ідэальная прастора павінна быць адкрытай, інклюзіўнай і дэмакратычнай. То бок кожны чалавек можа спакойна карыстацца грамадскімі месцамі, зялёнымі зонамі, транспартам, мець доступ да культурных і сацыяльных магчымасцяў.

У добрым горадзе рашэнні прымае не толькі ўлада, якая потым выключна інфармуе людзей пра тое, што адбудзецца. Жыхары і жыхаркі ўдзельнічаюць у працэсе, таксама да яго далучаюцца эксперты і эксперткі. Усе разам разглядаюць розныя прапановы і шукаюць той варыянт, які задавальняе ўсіх. Не забывай, што ў тваёй прасторы свае меркаванні маюць і іншыя людзі — іх трэба ўлічваць.


Чытай іншыя канспекты:


Пры гэтым мы і адказныя за месца, у якім жывем. Існуюць магчымасці для невялікіх зменаў — сервіс 115.бел, як варыянт. Ці часам бывае дастаткова напісаць на пошту мясцовай адміністрацыі, каб чыноўнікі заняліся, напрыклад, запоўненай смеццем прасторай.

«Інклюзіўнасць» — гэта не толькі пра заніжаны бардзюр

Першая асацыяцыя, якая ўзнікае пры размовах пра інклюзію ў горадзе, — гэта заніжаныя бардзюры і пандусы. Але гэта насамрэч улічванне патрэбаў толькі адной групы людзей. Кожны з нас час ад часу патрабуе асаблівых ўмоваў — напрыклад, больш цені і зеляніны ў горадзе ўлетку, бо мы цяжка пераносім спякоту. 

Што гэта азначае? Што трэба пры планаванні гарадскіх прастораў і ўрбан-праектаў улічваць патрэбы ўсіх, а асаблівую ўвагу звяртаць на ўразлівыя групы. Хочаш стварыць ў сваім двары прастору для падлеткаў? Супер! Толькі падумай, каб яна не стала перашкодай для іншых груп — напрыклад, людзей з інваліднасцямі.

Горад для ўсіх — гэта не месца, дзе большасць людзей усё задавальняе, а месца, дзе ўлічылі як мага больш жыццёвых сцэнароў кожнага чалавека. Гэта горад, які дазваляе сваім жыхарам і жыхаркам у розных жыццёвых сітуацыях вырашаць свае штодзённыя задачы і жыць на годным узроўні. І таму праекты робяць не для праблемы, а для людзей, якія з ёй сутыкаюцца.

Трэба размаўляць і працаваць разам з тымі, хто па якім заўгодна крытэрам адрозніваецца ад нас, каб зразумець і ўлічыць менавіта іх уласны досвед, а не тое, што мы пра гэта думаем. Задавай пытанні і ўважліва слухай адказы, каб гэтага дамагчыся.

Інструменты гарадскіх зменаў

Табе не трэба быць мэрам гораду, каб змяніць сітуацыю навокал. Ты можаш пачаць са зменаў у сваёй супольнасці, вялікай ці маленькай, а гэта прынясе карысць табе і іншым людзям. Вось шэсць крокаў, якія можна зрабіць:

  1. Будзь добрым суседам ці суседкай. Вітайся з людзьмі ў сваім доме, размаўляй з імі, калі магчыма — прапануй дапамогу з нейкай справай. Дабро прыцягвае дабро.
  2. Карыстайся сваім голасам. Гэта можа быць блог у сацсетках ці прасоўванне карысных праектаў, у тым ліку бізнесаў тваіх суседзяў і суседак, а таксама зваротная сувязь у месцах, якія ты наведваеш.
  3. Інвестуй свой час. Падумай, якія твае навыкі можна выкарыстаць, каб дапамагчы іншым. Напрыклад, можна далучыцца да лакальнай арганізацыі (ці стварыць такую). Усюды ёсць актыўныя людзі, якія хочуць у чымсьці ўдзельнічаць.
  4. Фінансава падтрымлівай ініцыятывы, якія табе падабаюцца. Гэта ў тым ліку азначае купляць беларускую гародніну на мясцовым кірмашы.
  5. Рабі твае месца зялёным. Займайся сартыроўкай смецця, падтрымлівай мясцовых вытворцаў, стварай грамадскі сад ці дапамажы ўжо існуючаму.
  6. Далучайся да мясцовага самакіравання. Стварай петыцыі, удзельнічай у грамадскіх абмеркаваннях, хадзі на прыёмы да чыноўнікаў.

Цікавіць тэма ўрбаністыкі? Падпісвайся на нашыя сацсеткі (Telegram, Instagram), каб не прапусціць, калі з’явіцца магчымасць па тэме. І паглядвай на наш каталог магчымасцяў, мы яго рэгулярна абнаўляем.