Беларуска ў магістратуры Мальмё: «Матывацыйны ліст — гэта ваша піяр-кампанія»

Сёлета Дар’я паступіла на магістарскую праграму ўніверсітэта ў Мальмё “Culture and Change — Critical Studies in the Humanities”. Два гады яна будзе вывучаць культуралогію ў розных ракурсах, пад прызмай гісторыі і сучаснасці, у тэорыі і на практыцы. Яна дэталёва падзялілася з adu.place, як падацца ў ВНУ і атрымаць стыпендыю на вучобу ад Шведскага інстытуту.

Дар’я. Фота: асабісты архіў гераіні

Мастацтва крымінальнага гораду 

Універсітэт у Мальмё — дастаткова новая шведская ВНУ на фоне такіх гігантаў адукацыі, як універсітэты ў Люндзе і Упсале. Яна месціцца ў трэцім па велічыні горадзе Швецыі, на самай мяжы з Даніяй. Гэта мігранцкі горад, які лічыцца дастаткова крымінальным: у пэўных раёнах тут нават можна нарвацца на перастрэлкі.

— Аднак разам з тым ён разнастайны, — усміхаецца Дар’я. — Ён багаты на культурніцкае і сацыяльнае жыццё, таму праграму я буду вывучаць прама на практыцы. Мой сябра з Венгрыі, які вучыцца ў Стакгольме, кажа, што Мальмё больш пасуе для культурніцкіх спецыяльнасцей, чым сталіца. Тут нават размешчаныя некалькі павільёнаў буйных кінакампаній. Праз тое, што ўнівер новы, ён усё яшчэ зацікаўлены будаваць рэпутацыю. Таму на праграмах, напрыклад, выкарыстоўваюць сучасныя матэрыялы і методыкі. 

Першае, што зрабіла Даша, калі вырашыла паступаць у Швецыю, — паглядзела спіс дасяжных праграмаў, на якія магчыма атрымаць стыпендыю ад Шведскага інстытуту. Калі дзяўчына выбрала для сябе тры найбольш цікавыя ўніверы, то з’ездзіла ў два з іх, каб на свае вочы пабачыць кампусы і паразмаўляць з тымі, хто ўжо навучаецца там.

Фотаздымкі з універсітэту, дзе навучаецца Дар’я. Крыніца: асабісты архіў гераіні

— Я вельмі раю зрабіць такі экскурс, калі ёсць магчымасць, — кажа яна. — Пагутарыўшы з людзьмі ў Люндзе і Мальмё, я зразумела, што трэцяя праграма ва Ўпсале мне зусім не пасуе: яна, як і большасць гуманітарнай адукацыі ў Швецыі, даволі тэарэтычная, а мне хацелася больш практыкі.

Таму ў выніку я спынілася на Мальмё. Там, напрыклад, некаторыя іспыты прымаюць у форме перфоманса альбо відэа. Калі няма магчымасці паглядзець на месцы, пастарайцеся хаця б знайсці праз суполкі ў сацсетках студэнтаў ці студэнтак праграмаў, каб абмеркаваць з імі пытанні пра вучобу. 

Як падаваца на вучобу

У Швецыі ёсць адзіны інтэрнэт-партал, праз які трэба падавацца амаль ва ўсе ўніверсітэты. Усё пабудавана на сістэме дэдлайнаў: для кожнай праграмы пакрокава распісаныя дзеянні, якія трэба зрабіць да той ці іншай даты.

Спачатку трэба проста падацца максімум у чатыры ўніверсітэты, расставіўшы іх у прыярытэтным парадку. Гэта вельмі важна: у Швецыі ты не можаш паступіць адразу на некалькі праграмаў, а потым выбраць. Калі цябе бярэ першы ўнівер з твайго спісу, астатнія цябе нават не разглядаюць.


Чытай іншыя гісторыі беларусаў і беларусак:


Наступны дэдлайн — аплаціць выдатак за падачу дакументаў. Гэта абыдзецца прыкладна ў 900 шведскіх кронаў (каля 83 даляраў). Потым табе будзе патрэбна падгрузіць у сістэму неабходныя дакументы. Акрамя стандартнага набору для ўсіх універсітэтаў — пасведчання аб папярэдняй адукацыі, вынікаў моўных іспытаў і пашпарту, — для кожнай праграмы існуюць свае патрабаванні.

— Хтосьці можа не папрасіць нічога і проста выбраць цябе па ацэнках у дыпломе, — кажа Дар’я. — А хтосьці будзе патрабаваць матывацыю, тэматычнае эсэ ці нейкае творчае заданне ці тэсты. На адну з маіх праграмаў патрэбна было дадаваць матывацыю. Калі пішаце яе, звяртайце ўвагу на фармат. Калі там патрабуецца ліміт у тысячу словаў, не трэба пісаць 1 002: лічыце, гэта ваш першы тэст на ўважлівасць.

Таксама важна добра прачытаць запыт: неабавязкова матывацыя будзе канкрэтна так сфармуляваная. Гэта могуць быць пытанні кшталту «Чаму вы хаціце навучацца ў нас? Ці маглі б вы падумаць у дзяцінстве, што вы маглі б вучыцца на такой праграме?» Трэба ўмець распазнаць яе. 

Універсальная парада па матывацыі — максімальна прасоўваць сябе праз яе. Лічыце, гэта вашая піяр-кампанія. Але аб’ём абмежаваны, таму кожны сказ, кожнае слова мусяць падмацоўваць вашую крутасць. Варта пісаць пра свой прафесійны, навуковы ці актывісцкі досвед, унікальныя абставіны жыцця. Не ліце ваду пра важнасць вышэйшай адукацыі ў свеце: вы паказваеце гэта ўжо самім актам падачы ва ўнівер. 

Фотаздымкі з універсітэту, дзе навучаецца Дар’я. Крыніца: асабісты архіў гераіні

Што па стыпендыі

Праз 3-3,5 месяцы прыходзіць адказ аб (не) залічэнні, аднак яшчэ да гэтага трэба пачынаць падавацца на стыпендыю, калі хочаш яе атрымаць. Ёсць частка дакументаў, якія можна падрыхтаваць загадзя, але поўны пакет неабходных дакументаў Swedish Institute выкідвае прыкладна за месяц да дэдлайну. Таму як толькі пабачыш аб’яву — стартуй. Шмат што са спісу завязана не толькі на табе, таму трэба закладаць час на тое, што людзі на нешта забудуцца, дашлюць не тое і гэтак далей. 

Для падачы на стыпендыю трэба запоўніць разгорнутую анлайн-анкету, дзе будуць патрэбныя звесткі пра працу, матывацыя атрымаць аплату на навучанне, два рэкамендацыйныя лісты, пацверджанне пэўнай колькасці адпрацаваных гадзінаў не больш чым з трох месцаў працы. Важна памятаць, што стыпендыяльная праграма Шведскага інстытута шукае грамадска-актыўных людзей, таму важна падкрэсліць свой лідарскі досвед, калі ён у цябе ёсць. 

— Для рэкамендацыйных лістоў трэба вельмі добра выбіраць людзей, якія напішуць вам іх, — кажа Дар’я. — Там ёсць пералік пытанняў-падказак, але пажадана знайсці таго, хто ўжо знаёмы з напісаннем такога кшталту рэчаў. Бо гэта пэўны стыль: тут таксама трэба не ліць ваду, а кожным сказам падмацоўваць, як чалавеку пашанцавала працаваць, валанцёрыць ці займацца актывізмам разам з вамі. Каб ім прасцей зразумець, што ад іх патрабуецца, апішыце праграму, на якую падаецеся: на кожнай з ёй свой фокус, ды і апісваць вашую крутасць можна з розных бакоў. 

Вядома, ёсць абітурыенты і абітурыенткі, якія самі пішуць сабе рэкамендацыйныя лісты, але я б не раіла так рабіць. Па-першае, аднолькавы стыль заўважны. Па-другое, гэта сапраўды добрая магчымасць адзначыць нешта пра цябе з іншага боку, які ты, магчыма, і не заўважыш. 

Фотаздымкі з універсітэту, дзе навучаецца Дар’я. Крыніца: асабісты архіў гераіні

Усе дакументы, якія ты бярэш у трэціх суб’ектаў, мусяць быць зацверджаныя іх пячаткамі. Калі з нейкіх прычынаў гэта немагчыма, паспрабуй дастаць пячатку хаця б нейкага аб’яднання, у якое ўваходзіць ці некалі ўваходзіла твая арганізацыя. Калі ты падрыхтуеш усе матывацыйныя і рэкамендацыйныя лісты, варта дамовіцца з тым, хто зможа іх вычытаць. Добра, калі гэта будзе двайная вычытка: калі б хтосьці са станоўчым досведам падачы на навучанне мог узмацніць змест, а англамоўны спікер — мову.

— Пашанцуе, калі гэта будзе адзін чалавек, — усміхаецца Дар’я. — Але ў любым выпадку не трэба саромецца прасіць дапамогі. Для мяне гэта выглядае таксама як запыт на салідарнасць: варта дапамагаць іншым, бо чым болей беларусаў і беларусак будуць удзельнічаць у крутых праграмах, тым больш мы ўсе ад гэтага выйграем.  

Дар’я атрымала стыпендыю Шведскага інстытута, якая пакрывае кошт навучання, дарогу, страхоўку, а таксама выплачвае штомесячную стыпендыю — 11 тысяч кронаў. Гэтага хапае, каб аплочваць інтэрнат і харчавацца, хаця для дадатковых выдаткаў ужо патрэбная падпрацоўка.

Таксама дзяўчына атрымала стыпендыю ад універа, але яна, як амаль усе ўніверскія стыпендыі ў Швецыі, пакрывае максімум 90% ад кошту навучання. І паколькі па правілах краіны мець больш за адну стыпендыю нельга, беларуска аддала перавагу больш грунтоўнай. 

Што далей

Пакуль Дар’я закрывае ўсе справы перад вучобай, а 18 жніўня едзе ў кампус у Мальмё. Навучанне ў Швецыі фармальна стартуе з верасня, але па факце прывязанае да панядзелкаў, таму пачнецца 28 жніўня.

На першыя дзесяць дзён універсітэт падрыхтаваў мерапрыемствы для новых студэнтаў і студэнтак, якія спросцяць ім жыццё напачатку. Гэта будуць як туры па горадзе і кампусе, так і абмеркаванні практычных рэчаў кшталту адкрыцця банкаўскага рахунку. На вакзале ўсіх будуць сустракаць дзяжурныя, адтуль да кампуса будуць курсаваць студэнцкія аўтобусікі. 

— Вядома, я з нецярпеннем чакаю гэтага часу, — кажа Дар’я. — Мяне пакуль цікавяць нават самыя базавыя курсы кшталту акадэмічнага пісьма, таму што ў нас такому добра не вучаць. Таксама вельмі цікава будзе павучыцца этыцы сённяшнягя дня з культурна-сацыяльнага погляду. У апісанні гэтага курсу былі пытанні, як упісваць штучны інтэлект у сённяшнюю культуру: напрыклад, ці мусім мы выказваць яму эмпатыю? Таксама вельмі чакаю сустрэчы з мясцовымі прадстаўнікамі і прадстаўніцамі арт-індустрыі. 

Калі вы будзеце падавацца на любую праграму, абавязкова прыйдуць ваганні і сумневы кшталту «Мо, я наогул сюды не пасую? Мо, шукаюць не мяне?» Самакрытычнасць — гэта добрая і каштоўная рэч, калі мы кажам пра фармальныя крытэры пасавання: узросту, адукацыі. Але што датычыцца soft skills, калі ўключыцца «А можа не трэба?», трэба спрабаваць!

Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.


Ліка Юр’ева