Пабудаваць кар’еру ў светавой навуцы. Раскажам, з чаго пачаць!

Аляксею Качановічу – 40 гадоў. Амаль 15 з іх ён займаецца навукай: чатыры гады вучыўся на бакалаўрыяце, два – у магістратуры, пасля магістратуры — два гады працы undergraduate researcher, тры з паловай – у дактарантуры і ўжо тры гады працуе на постдоку. Мужчына падзяліўся з adu.place сваёй гісторыяй, а таксама параіў беларусам і беларускам, як слушна пачынаць навуковую кар’еру.

Аляксей Качановіч. Фота: асабісты архіў героя

— У Беларусі людзі ў большасці не маюць кантакту з сусветнай навукай. Напрыклад, я вучыўся з хлопцам, які цяпер працуе даследчыкам, але ніколі не чуў пра галоўныя крыніцы навуковай інфармацыі: парталы прэпрінтаў. Ён распавядаў, што яны займаюцца рэчамі, якія ў свеце даследавалі 30 гадоў таму і адкінулі як безперспектыўныя. Таму я б раіў людзям, якія хочуць будаваць навуковую кар’еру, вучыцца гэтаму замяжой. 

Сусветная мова навукі — ангельская, таму першасна я б раіў вучыць яе на максімальна магчымым узроўні. Вядома, калі гаворка ішла б пра філалогію ці філасофію, яе хутчэй вывучаюць на мове той краіны, куды ты едзеш. 



“Выдаткоўваў дзесяць гадзін у дзень на вучобу”

— На бакалаўрыят замяжу паступіць складаней, чым на наступныя ступені адукацыі, таму што не ўсе ўніверсітэты замяжой прымаюць нашу сярэднюю адукацыю. Але галоўная праблема палягае ў тым, што вельмі цяжка знайсці стыпендыю на першую ступень адукацыі —  бакалаўрыят. Я пачынаў вучыцца ў БДУ, працягнуў адукацыю ў Польшчы.

Варта адзначыць, што польская навуковая мова складаная, бо выкарыстоўвае ўласныя тэрміны — асабліва што датычыцца навукі, створанай у ХІХ стагоддзі, — таму там без ведання польскай мовы не так проста. Уроцлаўскі ўніверсітэт, дзе я навучаўся, мае адносна высокі ўзровень. Дарэчы, ці добры заклад адукацыі, можна зразумець па выкладчыках і назвах лекцый, якія там ладзяцца. 

Але мне было гэтага мала, і, пачаўшы вучыцца там у магістратуры, я хутка пераехаў па абмену ў Мюнхен ва ўніверсітэт Людвіка Максіміліяна (LMU). Я паехаў туды, каб займацца фізікай элементарных часцінак, і першы час выдатковаў па дзесяць гадзін на дзень, каб разумець, што адбываецца на лекцыях і быць на адным узроўні з астатнімі.

Інтэрнат у Мюнхене. Фота: асабісты архіў героя

Там быў студэнт, які цягам лекцыі рашаў тыя задачкі, на якія ў мяне сыходзіла ўся субота. Я неяк пажартаваў адной сяброўцы, што ў Менску, каб здаць іспыты, дастаткова было вучыцца два тыдні. У Польшчы можна было першы месяц не вучыцца, але пасля трэба было кожны дзень працаваць, толькі так магчыма было здаць іспыты.

У Мюнхене мне здавалася, каб здаць іспыты, трэба было пачаць вучыцца перад пачаткам семестру. Яна не успрыняла гэта як жарт і адказала, што тут так людзі сапраўды і робяць. Таму цяжка распавесці, якое задавальненне я атрымаў праз тое, што ў мяне атрымалася там ня толькі адвучыцца але і паздаваць усе патрэбныя іспыты.

Як на магістратуру, так і на дактарантуру ў Нямеччыне можна шукаць стыпендыі. Можна рабіць гэта самастойна: напрыклад, фонд DAAD, які і сам дае фінансаванне на добрых умовах, сабраў інфармацыю пра ўсе нямецкія стыпендыі ў сябе на партале. Іх можна шукаць па розных крытэрах: тэмах, краінах мэтавай групы, праграмах.

Аднак таксама добры выхад – спачатку знайсці навуковага кіраўніка. Калі для магістратуры такі варыянт хутчэй апцыянальны, то знайсці дактарат без гэтага значна складаней. Яшчэ адзін аргумент, чаму гэта варта зрабіць: у Нямечынне часта ў некаторыя фонды нельга падацца самастойна – толькі праз навуковых кіраўнікоў.

Як пісаць запыт кіраўніку

— Першыя мае лісты былі не занадта паспяховыя, бо я не ведаў, як іх рабіць. А між іншым, тут патрэбная пэўная структура, добра прапісаная матывацыя. У сеціве можна знайсці шмат мануалаў – іх варта вывучыць перад падачай, бо абітурыенты з постсавецкай прасторы не ўмеюць пісаць такія рэчы. 

Таму першы крок – знайсці сабе кіраўніка і напісаць яму ліст, у якім абгрунтаваць, чаму цябе важна ўзяць. Варта шукаць чалавека з універсітэтаў, які займаецца цікавай табе тэмай. Калі ў цябе атрымаецца ўпэўніць яго, што ты варты студэнт, то ён дапаможа і са стыпендыяй. 

Калі каротка, спачатку трэба прадставіцца і патлумачыць, чаму ты пішаш. Потым паказаць, што ты разумееш, каму пішаш: не проста пералічыць, чым яны займаюцца, а напрыклад, распавесці гісторыю. Маўляў, табе падабаецца рабіць вось такія рэчы і ты ведаеш, што імі займаецца гэты чалавек, бо ты чытаў вось гэты артыкул і хочаш далучыцца да даследавання ў пэўным кірунку. Гэта ўспрымаецца больш сур’ёзна, чым калі ты пішаш “вазьміце мяне”.

Пасля варта абгрунтаваць, чаму ты лічаш, што дасі рады працы – распавесці пра свой бэкграўнд. Напрыклад, мой кіраўнік на PhD сказаў, што ўзяў мяне толькі праз тое, што я закончыў магістратуру ў Мюнхене: ён сам там вучыўся і ведае, як гэта складана. Але добрыя матывацыя – гэта мастацтва, ніхто асабліва не дзеліцца сакрэтамі майстэрства.

Да таго ж, гэта заўсёды суб’ектыўна і залежыць, каму ты пішаш. Я гутарыў з рознымі людзьмі, якія чытаюць матывацыі на постдокі. Некаторыя кажуць, што чытаюць да першай памылкі, таму важна пісаць матывацыю граматна. Тады на цябе будуць глядзець як на перспектыўнага навукоўца. На дактарат для некаторых таксама важныя добрыя адзнакі, асабліва, калі няма навуковых артыкулаў. Асобна можна апісаць свой фінансавы план – ці маеш грошы на стыпендыю, ці патрэбна пашукаць. Але гэта можна абмеркаваць ужо ў наступных лістах.


Сайты, якія дапамогуць:


PhD у Карслруі 

— Менавіта так я знайшоў сабе кіраўніка на дактарантуру PhD (аналаг беларускай кандыдатскай – аспірантуры) у Karlsruher Institut für Technologie (KIT). У першы год ніводны фонд з тых, куды я падаваў на стыпендыю, яе не запрапанавалі, але ў 2016 годзе я атрымаў пакрыццё ўсяго даследавання ад DAAD і ўжо ў 2017 паехаў вучыцца ў Карлсруі.

Варта адзначыць, што ў Нямеччыне не ўсе  фонды, якія могуць прафінансаваць даследванні, дазваляюць падавацца зноў пасля адмовы. Зноў жа, самае галоўнае – добрая матывацыя. Рэкамендацыйныя лісты яны прымаюць толькі ад тых навукоўцаў, якія ўжо склаліся. Прачытаць, што пра цябе думае той, хто цябе рэкамэндуе, — немагчыма, бо гэтыя лісты далучаюцца асобна.

Таксама я б раіў публікаваць навуковыя артыкулы ў часопісах, асабліва міжнародных – яны могуць нават перакрыць дрэнныя адзнакі.   

Абарона PhD. Фота: асабісты архіў героя

Я адвучыўся ў Карлсруі тры з паловай гады – пісаў дысертацыю па элементарных часцінках. Пяць дзён зраніцы да вечара я прысвячаў навуцы. Агулам працэс адбываецца па-рознаму: у некаторых сустрэчы з кіраўнікамі адбываюцца раз на тыдзень. Але мой кіраўнік не выказваў шмат ініцыятывы, мне даводзілася самому заахвочваць яго да дзеянняў. Праз гэта я згубіў шмат матывацыі, але мая сітуацыя – хутчэй выключэнне.

Галоўнай маёй матывацыя была цікавасць да таго як створаны Сусвет. Каб працягваць пазнаваць яго далей, мне трэба было абавязкова скончыць PhD — гэта мяне і ўратавала. У Нямеччыне на тэхнічных дысцыплінах на PhD лекцыі не прадугледжаны, але я наведваў некаторыя для асабістага развіцця. На выходных адчуваў сябе ўжо больш вольна, падарожнічаў і вучыў нямецкую. 

Акром гэтага, ў Нямеччыне можна сімвалічна падпрацоўваць падчас такой вучобы прама ва ўніверсітэтах дапамагаючы з практычнымі, лабараторнымі заняткамі, ці проста працуючы секратаром. За гэта плоцяць грошы, якія ўваходзяць у ліміт заробкаў, якія не падпадаюць пад падаткі – у мой час гэта было да 450 еўра. 

Фота: асабісты архіў героя

Што такое постдок?

– Атрымаўшы PhD, я стаў шукаць, дзе працягнуць навуковую кар’еру далей, і стаў падавацца на постдок. Гэта ўжо не вучоба, а праца ва ўніверсітэце і навуковай установе. Гэта прамежкавы этап паміж вучобай і выкладаннем ва ўніверсітэце: каб атрымаць пасаду, трэба папрацаваць на такіх праграмах гадоў з дзесяць. Усе пазіцыі разлічаныя ад года да трох ці ад пяці да сямі, але другія атрымлівае не так шмат людзей. Звычайна пасля трох постдокаў па тры гады людзі падаюцца на прафесуру: гэта сталая пазіцыя да пенсіі. 

Першы постдок складана атрымаць, бо ўсе хочуць знайсці людзей з досведам, а яго не так шмат пасля PhD. Шукаюць працу постдока на спецыяльных сайтах, часта — па інфармацыі ад калегаў. Я падаваў амаль па ўсяму свету і атрымаў прапазіцыі ў Харватыі і Чылі. Спыніўся на Загрэбе ў інстытуце Ruđer Bošković, які мае такі самы статус, як у Беларусі – Акадэмія навук .

Аляксей Качановіч. Фота: асабісты архіў героя

У мяне няма студэнтаў, я займаюся толькі навуковай дзейнасцю . Мы думаем, як мадыфікаваць пэўныя тэорыі, пралічваем тыя ці іншыя сцэнары, спрабуем вытлумачыць рэчы, якія не тлумачацца ў межах агульнапрызнанай тэорыі – Стандартнай Мадэлі. Фізіка мае пытанні, на якія няма адказу, і я спрабую растлумачыць з’явы, якія мы бачым, але якія не апісаныя агульнапрызнанай тэорыяй – напрыклад, цёмную матэрыю альбо асіметрыя матэрыі і антыматэрыі. Я лічу, сэнсам жыцця для мяне было б спрычыніцца да адказу на любое з гэтых фундаментальных пытанняў.

Фота: асабісты архіў героя

Пасля двух гадоў у Загрэбе я еду ў Бельгію ва Université libre de Bruxelles (ULB), дзе ў маёй групе там працуе амаль 90-гадовы нобелеўскі лаўрэат Франсуа Энглер, які атрымаў прэмію разам з Пітэрам Хігсам за базон Хігса у 2013 годзе. 

Пяць парадаў ад Аляксея, як пабудаваць навуковую кар’еру:

  1. Ехаць вучыцца замяжу як магчыма хутчэй.
  2. Зразумець, ці сапраўды хочаш гэтым займацца. Калі нават нешта не падабаецца, лепш не губляць час.
  3. Займацца самаадукацыяй: чытаць кнігі, артыкулы – не толькі тое, што даюць.
  4. Быць актыўным, шукаць лепшыя месцы і праекты.
  5. Знаёміцца і камунікаваць з людзьмі з навуковага асяроддзя, неабавязкова абмяжоўвацца толькі людзьмі са сваёй тэмы.

Ты таксама хочаш падзяліцца сваёй гісторыяй? Смела пішы нам у Telegram-бот.


Ліка Юр’ева