Калі ў нас штосьці не атрымліваецца ў адукацыі, часта праблема не ў нас, а ў тым, як мы навучаемся. Так кажуць стваральнікі папулярнага курсу на Coursera «Вучымся вучыцца», які мы канспектуем. У першай частцы мы расказалі, як думаць па-рознаму і навошта спаць. Працягваем серыю з тэкстам пра тое, чаму мы насамрэч не ведаем тое, што вывучылі.
Што такое чанк
Давай уявім, што нашыя веды ў пэўнай сферы — вялікая мазаіка. Каб скласці больш поўную карцінку, нам трэба атрымаць як мага болей пазлаў і знайсці ім месца. У прыкладзе з мысленнем пазламі будуць чанкі — кавалачкі новай інфармацыі, якія мы засвойваем, звязваем між сабой і тым самым атрымліваем усё больш і больш шырокую карцінку.
Пакуль усе яны перад намі ў раскіданым выглядзе, яны бессэнсоўныя, пакуль мы не злучым іх адзін з адным: так і завучванне фактаў без разумення значэння і кантэксту не дапаможа больш прашарыцца ў тэме.
Напрыклад, ты хочаш вывучыць песню на гітары. Спачатку ты чуеш спеў, які табе спадабаўся, і не разумееш механіку ягонага ўзнаўлення. Табе трэба паслухаць песню, паглядзець нечае выкананне, развучыць кавалачкі, аб’яднаць іх і нарэшце згуляць цэлы спеў.
Гэтыя кавалачкі — чанкі, твая мэта — засвоіць іх настолькі добра, каб не было больш неабходнасці аб’ядноўваць гэтыя нейронныя шаблоны ў адзінае цэлае. Гэтак з новым маршрутам: спачатку ты вывучаеш яго пакрокава, звяртаючы ўвагу каля якога аб’екту трэба павярнуць у пэўны бок, а потым настолькі механічна вывучаеш яго, што можаш падарожнічаць без мапы і ствараць уласныя маршруты.
Тры крокі для добрага чанку
Стварыць чанк можна толькі пры сфакусаваным мысленні. Прычым калі цябе захлынаюць эмоцыі, здольнасць ствараць некаторыя з такіх сувязяў губляецца, таму можа падавацца, што ты тармазіш, калі злуешся, нервуешся ці баішся чагосьці.
Першым крокам трэба засяродзіць увагу на інфармацыі, якую ты хочаш пераўтварыць у чанк: зразумець, які пазл шукаеш. Памятай, што калі слоты працоўнай памяці будуць занятыя іншым, з чанкам будуць праблемы. Таму ўключаць Youtube ці правяраць сацсеткі падчас сфакусаванага вывучэння — не зусім добрая ідэя.
Другі крок — уласна знайсці пазл. Для гэтага трэба зразумець асноўную ідэю, якую ты спрабуеш канвертаваць у чанк. Гэтае разуменне — своеасаблівы суперклей, які дапамагае злучаць кавалачкі памяці разам. Калі дзеянне, ідэя ці канцэпцыя пераўтвораныя ў чанк, табе больш не трэба памятаць дробныя дэталі, дастаткова галоўнай ідэі.
Але не блытай гэты прарыў у разуменні, калі выгукнеш: «Ага!» з багатай экспертызай. Без пастаяннага паўтарэння і ўмацавання ў памяці інфармацыі яна зноў хутка зробіцца незразумелай. На гэтым этапе ў цябе яшчэ не можа быць упэўненасці, што ты дастанеш чанк з памяці калі заўгодна. Бачыць прыгожую карціну — яшчэ не значыць змагчы перамаляваць яе гэтак жа прыгожа. Таму інфармацыю трэба пастаянна паўтараць: як гэта правільна рабіць, мы пісалі ў першым канспекце.
Трэцім крокам стварэння чанку мусіць быць разуменне кантэксту вакол яго: пошук патрэбнага месца ў цэлай мазайцы. Так ты будзеш разумець не толькі як, але і калі (не) выкарыстоўваць чанк, як упісаць яго ў вялікую карціну. Бо калі ты не ведаеш, як выкарыстаць інструмент у працы, ён табе не патрэбны.
Каб запомніць інфармацыю з падручніка, можна спачатку праглядзець раздзел, каб зразумець, куды ўбудаваць новыя чанкі. Чым болей пазлаў-чанкаў ты знойдзеш, тым больш падрабязнае ўяўленне пра карціну атрымаеш. Але не трэба пераймацца, калі пару пазлаў згубілася: ты ўсё адно будзеш мець агульнае ўяўленне пра карціну.
Чаму ты насамрэч не ведаеш тое, што вывучана
Часам нам падаецца, што мы ўсё вучым нешта, але без толку, бо інфармацыя не застаецца ў галаве, чанкі разлятаюцца, мазаіка не атрымліваецца. Так можа адбывацца, бо ты думаеш, што матэрыял добра засвоены, хаця насамрэч гэта ілюзія.
Напрыклад, падглядаеш у адказы, калі рашаеш задачкі, альбо зазіраеш у слоўнік, каб праверыць вакабуляр: гэта не добрае засваенне матэрыялу, а толькі ілюзія ведаў. Яна палягае ў тым, што калі перад табой кніга ці нататкі, ты думаеш, што гэта знаходзіцца ў галаве. Але каб выкарыстоўваць інфармацыю на тэставанні ці пры крэатыўным мысленні, варта добра замацаваць яе ў памяці: ты не можаш вывучыць стратэгію ў шахматах, нават не ведаючы, як рухаецца фігура.
Адолець гэтую ілюзію дапамогуць некалькі метадаў. Па-першае, больш эфектыўна не перачытваць нататкі, а ўзгадваць іх. Пасля вывучэння матэрыялу — рашэння задачак, вывучэння новых словаў — проста адвярніся ад яго і правер, ці зможаш добра ўзгадаць нешта з прачытанага.
Чытай па тэме:
Ментальнае ўзнаўленне галоўных ідэй замест пасіўнага перачытвання зробіць навучанне больш сфакусаваным і эфектыўным. Перачытванне матэрыялу эфектыўна толькі з інтэрваламі: так ты робіш яго пастаянным паўтарэннем і заганяеш веды глыбей у мозг.
Другі эфектыўны метад — тэставаць сябе па прадмету навучання. Памылкі, якія ты зробіш, дапамогуць выявіць хібы і адкарэктаваць мысленне. Трэці спосаб — навучацца за межамі звыклага асяродку. Гэта спрыяе лепшаму засваенню вывучанага, таму што робіць нас незалежным ад сігналаў пэўнага асяроддзя: матэрыял будзе ўспомніць прасцей, у незалежнасці ад памяшкання, дзе ты знаходзішся.
Трэба быць асцярожным з вылучэннем інфармацыі маркерам: гэта можа стварыць у галаве няправільныя акцэнты, а таксама ўвесці ў зман. Шматлікія рухі рукамі прымушаюць паверыць у тое, што нешта засвоена, хаця насамрэч гэта не так. Таму калі падкрэсліваеш нешта, старайся толькі мінімальна вылучаць галоўныя ідэі.
Гэтыя парады дапамогуць табе стварыць уласную бібліятэку чанкаў і павысіць экспертнасць. Бо памятай: калі чанк пераходзіць у доўгатэрміновую памяць, ён займае менш прасторы ў часовай, а значыць вызваляе месца для новай інфармацыі, якую можна засвоіць.
Калі хочаш самастойна прайсці курс, зарэгіструйся на сайце.
Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.
Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.
Ліка Юр’ева