Стыпендыяльная падтрымка — важная ўмова для адукацыі за мяжой. Часам кошты могуць даходзіць да дзясяткаў тысячаў еўра за семестр.
Chevening — адна з найвядомейшых праграм, якая пакрывае аплату за навучанне і дае грошы “на жыццё”. На нядаўняй сустрэчы мы пагутарылі з выпускніцамі і выпускнікамі праграмы, а цяпер распавядаем, што важнае там пачулі.
Што такое Chevening
Па праграме нельга выязджаць з краіны больш, чым на месяц, на працягу ўсяго года навучання. Адначасова важная ўмова праграмы — гэта часовае знаходжанне ў Вялікабрытаніі. Разумеецца, што па заканчэнні навучання студэнткі і студэнты вяртаюцца ў сваю краіну пражывання. Але не значыць, што гэта абавязкова Беларусь: калі і да праграмы ты жыў ці жыла ў іншай краіне, то вярнуцца можна і туды.
Па-сутнасці, гэтая забарона значыць, што ты не можаш адразу атрымаць працоўную брытанскую візу — трэба пачакаць як мінімум два гады, інакш прыйдзецца вяртаць усе грошы, выдаткаваныя праграмай на цябе. Chevening можа даваць выключныя дазволы заставацца ў краіне, але гэта вырашаецца з асабістага запыту і асабістай сітуацыі.
Паступленне
Працэс падачы на праграму транспарэнтны, і ўсе дакументы, патрабаванні і таймлайны пазначаны на сайце (спіс можа мяняцца). Амбасада Вялікабрытаніі ў Беларусі часта ладзіць інфасэсіі, дзе можна задаць пытанні і даведацца больш пра ўсе працэсы.
Паступленне ва ўніверсітэты і падача на стыпендыю, як правіла, паралельныя працэсы, і займацца імі трэба адначасова. Вялікі плюс — гэта паўзучыя дэдлайны ў шматлікіх універсітэтах.
Сапраўды, на этапе падачы трэба абраць, куды ты хочаш паступаць, але гэта не значыць, што ўжо трэба мець пацвярджэнне ад універсітэта. Можна атрымаць unconditional offer (гэта калі месца ўжо тваё, але ёсць магчымасць уладзіць дакументы, сертыфікаты, атрымаць стыпендыю і г.д.) і з ім падавацца на Chevening — для праграмы гэта значыць, што для дасягнення тваёй мары не хапае толькі іх падтрымкі.
Агулам збіраць дакументы трэба пачынаць чым раней, тым лепей. Для заяўкі і ва ўніверсітэт, і на стыпендыю спатрэбіцца дыплом бакалаўра. Яго трэба перакласці і натарыяльна заверыць (часам можна абысціся без апастылю).
У розных універсітэтах могуць быць розныя дадатковыя патрабаванні (партфоліа, уводныя эсэ) — пра гэта трэба даведацца і рыхтавацца. Запампоўваць дакументы таксама не трэба ў апошні момант. Сайт закрые заяўку, і прыйдзецца чакаць наступнага тэрміну падачы.
На стыпендыю можна падавацца ў любым узросце, і наяўнасць адной магістратуры — не перашкода. Прэстыж папярэдняга ВНУ таксама няважны: універсітэты хочуць бачыць здольных і прагных да ведаў — гэта асноўны крытэр адбору.
Не бойся падавацца ва ўніверсітэты, якія падаюцца цяжкімі — проста паспрабуй. У Вялікабрытаніі няма абмежаванняў па колькасці заявак — можна падацца хоць ва ўсе ўніверсітэты краіны.
Сумоўе
Інтэрв’ю звычайна праходзяць анлайн у канцы марта – красавіку. Яго праводзяць тры чалавекі: стыпендыят ці стыпендыятка мінулых гадоў, прадстаўнік ці прадстаўніца галоўнага офіса стыпендыі і прадстаўнік ці прадстаўніца амбасады Вялікабрытаніі. Звычайна яно ідзе да 30 хвілін, але ў некаторых выпадках можа зацягнуцца, калі інтэрв’юеры і інтэрв’юеркі вельмі зацікаўлены ў тваіх будучых планах.
Інтэрв’ю будуецца на эсэ. Для праграмы важна, каб ты быў ці была “цэлым” чалавекам, разумеў ці разумела, хто ты, чаго хочаш у будучыні і ад вучобы ў магістратуры. Патрэбна бачанне, навошта ты туды едзеш і што гэта табе дасць.
Chevening — для будучых лідарак і лідараў, якія імкнуцца штосьці змяніць у свеце, Беларусі, мясцовай суполцы, і могуць атрымаць неабходныя веды толькі ў Вялікабрытаніі. Планы можна падзяліць на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновыя і пачаць з таго, што ты планіруеш зрабіць ужо знаходзячыся ў краіне.
Некалькі парадаў, як падрыхтавацца да сумоўя:
- саставіць спіс пытанняў і прыдумаць, што на іх адказваць
- перачытаць сваё эсэ
- праглядзець сайт праграмы — там можна знайсці шмат падказак
Важна наладзіцца і не хвалявацца. Адсачыць змены і распавесці, калі нешта важнае адбылося за гэты час. Chevening — гэта пра кам’юніці і сувязі, і падчас інтэрв’ю таксама пытаюцца пра твае кантакты і нэтворкі.
Вось яшчэ некалькі пытанняў, з якімі з высокай верагоднасцю можна сутыкнуцца:
- “What is your vision?” — гэта пра глабальную ідэю, чаго хочаш дасягнуць, якая мэта ў жыцці, што хочаш зрабіць для кам’юніці
- “What is the difference between leadership and management?”
- “What are you planning to do once you are in the country?”
- “How will you deal with homesickness?”
- “Why are you choosing these universities and these programmes?” — ты можаш сказаць, што ва ўніверсітэце выкладае вядомая прафесарка ці вядомы прафесар, за якім ты сочыш, ці што ўніверсітэт першы ў рэйтынгу па тваёй праграме, альбо распавесці пра прыгожую і асаблівую мясцовасць горада, дзе месціцца кампус.
Інтэрв’юеры і інтэрв’юеркі з першых хвілін ведаюць, ці ты ім падыходзіш. Яны глядзяць, як ты пачынаеш размову з імі, ці ўпэўнены і ўпэўнена ў сабе.
Не бойся адмоў! Можна атрымаць пазітыўны адказ і на пяты раз, можна атрымаць адмову, бо ты ўжо вельмі круты і крутая і стыпендыя не дасць нічога новага.
Досвед
Яшчэ адна ўмова праграмы — гэта досвед. Але не толькі працоўны! У неабходныя 2800 гадзін уваходзіць усё — актывізм, валанцёрства, праца. Раім выпісаць увесь досвед і вызначыцца, ці ён з’яўляецца лідарскім (нагадваем, праграма разлічана на будучых лідарак і лідараў).
Тут лепей усё ж не хлусіць, бо гэта бачна. Хоць пазначаную працу і не правяраюць мэтанакіравана, ускосна яна пацвярджаецца праз рэкамендацыйныя лісты, дзе ёсць апісанне таго, чым ты займалася ці займаўся.
Лайфхак: там можна пазначыць тое, што не ўмяшчаецца ў эсэ, але, вядома, звязанае з арганізацыяй, якая гэтыя лісты пішуць.
Універсітэты, у якія пры падачы трэба далучыць рэкамендацыйныя лісты, могуць звязацца непасрэдна з пазначанымі людзьмі, каб менавіта яны даслалі дакументы — пра гэта варта папярэдзіць тваіх вучэбных ці працоўных кантактных асобаў.
Мова
Стыпендыя не пакрывае моўны тэст. Звычайна патрабуецца IELTS, але розныя ўніверсітэты могуць прымаць і іншыя сертыфікаты — гэта лепей спраўдзіць непасрэдна на сайтах. Часам можна проста дадаць пацвярджэнне, што навучанне было шчыльна звязанае з англійскай мовай, але гэтую магчымасць таксама варта правяраць асобна.
Для розных універсітэтаў патрэбны розны бал, таму паступаць можна з розным узроўнем валодання, але ўсё ж лепей пракачацца да ўзроўню В2–В2+ — так падчас навучання не ўзнікне моцны моўны бар’ер.
Спецыяльнасць
Праграма падтрымлівае вялікую колькасць універсітэтаў і спецыяльнасцяў — заўсёды ёсць з чаго абраць. На сайце стыпендыі ёсць вялізны пералік курсаў, па якіх усталяваныя дамоўленасці.
Падаваць заяўкі ва ўніверсітэты трэба як мага раней. Часам прыходзіцца чакаць адказы вельмі доўга, альбо ты можаш перадумаць — і прыйдзецца праходзіць працэс зноўку, а гэта патрабуе час.
Брытанская навучальная праграма даволі гнуткая, таму спецыяльнасць, пазначаная ў бакалаўрскім дыпломе — не прысуд. Вядома, могуць узнікнуць цяжкасці з вузкаспецыялізаванымі напрамкамі, але тое, што важна больш за ўсё — прафесійны і працоўны досвед. Таксама варта глядзець патрабаванні саміх універсітэтаў: там могуць быць прапісаныя пажаданыя напрамкі папярэдняй адукацыі.
Змяніць напрамак магчыма нават падчас інтэрв’ю: трэба паведаміць, што ты падаешся ў іншыя ўніверсітэты, і гэта пазначаць у сістэме.
Не бойся пісаць ва ўніверсітэт! У Вялікабрытаніі вельмі моцная культура імэйл-ліставання, таму можна звяртацца з рознымі пытаннямі і запытамі — гэта цалкам нармальна.
Жыццё ў Вялікабрытаніі
Кошты ў Лондане і астатняй краіне значна адрозніваюцца. Настолькі, што стыпендыя для студэнтаў і студэнтак лонданскіх універсітэтаў большая за астатніх. Можна сэканоміць і жыць у інтэрнаце, але і туды вялізны конкурс. Каб схітраваць, падавайся раней за атрыманне оффера — у маі, напрыклад, можна забраніраваць пакой за вельмі маленькія грошы.
Класны варыянт для студэнтаў і студэнтак — карыстацца праграмамі накшталт Too Good To Go, дзе нераспраданую ежу ці з хуткім тэрмінам прыдатнасці аддаюць з вялікімі зніжкамі.
Можна працаваць падчас навучання, але трэба прытрымлівацца абмежаванняў вучэбнага віду на жыхарства — як правіла, дазволены толькі 20 гадзін на тыдзень. Падчас канікул абмежаванняў няма.
Стыпендыяльная падтрымка цягнецца ўвесь год, а не толькі акадэмічны. Яна пакрывае страхоўку, таму пра гэта хвалявацца не трэба. Таксама аплачваюцца квіткі на самалёт, але калі здараюцца неспадзяваныя рэчы і ты не трапляеш на самалёт, новыя квіткі трэба набываць самастойна (грошы за іх вяртаюць праз некаторы час).
Сярод нечаканых выдаткаў — нятанны тэст на сухоты, які можна прайсці толькі ў адным месцы ў Мінску і які з’яўляецца абавязковым для заяўнікаў і заяўніц на візу з Беларусі.
Важна: перабары свой сіндром самазванца і самазванкі і рэальна ацані ўсё, чым займаешся цяпер і хочаш займацца ў будучыні. Гэта не час быць сціплай ці сціплым. Павер, ты варты і вартая стыпендыі!